Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да канца года можа быць названы новы замак Беларусі, дзе можа пачацца рэстаўрацыя. Сярод кандыдатаў тры замкі ў Гарадзенскай вобласьці: Гальшанскі (XVI—XVII ст.), Наваградзкі (X—XVIII) і Крэўскі (XIII—XIV). Аб гэтым на сустрэчы з журналістамі заявіў міністар культуры Павал Латушка.

Павал Латушка зазначыў, што гэта яшчэ давядзецца ўзгадняць з кіраўніцтвам Гарадзенскай вобласьці і Грамадзкім назіральным саветам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

Са словаў Спадара Латушкі, пакуль прыярытэт аддаецца замку ў Наваградку. Міністар таксама зазначыў, што з 2002 года ў Беларусі праводзіцца грашова-рэчавая лятарэя “Скарбніца”, сродкі ад якой плянуюць накіроўваць на рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры.

Згодна з інфармацыяй міністра, у 2010 годзе на рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры плянуецца выдаткаваць з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў звыш 50 мільярдаў рублёў.

Нагадаю, што зараз у сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў каля 4800 аб’ектаў па ўсёй Беларусі, якія патрабуюць рэстаўрацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG