Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алег Рудакоў. Яму сорак гадоў. Нарадзіўся ў полацкай вёсцы Бязьдзевічы. Закончыў ваеннае вучылішча, а пасьля арміі – гістфак Іркуцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1996-м стварыў і ўзначальвае дагэтуль “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага”. Яно – буйнейшае сярод сарака нацыянальна-культурных утварэньняў у рэгіёне і адно зь лепшых у Расеі сярод беларускіх.

Што для вас свабода?

Свабода – гэта магчымасьць вольна выказваць свае думкі і ведаць, што да іх будуць прыслухоўвацца. Свабода – гэта ўпэўненасьць у жыцьці, гэта павага да кожнага і ад кожнага. Свабода – гэта паветра якім лёгка дыхаць! Свабода – гэта, калі мой народ зажыве самадастаткова, і калі беларуса і яго спадчыну будуць паважаць усе суседзі і ўвогуле ўсе народы Сьвету.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Я вольны чалавек, і свабодна выказваю свае думкі паўсюль і перад усімі. Але іншым разам я адчуваю, што стэрэатыпныя погляды на беларусаў – як на народ, недасканаласьць ведаў і не жаданьне пачуць сапраўдныя факты пра беларускую гісторыю і пра беларускую традыцыю і культуру – абмяжоўваюць мяне. Мяне захлынае цяжкасьць адказнасьці. Я адчуваю сябе, як на фронце, дзе павінен у жорсткай бойцы адстойваць беларускасьць ва ўсім. Бывае цяжка. Асабліва калі не перамог… Але я ўпарта змагаюся… Бо для мяне справа беларускага адраджэньня – гэта сьвятая барацьба! Бо калі не я, то хто?

Што для вас шчасьце?

Я буду шчасьлівы, калі Беларусь стане сапраўднай, дэмакратычнай, вольнай дзяржавай. Калі беларуская мова стане адзінай дзяржаўнай! Калі беларусы будуць размаўляць у сваёй краіне толькі на матчынай мове. Калі кожны беларус будзе ганарыцца тым, што ён Беларус!

Чаго вы найбольш баіцеся?

Баюся, што беларускі народ зьнікне з мапы сьвету. Пад беларускім народам я маю на ўвазе ня проста людзей, якія жывуць на тэрыторыі РБ, а тых маіх суродзічаў, якія годна сябе адчуваюць беларусамі і карыстаюцца беларускай мовай кожны дзень і паўсюль. Беларус гэта той, хто шчыра выконвае традыцыйныя беларускія сьвяты і захоўвае пераемнасьць традыцыйнай культуры.

Які талент вы хацелі б мець?


Граць на старажытнай Дудзе.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Ведаеце, я лічу, што кімсьці “захапляцца” гэта “дзіцячы фанатызм”. Ня трэба ствараць ілжывых “куміраў”. Я нікім не захапляюся, і не перад кім не “трасуся”. І тым больш не разумею фанацтва аўтографаў. Вось калі мне хто кнігу сваю падпіша па-сяброўску, гэта другая справа.

У той жа час я шмат каго паважаю!!! За стойкасьць! За цікавыя погляды! За добрыя навуковыя працы! За беларускасьць!!!

І тут можна было назваць не адну сотню людзей. Гэта і сталыя людзі, і сярэдняга веку, і зусім маладзёны! Вось зараз я пачаў у думках пракручваць прозьвішчы і зразумеў, што назваўшы для прыкладу аднаго, я (нават для сябе самога) пакрыўджу другога. Не, прабачце, ня буду называць прозьвішчы, бо я паважаю ўсіх шчырых беларусаў!!!
Дарэчы і ня толькі беларусаў…

Што вы найбольш любіце рабіць?

“Капацца” ў кнігах па беларускай традыцыйнай культуры і гісторыі, ладзіць этнаграфічныя вандроўкі па беларускіх вёсках Прыбайкальля і арганізоўваць беларускія сьвяты. Шкада толькі што за гэта грошы не плацяць… Прыходзіцца яшчэ дзесьці працаваць…

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

У юнацтве (па недасьведчанасьці) я зрабіў адну памылку, якая адбілася на ўсё маё жыцьцё. Я б проста гэтага не рабіў… А ўсё астатняе няхай будзе! Жыцьцё як жыцьцё.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Даўно ў дзяцінстве маці аднойчы мне сказала: “Калі ўпэўнены, што маеш рацыю, стой на сваім да канца!” Можа гэтага яна ўжо і не памятае, бо там была канкрэтная сытуацыя. Але я з гэтым тэзісам жыву ўсё сваё жыцьцё. Хоць іншым разам “стаяць да канца” бывае вельмі цяжка…

Які ваш улюбёны дэвіз?

Ёсьць адна старая лацінская прымаўка. Магу па-лацінску напісаць з памылкай, але прыблізна так: “Dum spiro, spero”. Дакладна яна перакладаецца як: “Пакуль дыхаю, спадзяюся!”.

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У сапраўднай клясычнай дэмакратыі, дзе выбарнасьць кіруючых органаў гэта бяспрэчная практыка і такое паняцьце як “падтасоўка” нават у галаву нікому не лезе. Дзе кожны чалавек можа свабодна выказваць свае думкі. Але гэты чалавек павінен і несьці адказнасьць за свае прапановы перш за ўсё перад сваім сумленьнем. Дарэчы, паняцьце “Дэмакратыя” я разумею, як “Адказнасьць Народу”.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

У дэмакратычнай Беларусі!

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У сучасную, бо якраз зараз вельмі балюча стаіць пытаньне захаваньня маёй нацыі. Нашы продкі ўсё ж такі захавалі для нас наш Народ. Цяпер што зробім мы?

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Зьвярнуся б да свайго Народу па ўсім каналам тэлебачаньня на беларускай мове і найперш зрабіў бы некалькі крокаў па зацьвярджэньню беларускасьці ва ўсім.

Напрыклад, толькі беларускамоўныя выданьні мелі б дзяржаўную падтрымку. Калі “яны” кажуць, што большасьць людзей чытаюць на рускай мове. Добра. Пераходзьце на самаакупляльнасьць. А мы будзем падтрымліваць толькі поўнасьцю беларускамоўныя часопісы і газэты.

Нацыянальнае тэлебачаньне, радыё павінна стаць толькі беларускамоўным.
У школах перавага аддаецца беларускай мове…

І гэтак далей…

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Было б нядрэнна ўступіць!

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Суседзкія, сяброўскія.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Я так ня думаю. Больш таго, да любой дыктатуры я стаўлюся адмоўна.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі кожны беларус загамоніць па-беларуску, калі кожны беларус даведаецца пра сваю сапраўдную гісторыю, калі кожны беларус пачне ганарыцца сваім Народам, сваёй Традыцыяй, сваімі Продкамі. Толькі тады – я ўпэўнены – кожны беларус пажадае жыць у сваёй вольнай дэмакратычнай Дзяржаве. І ўлада будзе адпавядаць запатрабаваньням свайго Народу.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі на вуліцы нашы патрыёты-інтэлігенты ня будуць “падстраівацца” пад “агульную масу”, а будуць паўсюль гаманіць толькі па-беларуску.

І яшчэ адна заўвага. Вось я прыяжджаю ў Беларусь і пераходжу на беларускую мову. Размаўляю паўсюль і з усімі. Бываюць розныя здарэньні, але зараз я пра іх ня буду казаць. Галоўнае, што я паказваю тутэйшым жыхарам: ёсьць яшчэ беларуская мова на вуліцы. І самае цікавае, апошнім часам некаторыя мне адказваюць таксама на беларускай мове.
Але мясцовыя беларускія патрыёты (можа ня ўсе, але я ведаю многіх), між сабой размаўляюць па-беларуску, а з народам на вуліцы – толькі па-расейску.

Я вось не разумею: гэта Вы што – не давяраеце свайму народу? Альбо пагарджаеце ім? Альбо баіцеся размаўляць па-беларуску на вуліцы?

А вось уявіце, што ўсе беларускія патрыёты выйдуць на вуліцу і пачнуць гаманіць з чужымі людзьмі па-беларуску! Прычым не абавязкова па справе, а так спэцыяльна для практыкі ўзаемадзеяньня з “масамі”.

Дык можа тады гэта стане новай моднай хваляй?

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Народ наш згіне…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG