Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўных анкет на ўсіх можа не хапіць


Кампанія «За беларускую мову!», Наста Палажанка

Кампанія «За беларускую мову!», Наста Палажанка

Актывісты “Маладога фронту” распачалі інфармацыйную кампанію напярэдадні перапісу насельніцтва. Маладыя людзі тлумачаць грамадзянам, як трэба адказваць на пытаньне пра родную мову. Яны непакояцца, што ў рэгіёнах людзі не атрымаюць перапісныя лісты на беларускай мове.


Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч паведаміў “Свабодзе”:

Зьміцер Дашкевіч
“За тыдзень да пачатку перапісу насельніцтва мы лічым вельмі важным заклікаць грамадзянаў Беларусі абраць беларускую мову ў анкетах у якасьці роднай. У перапісных лістах вельмі падступна пастаўлена пытаньне пра родную мову. Мы інфармуем грамадзян Беларусі, каб яны настойвалі на выдачы беларускамоўных анкет і называлі беларускую мову роднай.

Адна з нашых сябровак, якая будзе займацца перапісам насельніцтва ў Берасьці, паведаміла нам, што ў Берасьці, абласным горадзе, мясцовая адміністрацыя ў прынцыпе ня лічыць патрэбным азнаёміць тых людзей, якія пойдуць па кватэрах, зь беларускамоўнымі анкетамі. Не паведамляе, колькі іх ёсьць. На пытаньне нашай сяброўкі, ці будуць гэтыя анкеты, чыноўнікі разьвялі рукамі. Таму цалкам верагодна, што беларусы падчас перапісу сутыкнуцца з праблемай недахопу беларускамоўных блянкаў, а потым улада зноў зможа гэтым скарыстацца не на карысьць роднай мовы”.

Актывісты “Маладога фронту” ў Менску і ў абласных гарадах раздаюць нумар газэты “Народная Воля”, у якім ёсьць тлумачэньне наконт графы пра тое, якая мова павінна ўказвацца як родная.

Наста Палажанка таксама ўдзельнічае ў інфармацыйнай кампаніі.

Наста Палажанка
“Асноўны пасыл — заклік падчас перапісу насельніцтва правільна ўказваць родную мову, якой зьяўляецца беларуская. Трэба таксама пазначаць, што ў хаце яны размаўляюць па-беларуску. У анкеце няправільна і непісьменна сфармавана пытаньне наконт роднай мовы. Мы баімся, што людзі змогуць папросту заблытацца”.

Маладафронтаўцы паведамілі, што акцыя напярэдадні правядзеньня перапісу насельніцтва адбываецца ў межах кампаніі за беларусізацыю. Актывісты арганізацыі сабралі каля 10 000 подпісаў толькі цягам двух тыдняў, каб беларуская мова ў сфэры адукацыі набыла роўны статус з расейскай.

Для гэтага яны прапануюць павялічыць колькасьць вучняў зь беларускай мовай навучаньня, а таксама стварыць у Беларусі хаця б адзін беларускамоўны ўнівэрсытэт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG