Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прафсаюзы: удасканаліць кантрактную гільятыну немагчыма


У часе сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанідам Козікам прагучала абяцаньне ўвесьці доўгатэрміновыя ці бестэрміновыя кантракты для найманых работнікаў. Такая мера прапануецца як заахвочваньне “за добрасумленную працу і актыўны ўдзел у жыцьці калектыву”. Як да магчымай рэвізіі кантрактнай сыстэмы ставяцца лідэры прафсаюзнага руху?

Лідэр галоўнай дзяржаўнай прафсаюзнай арганізацыі Леанід Козік не сумняваецца ў неабходнасьці захаваньня кантрактнай сыстэмы і дапускае толькі яе касмэтычныя карэктывы. Па яго словах, цяпер у Беларусі блізу 30% кантрактаў заключаюцца на трохгадовы тэрмін, 35% — да пяці гадоў, астатнія кантракты — так званыя кароткатэрміновыя:

Леанід Козік
“Такая форма існуе ва ўсім сьвеце. Мы ў свой час унесьлі прапанову, каб кантракт з пэнсіянэрамі быў падпісаны ня менш, чым за 3 гады да іх выхаду на пэнсію. Але кіраўнік краіны сказаў: а чаму вы не ідзяце далей? Трэба глядзець, каб там, дзе чалавек працуе добрасумленна, не парушае вытворчай, працоўнай дысцыпліны, актыўна ўдзельнічае ў жыцьці калектыву, стараецца нешта зрабіць, то ў такім выпадку трэба яму самому даваць выбар: ці працаваць на кантракце надалей, ці перайсьці на бестэрміновую працоўную дамову. Мы гэта з энтузіязмам успрынялі. Канечне, гэта рашэньне будзе на карысьць заахвочваньня для годнай працы”.

Адзін зь лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандар Бухвостаў падобныя ініцыятывы ўлады называе ганебнымі.Ён перакананы, што і цяпер працоўныя намёртва прывязаныя кантрактамі да сваіх месцаў і рызыкуюць быць звольненымі за любую правіннасьць. А бестэрміновы кантракт увогуле робіць з людзей нявольнікаў:

Аляксандар Бухвостаў
“Калі яны абмяркоўваюць пытаньне кантрактнай сыстэмы, рашэньне можа быць толькі адно: яе трэба скасоўваць як ганебную сыстэму, якая прыніжае чалавечую годнасьць. А тое, што яны хочуць зрабіць, выглядае прыблізна так: калі ты цалкам стаў нявольнікам, то бок, паводзіў сябе добра, слухаўся гаспадара, ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях, ня ўступаў у незалежныя прафсаюзы, ні з кім ня меў непажаданых кантактаў, а толькі працаваў; як загнанага каня цябе на вытворчасьці ганялі, прымушалі працаваць у самых прыніжальных умовах — вось тады мы працягнем твой кантракт і перавядзём на пастаянную працу. Іншымі словамі, ты станеш пастаянным рабом. А так, мы цябе яшчэ трымаем, бо заўсёды можам ад цябе пазбавіцца. Ярмо, якое павесілі на шыю працоўнаму, застаецца. Яно засталося такім жа ганебным, як і было. Таму тое, што яны там гавораць, — усё чысьцейшай вады дэмагогія”.

Ці будуць заахвочвацца працоўныя за актыўны ўдзел у жыцьці незалежных прафсаюзаў? Вось меркаваньне на гэты конт кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука:

Аляксандар Ярашук
“Гэта якраз той выпадак, калі аніякіх шанцаў няма, каб зь ім падоўжылі кантракт. На маю думку, тое, што зараз адбываецца, — гэта нават горш, чым было да гэтага часу. Калі раней яны маглі матываваць, што, маўляў, кароткатэрміновыя кантракты тычацца ўсіх працоўных, нават тых, характар працы ў якіх пастаянны, то што казаць пра токара ці прыбіральшчыцу, якая прыходзіць на пэўны час? Адной кажуць: мы з табой доўжым кантракт, а іншай — не. Гэта поўны суб’ектывізм і яскрава палітычная акцыя, якая скіравана на тое, каб яшчэ больш маніпуляваць людзьмі. Спроба ўдасканаліць сыстэму кароткатэрміновых кантрактаў — тое ж самае, што спроба ўдасканаліць гільятыну, якая непаслухмяных карае, а паслухмяных мілуе. Прыгоннае права і гільятыну можна толькі адным чынам удасканаліць — цалкам адмяніць. Іншага быць проста ня можа”.

Старшыня Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч зьвяртае ўвагу на тое, што ў працэсе меркаванай рэвізіі афіцыйныя прафсаюзы апэлююць да міжнароднага досьведу. Аднак, на яго думку, нічога супольнага з замежнай практыкай беларускай кантрактная сыстэма ня мае:

Генадзь Фядыніч
“Гэта ўсё дэкарацыя, ня больш за тое. Як заявіў Козік, гэта нібыта нейкае заахвочваньне для чалавека, які будзе ўсё выконваць, будзе паслухмяным і г.д. Якое гэта мае дачыненьне да працоўных адносінаў? У гэтай сытуацыі магчыма толькі цалкам адмяніць дэкрэт №29. І ніякіх пасылаў да замежнага досьведу ня можа быць, бо за мяжой у кантрактах указана пагадзінная аплата, хто і колькі за якую працу атрымае. Але ні пра якія гадавыя кантракты там і размовы ня можа быць. Больш за тое, цяпер многія наймальнікі ў сувязі са складаным фінансавым становішчам пачнуць заключаць кантракты на 3 гады, і людзі, якія могуць знайсьці сабе лепшую працу, большы заробак, ня змогуць звольніцца. Таму, безумоўна, кантракт ёсьць і застаецца ўдаўкай для працоўнага чалавека. І ўсё, што Козік гаворыць напярэдадні ўсясьветнага дня Годнай працы, — ня больш як жаданьне выпусьціць пару і паказаць, што фэдэрацыя працуе і штосьці з гэтага атрымліваецца”.



Заўтра а 16.30 у менскім парку 50-годзьдзя Кастрычніка пад лёзунгам “За годную працу” незалежныя прафсаюзы правядуць дазволены сталічнымі ўладамі мітынг. Імпрэза прымеркаваная да ўсясьветнага Дня працы, абвешчанага зь ініцыятывы Міжнароднай фэдэрацыі прафсаюзаў.
XS
SM
MD
LG