Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільскаму ўрадоўцу пагражае арышт у Вялікабрытаніі


Ізраільскі віцэ-прэм'ер Ялон адмяніў заплянаваны візыт у Вялікабрытанію, з-за занепакоенасьці тым, што ангельскія актывісты руху за незалежнасьць Палестыны будуць дамагацца яго арышту.

Урадовец меў ехаць на дабрачыннае мерапрыемства, якое арганізоўвае Нацыянальны габрэйскі фонд.

Паводле прэсавага сакратара міністра Алона Офэка-Амона, юрыдычны аддзел ізраільскага МЗС папярэдзіў Ялона, што ў межах Вялікай Брытаніі ён можа быць прыцягнуты да адказнасьці ў сувязі з забойствам лідара баявой арганізацыі палестынскай групоўкі ХАМАС Салаха Шэхадэха. У 2002-ім годзе, калі Ялон быў ачольнікам штабу ваенных сілаў краіны, ізраільская авіяцыя разбамбіла дом Шэхадэха. Пры гэтым загінула чатырнаццаць цывільных людзей, у тым ліку жонка і некалькі дзяцей ваяўніка.

На мінулым тыдні прапалестынскія актывісты безпасьпяхова дамагаліся ад лёнданскага суду пастановы на арышт міністра абароны Ізраіля Эхуда Барака, які прыехаў у краіну на зьезд партыі лейбарыстаў. Яны закідалі яму адказнасьць за ваенныя злачынствы пад час сёлетняй ваеннай апэрацыі Ізраіля супраць ваяўнікоў Хамас у паласе Газы. Суд, аднак, адмовіў ім, спаслаўшыся на дыпляматычную недатыкальнасьць урадоўца замежнай краіны. Эхуд Барак тады назваў спробу яго арыштаваць - абсурднай.
XS
SM
MD
LG