Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“The Prodigy”: за і супраць музычнага кактэйлю


На менскім стадыёне “Дынама” у рамках “UltraMusicFestival” адгрымеў канцэрт “The Prodigy”, якіх прыхільнікі славутага брытанскага гурту чакалі ад пачатку лета — менавіта тады зьявіліся абвесткі, што ўпершыню ў Беларусь едзе калектыў не зь ліку “музычных пэнсіянэраў”, а дзейныя зоркі ў зэніце славы. Між тым, удзельнікі каманды далёка не юнакі на сцэне — упершыню пра “The Prodigy” як пра музычных экспэрымэнтатараў загаварылі напачатку 1990-х. Уражаньні фанатаў і апанэнтаў “The Prodigy” выслухаў Ігар Карней.

Практычна ўсе крытыкі салідарныя ў тым, што ў сярэдзіне 1990-х “The Prodigy” зьмянілі твар сучаснай музыкі, стварыўшы кактэйль з кампутарнай і электроннай музыкі, і замяшаўшы яго на магутных рокавых рыфах. Публіка такое наватарства ацаніла: пачынаючы ад 1994 году, усе без выключэньня студыйныя альбомы гурту, уключна з “Invaders Must Die”, зь якім музыкі выправіліся ў цяперашняе эўрапейскае турнэ, узначальвалі самыя топавыя гіт-парады — брытанскія ды амэрыканскія.

У Менск “The Prodigy” прыехалі поўным і баявым складам: вакаліст Кейт Флінт, кампазытар і клявішнік Ліам Хоўлет, а таксама фронтмэн калектыву Максім Рыэліці. Выступ хоць і пачаўся з паўгадзінным спазьненьнем, але, як кажа мянчук Зьміцер Паўленка, на агульным настроі аўдыторыі гэта ніяк не адбілася. Прынамсі, чаканьні яго не падманулі. Фонам чутна, як “The Prodigy” завабліваюць напаўмістычнай музыкай:

“Вось толькі што ўсё пачалося, а дагэтуль некалькі гуртоў былі на разагрэве. Увогуле людзей досыць шмат, VIP-зона амаль цалкам запоўненая, танц-падлога таксама: у крэслах ня так шмат народу, а ўнізе забіта добра, працэнтаў на 80. Шкада, што з фотаапаратам не пусьцілі, давялося камэру здаць на захоўваньне. Увогуле вельмі шмат міліцыянтаў, стаяць у тры кардоны: перад уваходам, непасрэдна на ўваходзе і потым у зоне з мэталашукальнікамі. Прыблізна як і на футболе”.

Карэспандэнт: “Ну а ўражаньні якія? Пакуль што падабаецца?”

“Так, падабаецца, усё клёва. Музыка клёвая, добры гук, магутныя калёнкі — не гудзяць, не фаняць, вельмі чыстае гучаньне”.

Як часта здараецца ў такіх выпадках, разрэклямаваны канцэрт яшчэ да свайго пачатку не абышоўся без скандалу. Сярод іншых арганізатары запрасілі на “разагрэў” да “The Prodigy” 13-гадовага, але ня менш экстравагантнага Юрыя Дземідовіча — пераможцу адборачнага туру да дзіцячага конкурсу “Эўрабачаньне”. Аднак Нацыянальная тэлерадыёкампанія, якая займаецца падрыхтоўкай канкурсанта, забараніла “чароўнаму трусіку” скласьці кампанію старэйшым таварышам. Чыноўнікі патлумачылі такі клопат рашэньнем абмежаваць кволую псыхіку “трусіка” ад узьдзеяньня занадта халерычных гасьцей. А такі быў шанец набрацца нестандартных хадоў у заканадаўцаў нефарматнага гучаньня.

Зрэшты, ідэйных апанэнтаў у “The Prodigy” хапае па ўсім сьвеце. Перадусім у асяродку тых, хто ня згодны з залішняй кампутарызацыяй музыкаў. Старшыня Менскага рок-клюбу Ўладзімер Зайчанка, які ёсьць сталым наведнікам усіх рок-канцэртаў, знакавых для музычнай тусоўкі Менска, лічыць, што няма ніякай неабходнасьці адбіваць паклоны камандзе, “вельмі сумнеўнай” з гледзішча сапраўдных музычных традыцыяў:

“Справа ў тым, што “пролежні” гэтыя, як я іх назваў, — зусім іншы стыль музыкі, які я нават ня моцна лічу, што трэба і слухаць. Калі б гэта “Deep Purple” прыехалі, нашы сябры, ці яшчэ хтосьці з гэтага шэрагу, то зразумела, ня тое што пайшоў, а паляцеў бы. А гэта што за музыка? Тым больш, там у іх крыху, як гэта мякчэй выказацца, пэўны сатанізм праскоквае. Хоць бачылі, як аформленыя вокладкі альбомаў? Я ўвогуле не зусім разумею, каму ў галаву прыйшло іх сюды запрашаць. Да таго ж, у іх у асноўным сэмплавая музыка, а гэта можа “мышкай” кожны больш-менш падкаваны хлапчук набіць у кампутар, а потым вылезьці на сцэну і паскакаць. То бок, у любым выпадку гэта не жывая гітара і не жывы барабан. Гэта зусім розныя рэчы ў музыцы”.

Апроч “The Prodigy”, у рамках “UltraMusicFestival” таксама выступілі брытанец Бэнджамін Стэнфард з праектам “Dub FX”, расейская каманда “The Amatol”, а таксама беларускія электронныя і альтэрнатыўныя выканаўцы: “4 Kuba”, “Access Denied”, “The Playfellow”, “Куклы”, “Drum Ectasy”. Усю сцэнічную дзею дублявалі два сьвятладыёдныя экраны памерам 6 х 6 мэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG