Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняя кропка ў "малочнай вайне"


Аляксандар Лукашэнка сваім указам загадаў падпісаць пагадненьне аб стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ. КАМЭНТАР СВАБОДЫ.

Пра гэта паведаміў журналістам старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі, перадае БелТА.

"Палітычнае рашэньне пра падпісаньне гэтага пагадненьня, такім чынам, ужо прынятае", - сказаў спадар Гумінскі.

Паводле старшыні камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савета рэспублікі Ніна Мазай паведаміла, што правяла ўзгадненьне ўсіх дакумэнтаў па КСАР. Яна адзначыла:

"Мы па гэтых дакумэнтах пярэчаньняў ня маем”.


Камэнтар Свабоды: Як далей хадзіць кандыбобэрам перад Захадам?


Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся далучыць Беларусь да пагадненьня аб стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Інакш кажучы, беларускі прэзыдэнт паставіў кропку ў гэтак званай „малочнай вайне”.

Гэтую вайну Беларусь, безумоўна, прайграла. А Расея, безумоўна, выйграла яе ня тое што „малой крывёй”, але, так бы мовіць, „малым малаком”. Бо вайну выйграюць не тады, калі гучыць апошні стрэл у ёй, а тады, калі ставяць подпіс пад умовамі пасьляваеннага міру. Беларусь падпісалася пад паперай з таго боку, дзе подпіс ставіць капітулянт.

Мала хто з аналітыкаў прагназаваў, што Беларусь выстаіць і ня ўступіць у гэтае „анты-НАТО” з такім грувасткім акронімам — КСАР АДКБ. Але падзея, хоць чаканая, навявае змрочны настрой. Чаму?

Бо ў Расеі, дзе людзям часьцяком не хапае і мяса, і малака, усё яшчэ застаецца, так бы мовіць, рэсурс, на якім можна эканоміць — на хлебе і цыбулі, напрыклад. І народ зэканоміць, каб падтрымаць Самалі або ўтрымаць у зоне свайго ўплыву Беларусь.

А беларусы? Ледзь толькі сьмятаны ў лядоўні не акажацца, ужо гатовыя падымаць рукі ўгору і здавацца.

Асабіста мне будзе цікава пачытаць наступнае інтэрвію А.Лукашэнкі заходнім СМІ — асабліва той кавалак, дзе ён скажа, як ягоная палітыка не залежыць ні ад Захаду, ні ад Усходу.

Нагадаем, у чэрвені гэтага года А.Лукашэнка з-за “малочнай” вайны з Расеяй ня ўзяў удзелу ў саміце АДКБ у Маскве. Беларускае МЗС нотай папярэдзіла АДКБ аб адсутнасьці кансэнсусу для прыняцьця дакумэнтаў на сэсіі Савета калектыўнай бясьпекі і аб тым, што Менск не даваў згоды на прыняцьце гэтых дакумэнтаў. Нягледзячы на такую пазыцыю, 14 чэрвеня ўдзельнікі саміту падпісалі пакет дакумэнтаў, галоўны зь якіх — пагадненьне аб стварэньні КСАР. Пасьля гэтага МЗС Беларусі аб'явіла, што гэтыя дакумэнты "па сваёй юрыдычнай прыродзе зьяўляюцца дакумэнтамі групы дзяржаў і не маюць статусу і сілы рашэньняў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бясьпецы".

Расея, якая з-за адсутнасьці на саміце Беларусі ўзяла на сябе функцыі часовага старшыні ў АДКБ, наадварот, лічыць прынятыя дакумэнты легітымнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG