Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвічы: “Дайце мне пуцёвачку на той сьвет”


Жыхары забруджанай радыяцыяй вёскі Губарэвічы Хойніцкага раёна просяць не адсяляць іх зь іхняга радыяцыйнага паселішча. Гэтая вёска -- побач са Стралічавам, дзе вядзецца ўся гаспадарчая дзейнасьць. У саміх Губарэвічах таксама ёсьць дзейная жывёлагадоўчая фэрма, збожжавы комплекс, наўкола абрабляюцца палеткі.

У Губарэвічах цяпер, нібы на выспачках, жыве пяць сямей. Агулам 7 чалавек. Наўкола спэцыялізаванае прадпрыемства “Палесьсе” закопвае ў зямлю кінутыя пасьля Чарнобылю пабудовы перасяленцаў. Апошнія губарэвіцкія жыхары не здаюцца — ня хочуць пераяжджаць ні ў Стралічава, ні ў Хойнікі.

Апавядае Надзея Зорына:

“Райвыканкам цісьне на сельсавет, а сельсавет нас папярэджвае: давайце, зьбірайцеся. Яны вёску хочуць цалкам аслабаніць. Фэрма вунь побач, збожжаток — сеюць вакол, усё робяць. А гэта ўжо прыдумалі — высяляцца. Яны ж ня маюць права дом раскідаць. Дапамажыце мне — няхай стаіць дом, гэты помнік. Можа, сын прыедзе з Чукоткі ды фэрмэрства тут разьвядзе”.

Надзея Зорына вартуе тэхніку

У спадарыні Надзеі ёсьць кватэра ў Хойніках. Матчына хата, у якой яна цяпер жыве, адпісана на сына, які зарабляе пэнсію ў Расеі і, па словах Надзеі, хоча вярнуцца ў Губарэвічы.

Суседка Зорынай, спадарыня Рыма, прыехала ў Губарэвічы з Таджыкістану. Уцякала зь сям’ёй ад вайны. Радыяцыі не баіцца, бо яна нябачная.

Жывае ў Губарэвічах з дарослаю дачкою. Працавала тут даяркаю, а цяпер займаецца прыватнай гаспадаркай:

“Навошта нас высяляць? Я тут ужо адзінаццаць гадоў пражыла. У мяне тут зямля й гаспадарка. Куды мы паедзем? У Стралічаве далі мне хату з хлеўчуком. Пабудовы з 56-га году мінулага веку. Хляўчук ледзьве трымаецца. Куды я жывёлу пастаўлю? У хляўчук, каб дахам прыціснула? А на перабудову хлеўчука патрэбны час, мужчынскія рукі, грошы. Мы хочам тут застацца, тут у нас усё наладжана”.

73-гадовая Аляксандра Бандарэнка, якая жыве з сынам і хварэе на вочы, просіць толькі адно:

“Куды нас выганяць? Я ўжо нічога ня бачу. Адно я прасіла й прашу: дайце мне пуцёвачку на той сьвет. Толькі гэта — і больш я нічога ня хочу”.

Пасьля Чарнобылю ў Губарэвічах выпала больш як 10 кюры на квадратны кілямэтар радыёактыўнага цэзію й звыш 2 кюры — стронцыю. Пераважную большасьць вяскоўцаў адсюль перасялілі. Некаторыя зь іх атрымалі кватэры, пакінулі іх дзецям, а самі працягвалі жыць у вёсцы.

Улады сьпярша былі зацікаўленыя ў рабочых руках, бо тут заставалася жывёлагадоўчая фэрма й збожжасушыльны комплекс, дзе саўгас “Стралічава” рыхтуе насеньне. Цяпер інтарэс да іх зьнік.

Да 78 гадоў працавала ў саўгасе й Марыя Дашук:

“Пісала я два разы ў Менск, каб перадалі маё пісьмо Лукашэнку. Я была не прапісаная тут, і цяпер не прапісаная. Дык ня мне адказ прыйшоў, а на Хойнікі. І мне ўжо з Хойнікаў паведамілі, што ніякай да мяне літасьці няма. Шэсьцьдзесят пяць гадоў у мяне працоўнага стажу. Я пайшла працаваць з красавіка 1994 году, а разьлічылася толькі ў сакавіку 2008-га. Працавала без адпачынкаў і выходных. Усялякую працу выконвала — кароў даіла, усю іншую работу рабіла”.

Марыя Дашук

Жанчына расла ў вялікай сям’і, але сваю ўласную сям’ю не займела. Дажывае век адна. Са сваёй хаты наводшыбе перабралася ў адну з апусьцелых — бліжэй да аднавяскоўцаў, бо гаспадарку рабавалі злодзеі: кралі курэй і нават парсюкоў. Цяпер бабулю прымушаюць высяляцца на той падставе, што яна атрымала за хату кампэнсацыю:

“Хату маю здалі безь мяне. Далі за яе 7 мільёнаў беларускіх рублёў. Я за 7 мільёнаў кватэры сабе не куплю. Сказала старшыня сельсавету высяляцца. Куды, я ня ведаю. Сястра ў мяне жыве ў Славуцічах, але ж гэта Ўкраіна — чаго я туды паеду? На вуліцы буду жыць! А што рабіць?”

79-гадовы жыхар Губарэвічаў Міхаіл Рудзянок яшчэ і цяпер працуе па кантракту ў КСУП “Стралічава” кіроўцам. Жонка ў яго памерла, жыве адзін. Ехаць да дзяцей не зьбіраецца, каб не замінаць. Міхаіл Рудзянок згадвае, што вяскоўцы дамагаліся дазволу ў Гомельскім аблвыканкаме, каб застацца на месцы. Скардзіліся раней асабіста й Аляксандру Лукашэнку. Дазвол нібыта атрымалі. І райвыканкам пагадзіўся — пра гэта напісала сёлета ўвесну раённая газэта “Ленінскі сьцяг”. Цяпер — зноў высяляюць:

Міхаіл Рудзянок

“Што там атрымалася ў раёне, я ня ведаю. Налягаюць! Кажуць, што трэба ачысьціць зону разам з тымі хатамі, якія раскідаюць. Якая тут розьніца — адзін кілямэтар ад цэнтральнай сядзібы! Дзесьці восем гадоў таму прыяжджаў у раён Лукашэнка і наведаў наш збожжасушыльны комплекс. Нашы жанчыны, і я разам зь імі, зьвярнуліся да Лукашэнкі, расказалі пра сваё становішча. Так і так, мы тут працуем, і хацелі б, каб нас прыпісалі тут. Ён прысутнаму старшыні сельсавета сказаў, каб без прамаруджваньня прапісалі нас. Няхай, маўляў, людзі працуюць і абагачаюцца”.

Спадар Міхаіл кажа, што пераяжджаць яму куды-небудзь ніяк не выпадае:

“У мяне чатыры тоны бульбы, збожжа тоны тры. Сьвіньні, куры ёсьць. Ну куды мне? Я яшчэ працую па кантракту — ужо дваццаты год. Дапамажыце, каб пры іх націску не памерці тут на месцы. Акурат так сышлося: сёньня восемдзесят гадоў, як майму дзеду кайданкі надзелі. Раскулачвалі й выганялі ў Сібір. І вось на табе — даводзіцца яшчэ і ўнуку гэтыя мукі цярпець за ягоную зямельку, што ён купіў, і я на ёй жыву”.

Тэхніка спэцпрадпрыемства “Палесьсе” ў Губарэвічах

Старшыня Стралічаўскага сельскага савету спадарыня Бельская пацьвердзіла, што зараз рыхтуюцца позвы ў суд на прымусовае высяленьне жыхароў Губарэвічаў зь іх забруджанай радыяцыяй вёскі.

Відэа: маналёг Надзеі Зорынай:

XS
SM
MD
LG