Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран: магчымыя новыя санкцыі


Кангрэс ЗША мае разгледзець сёньня варыянты новых санкцыяў супраць Ірану, калі той не адмовіцца ад ядзерных распрацовак, якія выклікаюць занепакоенасьць міжнароднай супольнасьці.

Аўтар законапраекту аб санкцыях, сэнатар ад Дэмакратычнай партыі Крыстафэр Дод паведаміў што пастанова павінна даць магчымасьць адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ўжыць “жорсткія і мэтанакіраваныя санкцыі” ў выпадку калі Тэгеран не разьвее падазраньні ў распрацоўцы ядзернай зброі. У прыватнасьці, мяркуецца ўвесьці новыя гандлёвыя абмежаваньні, штрафы для карпарацыяў якія прадаюць краіне нафтапрадукты і абмежаваць фінансавыя апэрацыі для суб'ектаў Ісламскай рэспублікі.

У мінулы чацьвер, прадстаўнікі Злучаных Штатаў, Кітаю, Расеі, Вялікай Брытаніі, Францыі і Нямеччыны правялі перамовы з Іранам аб яго ядзернай праграме. Напярэдадні перамоваў упершыню стала вядома пра існаваньне ў краіне другога заводу па ўзбагачэньню ўрану, непадалёку ад гораду Ком. Міжнародная супольнасьць абвінаваціла Тэгеран ва ўкрывальніцтве сваіх ядзерных распрацовак на гэтым аб'екце.

Упершыню, аб магчымасьці новых санкцыяў супраць Ірану выказалася і Расея. Па выніках перамоваў у Жэневе, Тэгеран пагадзіўся дапусьціць на новавыяўлены завод у Коме інсьпектараў Міжнароднай Арганізацыі па Атамнай Энэргетыцы (МАГАТЭ). Іранскія прадстаўнікі таксама паабяцалі перадаць працэс абагачэньня ядзернага паліва для свайго тэгеранскага заводу Расеі.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў падцьвердзіў у панядзелак існаваньне папярэдняй дамоўленасьці, але зазначыў, што канчатковых рашэньняў прынята не было.

Новы раўнд перамоваў шасьцёркі краінаў з Іранам прызначаны на 19-га кастрычніка. У нядзелю ў Тэгеране пабываў ачольнік МАГАТЭ Махамад Эль Барадэй. Па выніку яго дамоўленасьці з іранскімі ўладамі, міжнародныя інсьпектары змогуць агледзець новавыяўлены ядзерны завод 25-га кастрычніка.
XS
SM
MD
LG