Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маратон Беларускай Атлянтыды: Сялянская нацыя


Маратон “Атлянтыдаў”, якія прагучалі на хвалях Свабоды ў сэрыі “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Штодня ад аўторка да суботы адмысловыя знаўцы разгадваюць тайны найноўшай беларускай міталёгіі. Тэма сёньняшняга выпуску – “Сялянская нацыя”. Удзельнічае гісторык Захар Шыбека.


Паўтор ад 16 ліпеня 2009 году.


Нацыя — такі тып супольнасьці, які патрабуе разьвітай і шырока распаўсюджанай нацыянальнай сьвядомасьці. Калі этнас (народ) — гэта твор прыродны, то нацыя — твор грамадзкі, народжаны сацыяльнымі ўяўленьнямі.

Адным з шырока распаўсюджаных уяўленьняў пра беларусаў ёсьць тое, што яны зьяўляюцца сялянскай нацыяй. Тым самым падкрэсьліваецца незавершанасьць працэсу ўтварэньня нацыі.


Вячаслаў Ракіцкі: Што ўвогуле маецца на ўвазе, калі даецца такое вызначэньне — сялянская нацыя?

Захар Шыбека
Захар Шыбека
: Гэтае паняцьце можна разумець у трох аспэктах: сацыяльным, калі сяляне складаюць большасьць; культурна-інтэлектуальным, калі сялянская мэнтальнасьць і культурная традыцыя пераважаюць, і, нарэшце, у палітычным аспэкце, калі нацыянальны праект, або нацыянальная ідэя, падладжваецца пад сялянскую адметнасьць (інтарэсы, культуру, сьветабачаньне).

Ракіцкі: Калі ж склалася беларуская сялянская нацыя? Існуе меркаваньне, што сялянскай яна была спрадвеку. Гэта міт ці рэальнасьць?

Шыбека: Што тычыцца беларускага этнасу, які ўзьнік у ХІІІ стагодзьдзі, то ў сацыяльным пляне — гэта сапраўды так. Сяляне складалі ў ім абсалютную большасьць. Толькі ў гэтым нічога дрэннага няма. Такі ж сацыяльны склад мелі ўсе народы даіндустрыяльных грамадзтваў. Урэшце, усе нацыі — сялянскага паходжаньня. Як і іншыя сялянскія этнасы, беларускі этнас недзе з ХIV стагодзьдзя спарадзіў устойлівую сацыяльную разнастайнасьць: эліту грамадзтва (вядомых асьветнікаў, шляхту, купецтва, духавенства) і сярэднія пласты грамадзтва, ці трэцяе саслоўе (рамесьнікі, гандляры, разначынцы). Каля 10 адсоткаў насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім прыходзілася на шляхту. Беларускі этнас спарадзіў і элітарную культуру.
У культурным і мэнтальным пляне беларускі этнас у ВКЛ ня быў выключна сялянскім.
У культурным і мэнтальным пляне беларускі этнас у ВКЛ ня быў выключна сялянскім.

Ракіцкі: Некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, што пасьля самай крывавай для Беларусі вайны з Масковіяй у сярэдзіне ХVII стагодзьдзя беларускі этнас згубіў сваю эліту. Маўляў, аграрная арыстакратыя спаланізавалася, гарады сталі габрэйскімі, і толькі шырокім слаям сялянства было наканавана захоўваць беларускую традыцыю. Гэта так, ці не?

Шыбека: Мяркую, што — не. Беларускі этнас ня стаў ад таго ў далейшым сялянскім. Спаланізаваная шляхта заставалася этнічна беларускай. З сялянствам яе лучылі адна дзяржава, этнічная тэрыторыя. Ні іншая мова, ні іншая рэлігія не разбуралі этнас. У духоўным пляне і да ХVII стагодзьдзя, і пасьля яго эліта (пераважна буйная і сярэдняя шляхта) заставалася ізаляванай ад сялянства і толькі карысталася здабыткамі яго працы. Як і іншыя саслоўі, сялянства жыло адасобленым жыцьцём, у межах сваёй лякальнай традыцыі і лякальнай культуры. Да таго ж сярэдняя і дробная шляхта заставалася пераважна беларускамоўнай. Тут ня варта распаўсюджваць на этнас нацыянальную сьвядомасьць, характэрную для нацыі. На этапе нацыятворчасьці эліты звычайна вярталіся да сваіх этнічных каранёў. Беларускі этнас да пэрыяду ўступленьня яго ў фазу нацыятворчасьці падрывалі маскоўскі генацыд і маскоўска-расейскія захопы беларускіх этнічных тэрыторыяў, а не паланізацыя і акаталічваньне. Нават у пачатку ХХ стагодзьдзя, калі рэсурсы ідэалягічнага ўзьдзеяньня ўзрасьлі, польскія ўлады адмовіліся ўлучаць у адроджаную Польшчу ўвесь беларускі народ, бо пабаяліся, што ня змогуць паланізаваць яго, а таму падзяліліся беларускімі землямі з савецкай Расеяй.

Цалкам чытаць перадачу ТУТ.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG