Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі знайшоў “пэўны прагрэс”


Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра

Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра

Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі і ва Украіне Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра адзначыў "пэўны прагрэс" па дэмакратызацыі Беларусі. Пра гэта ён заявіў 5 кастрычніка ў Ветцы, адказваючы на пытаньні журналістаў.

"За апошні час мы адзначаем некаторыя паляпшэньні ў сфэры палітычных зьняволеных, свабоды СМІ і няўрадавых арганізацый. Але ў нас больш чаканьняў. Мы спадзяёмся, што ўлады зробяць больш. Разам з тым супрацоўніцтва эўрапейскіх структур з Беларусьсю ў некаторых сфэрах стала больш актыўным", — зазначыў Тэйшэйра, паведамляе БелаПАН.

"Я ўпэўнены, што візыты ў Беларусь высокапастаўленых чыноўнікаў Эўразьвязу — эўракамісара, міністра замежных спраў Італіі Франка Фратыні, а таксама візыты Лукашэнкі ў Літву і Ватыкан, — сьведчаць аб жаданьні эўрапейцаў да паляпшэньня адносінаў з Беларусьсю", — заявіў Тэйшэйра.

Аднак, паводле яго слоў, рашэньне па зьмяненьні палітыкі Эўразьвязу да Беларусі будзе прымацца кансэнсусам 27 краін ЭЗ.

Жазе Мануэль Пінту Тэйшэйра прысутнічаў на адкрыцьці ў Ветцы дзіцячай гульнявай пляцоўкі, створанай ў межах сумеснага праекта Эўрапейскай камісіі і Праграмы разьвіцьця ААН "Мінімізацыя негатыўных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

На рэалізацыю гэтага праекта Эўракамісія выдзеліла больш як 1,5 мільёна эўра. Гэтая ініцыятыва ўключае ў сябе два кампанэнты: стварэньне міжнароднага навукова-практычнага цэнтра захворваньняў шчытападобнай залозы і тэрытарыяльна-арыентаванае разьвіцьцё рэгіёнаў, што пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС.
XS
SM
MD
LG