Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Болей за сто жыхароў менскага Сельгаспасёлку правялі сход, на якім абралі ініцыятыўную групу па стварэньні камітэту самакіраваньня.

Уладальнікаў прыватных дамоў абураюць пляны гарадзкі уладаў, паводле якіх прыватныя дамы на тэрыторыі Сельгаспасёлку будуць зьнесеныя, а жыхароў адселяць у шматкватэрныя панэльныя дамы.

Якая фірма атрымала замову на будаваньне камэрцыйная жыльля на месцы прыватных дамоў, людзям нават не кажуць.

“У Драздах і вакол Цнянскага вадасховішча катэджы будаваць можна, а нас дык трэба зносіць! Але мы хочам тут жыць, і нарэшце памерці таксама тут, як нашы бацькі,” – заявіў жыхар Сельгаспасёлку Андрэй Пап.

Гэтым людзям камуністычная ўлада не давала кватэры ў дамах у цэнтры, потым ім забаранілі атрымаць ва ўласнасьць зямлю пад уласнымі дамамі, а зараз наогул выганяюць з дамоў
“Пад гэтым раёнам разьмешчаныя пласты падземных водаў, якімі карыстаецца некалькі раёнаў гораду. Калі тут пабудуюць шматпавярховыя дамы, гэта цалкам зьнішчыць водазабор ”Навінкі”, – мяркуе удзельнік сходу, былы супрацоўнік Акадэміі навук Леанід Вялічка.

Прадстаўнік партыі БНФ Вінцук Вячорка, які таксама браў удзел у сходзе, заявіў:

“Сельгаспасёлак” пачалі будаваць у 1945 годзе. Тут дамы будавалі простыя людзі, працай якіх аднаўляўся пасьляваенны Менск. Гэтым людзям камуністычная ўлада не давала кватэры ў дамах у цэнтры, потым ім забаранілі атрымаць ва ўласнасьць зямлю пад уласнымі дамамі, а зараз наогул выганяюць з дамоў”.

Сход агульным галасаваньнем ухваліў зварот, у якім патрабуецца наладзіць грамадзкае абмеркаваньне праекту генэральнага пляну гораду. У плянах ініцыятыўнай групы – дамагацца правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму адносна зносу прыватнага сэктару.









Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG