Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пазыцыя Італіі да Беларусі ёсьць трывожным званком”


Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі і ва Украіне Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра адзначыў «пэўны прагрэс» па дэмакратызацыі Беларусі. Пра гэта ён заявіў 5 кастрычніка ў Ветцы, адказваючы на пытаньні журналістаў. Ці даюць апошнія падзеі падставы пагадзіцца з заявай спадара Тэйшэйры? Ці не гатовыя некаторыя эўрапейскія структуры і палітыкі дзеля паляпшэньня адносінаў з Менскам зачыняць вочы на пэўныя нэгатыўныя факты? Чым можна патлумачыць асаблівую пазыцыю Італіі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: «За апошні час мы адзначаем некаторыя паляпшэньні ў сфэры палітычных зьняволеных, свабоды СМІ і няўрадавых арганізацый. Але ў нас больш чаканьняў. Мы спадзяёмся, што ўлады зробяць больш. Разам з тым супрацоўніцтва эўрапейскіх структур з Беларусьсю ў некаторых сфэрах стала больш актыўным», — зазначыў Тэйшэйра. Разам з тым, нядаўна, напрыклад, амбасадар Нямеччыны спадар Вайс заявіў, што ад вясны колькасьць станоўчых сыгналяў ад беларускіх уладаў відавочна зьменшылася. З якім меркаваньнем вы бы пагадзіліся?

Лагвінец: Пры моцным жаданьні можна знайсьці нейкія паляпшэньні. Але агульная карціна застаецца той самай. Радыкальных зьменаў, нават проста істотных зьменаў у Беларусі не адбылося. У некаторых рэчах нават адчуваецца пэўны рэгрэс — напрыклад, што тычыцца правоў удзельнікаў масавых акцыяў, калі людзей проста зьбіваюць.

Аднак рэчышча апошніх заяваў палітыкаў Эўразьвязу (за выключэньнем міністра замежных спраў Італіі) застаецца ранейшым — беларускім уладам трэба рабіць больш намаганьняў, каб паказаць сваю добрую волю. Бо з боку Эўразьвязу і прыпыненьне санкцыяў, і візыты на высокім узроўні, і далучэньне Беларусі да “Усходняга партнэрства” — гэта дастатковая колькасьць крокаў, якія мусяць мець крокі ў адказ з боку Менску.

Цыганкоў: Чым вы патлумачыце асабліва мяккую да афіцыйнага Менску пазыцыю Італіі? Чаму менавіта гэтая краіна гатовая закрыць вочы на пэўныя нэгатыўныя факты?

Лагвінец:
Варта зважаць на пэўныя асаблівасьці сёньняшняга італьянскага ўраду, дзеяньні якога нават у дачыненьні да эўразьвязаўскіх партнэраў часам выклікаюць пэўнае зьдзіўленьне.
Мне здаецца, гэта абумоўлена шматлікімі чыньнікамі. Можа быць, інтарэсамі італьянскага бізнэсу, можа быць, тымі стасункамі, якія разьвіваліся паміж Рымам і Менскам раней, у прыватнасьці, тое, што беларускія ўлады вельмі ўдала выкарысталі тэму адпачынку беларускіх дзяцей у Італіі.

Таксама для Італіі Беларусь ня ёсьць вельмі вялікім прыярытэтам, і яны могуць дазволіць сабе больш разьняволеную пазыцыю. І варта зважаць на пэўныя асаблівасьці сёньняшняга італьянскага ўраду, дзеяньні якога нават у дачыненьні да эўразьвязаўскіх партнэраў часам выклікаюць пэўнае зьдзіўленьне.

Цыганкоў: Ці можна спрагназаваць, якім будзе рашэньне Эўразьвязу наконт скасаваньня альбо захаваньня існуючых санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў, якое чакаецца ў лістападзе? Нагадаю, што рашэньне прымаецца кансэнсусам

Лагвінец: Варта чакаць, што бліжэйшым часам будзе ўсё больш пытаньняў да беларускіх уладаў. З апошняй рыторыкі беларускіх уладаў відаць, што яны больш будуць казаць, а не рабіць рэальныя крокі. Таму вельмі імаверна, што рашэньне застанецца ранейшым, санкцыі ня будуць адмененыя, сытуацыя застанецца застылай. Хаця італьянская пазыцыя зьяўляецца тут трывожным званком.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG