Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы, не фінансуйце будаўніцтва АЭС у Беларусі


Горацкая антыядзерная група зьвярнулася да кіраўнікоў Расейскай фэдэрацыі Дзьмітрыя Мядзьведзева і Уладзімера Пуціна, а таксама прэзыдэнта дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энэргіі “Росатам” Сяргея Кірыенкі з просьбай спыніць перамовы з кіраўніцтвам Беларусі пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Актывісты аргумэнтуюць зварот тым, што ў Канстытуцыі Беларусі замацаваны антыядзерны шлях разьвіцьця краіны, а прыняцьце рашэньня аб будаўніцтве АЭС ёсьць палітычным рашэньнем аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі.

“Мы вырашылі змагацца з атамнай станцыяй любымі сродкамі да перамогі. Калі нас Лукашэнка ня чуе і яго адміністрацыя ня чуе — мы ім адправілі лісты й подпісы раней, а яны іх вышпурнулі ў наш райвыканкам, — мы зьвяртаемся да ўсіх ягоных саўдзельнікаў. У нас адчаю няма. Мы інфармуем, гэтых людзей, што ўсё, што адбываецца ў Беларусі, — гэта беззаконьне, і просім адмовіцца ўдзельнічаць у ім. Калі яны працягнуць супрацоўніцтва —будуць парушаць наш жа закон”, — кажа кіраўнік “Антыядзернай групы” Пётар Маланачкін

Паводле спадара Маланачкіна, разам зь лістамі былі дасланыя і фотакопіі пяці тысячаў подпісаў жыхароў Горацкага, Шклоўскага, Мсьціслаўскага раёнаў, якія выказаліся супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

Улада заяўляе, што будаўніцтва АЭС падтрымліваюць дзьве траціны насельніцтва Беларусі і што людзі ачунялі ад постчарнобыльскага сындрому.

Атамную электрастанцыю зьбіраюцца збудаваць у Астравецкім раёне Гарадзеншчыны. Плянуецца, што ў 2010 годзе пачнуцца падрыхтоўчыя працы. Паводле міністра фінансаў Андрэя Харкаўца, на іх выдзяляецца зь бюджэту 320 мільёнаў рублёў. Усяго ж узьвядзеньне станцыі ацэньваецца ў 9 мільярдаў рублёў. Крэдытаваць будаўніцтва зьбіраецца Расейская фэдэрацыя.
XS
SM
MD
LG