Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі едзе ў Маскву


Сёньня чакаецца сустрэча прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага з прэм’ерам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Паводле прэсавага сакратара беларускага ўраду, бакі абмяркуюць “актуальныя пытаньні двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва".

Прэсавы сакратар Уладзімера Пуціна Дзьмітрый Пяскоў патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што гэтая сустрэча адбываецца па просьбе афіцыйнага Менску:

“Падчас тэлефоннай размовы, якая адбылася на мінулым тыдні па ініцыятыве Сідорскага, беларускім бокам было пастаўлена пытаньне аб правядзеньні рабочай сустрэчы для абмеркаваньня надзённых момантаў у гандлёва-эканамічных стасунках. Я не хацеў бы пакуль прадказваць, якія тэмы будуць абмяркоўвацца”.

На просьбу пракамэнтаваць абвінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас Уладзімера Пуціна ў зрыве інтэграцыйных працэсаў і перашкодах у гандлі, якія прагучалі падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі з расейскімі журналістамі, спадар Пяскоў сказаў:

“Мы ніяк не камэнтуем. Мы сыходзім з таго, што прэм’ер-міністар, відавочна, едзе на даручэньне кіраўніка краіны”.

Расейскі палітоляг Сяргей Маркаў мяркуе, што гэтыя вінавачаньні зьвязаныя з тым, што мадэль беларуска-расейскай інтэграцыі ня ўлічвае пажаданьні А.Лукашэнкі:

“Ён не знаходзіць дастаткова месца, якога хацеў бы ў гэтым аб’яднаўчым працэсе. Ад пачатку ён хацеў стаць лідэрам вялікай Расеі і пад гэтым сьцягам аб’ядноўваўся. А Беларусь іграла ролю расейскай Вандэі. І такі шанец быў. Але пасьля прыходу моцнага Ўладзімера Пуціна, канечне, магчымасьці ў Лукашэнкі стаць на чале вялікай Расеі няма. А якое месца для сябе, апроч гэтага, ён бачыць, гэтае пытаньне пакуль не зразумелае. І ў гэтых умовах ён стаў раскручваць ідэю сувэрэнітэту”.

Напярэдадні пазыцыю расейскага ўраду сфармуляваў міністар фінансаў Аляксей Кудрын, які заявіў, што афіцыйны Менск не атрымае крэдыту ад Расеі, пра які было дамоўлена раней. Гэтае пытаньне можа ўзьнікнуць падчас перамоваў. Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў не выключае, што абінавачаньні А.Лукашэнкі на адрас У.Пуціна могуць адбіцца на выніках гэтай сустрэчы. Заява Кудрына можа быць сыгналам, што кіраўнік Беларусі наўрад ці дасягне сваіх мэтаў.

А. Фёдараў: “Можа гэта і ёсьць тым сыгналам, што Масква пачне пакрысе прыціскаць. Тут два выйсьця могуць быць. Адзін – пайсьці і здацца ёй. А другі – нейкім чынам мяняць асноўны вэктар узаемадзеяньня на заходні. Але там ёсьць свае праблемы. Там патрабуюць нейкіх крокаў па дэмакратызацыі. Тут, безумоўна, беларускае кіраўніцтва знаходзіцца ў цяжкім стане. Масква можа не пайсьці насустрач нейкім просьбам афіцыйнага Менску”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG