Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як “БРСМаўцы” сялянам парсючкоў раздавалі


Так уяўляюць сабе “тыповага БРСМаўца” у Копцях.
Так уяўляюць сабе “тыповага БРСМаўца” у Копцях.

У аграгарадку Копці пад Віцебскам прайшоў абласны этап конкурсу “Валадар сяла”. Двум парсючкам з мясцовай фэрмы дужа пашанцавала: яны сталі прызамі для пераможцаў.

“Валадар сяла” — гэта “сямейны сельскагаспадарчы праект”, як прэзэнтуе БРСМ. На Віцебшчыне адбыўся заключны абласны конкурс, у якім узялі ўдзел 9 сямейных каманд з розных рэгіёнаў вобласьці.

Удзельнікі конкурсу.

Спаборніцтва сем’яў складалася з пяці этапаў. Першыя тры былі спартова-гаспадарчага накірунку. Мужчыны дэманстравалі, як яны ўмеюць насіць ваду на каромыслах, секчы дровы ды забіваць цьвікі.

Зь непрывычкі лёгка страціць раўнавагу


… і трапіць малатком па пальцам пад пільным позіркам журы.

Сапраўдную весялосьць у гледачоў выклікаў конкурс з удзелам парсючкоў: узяўшы іх хто як зможа, трэба было прабегчы некалькі дзясяткаў мэтраў.

Парсючкі вішчалі на ўсе галасы, забаўляючы гледачоў.

Зрэшты, некаторыя гледачы прыйшлі “ужо вясёлыя” — адзначыўшы Дзень вёскі, да якога быў адмыслова прымеркаваны конкурс/

“Жаночая” эстафэта ўключала ў сябе бег зь відэльцамі, яйкамі на патэльні ды перабіраньне фасолі і бабоў.

Завяршылася спаборніцтва “сямейным забегам”: усім удзельнікам разам зь дзецьмі было прапанавана перакочваць кавуны, цягаць ваду бітонамі і бульбу мяхамі.

Урэшце 9 сем’яў-удзельніц дэманстравалі свае таленты. Хтосьці спрабаваў уразіць журы кулінарнымі вырабамі, хтосьці — бальнымі танцамі, хтосьці — майстэрствам вышыўкі .

“БРСМаўскі вальс”. Таньчыць пара з Гарадоцкага раёну.

Алена Серада з Аршаншчыны прывезла на конкурс свае вышыванкі. І майку з сымболікай БРСМ апрануць прынцыпова адмовіліся: сказала, што выйдзе на сцэну толькі ў народным строі.

Пакуль журы раілася, як разьмеркаваць месцы, удзельнікі конкурсу распавядалі падрабязнасьці пра яго арганізацыю. Адным у райкаме БРСМ не патлумачылі ўмовы, і яны аказаліся не падрыхтаваныя да спартовых спаборніцтваў — маладым жанчынам давялося бегаць у ботах на абцасах. Другім прыйшлося ехаць на афіцыйнае мерапрыемства за ўласны кошт: найлепшым сямейным камандам раёну, якія прайшлі мясцовы адборачны этап, ніхто не выдаткаваў грошы на паліва. Трэція шкадавалі, што прыехалі ўвогуле: у вобласьці 21 раён, а ўзяць удзел у конкурсе сагітавалі толькі дзесяць сем’яў. І тое адна — з Глыбоччыны — не прыехала, бо ўзрост тамтэйшых пераможцаў мясцовага этапу не адпавядаў умовам рэспубліканскага конкурсу — удзельнікам мусіла быць ня больш за 35 гадоў.

Сям’я пераможцаў.
Між тым менавіта ў Глыбоцкім раёне некалькі гадоў таму нарадзілася ідэя конкурсу “Валадар сяла”. Конкурс ладзілі мясцовая арганізацыя БРСМ і грамадзкі сямейны клюб “Выспа паразуменьня”. Ён быў вельмі папулярны ў рэгіёне. А глядзець спаборніцтвы ў Копцях сабралася ўсяго некалькі дзясяткаў мясцовых жыхароў.

Галоўны прыз — парсючок францускай пароды — дастаўся сям’і Лабуцяў з Шаркоўшчынскага раёну. Мажліва, яму пашэнціла: дзякуючы конкурсу, знайшоў добрых гаспадароў. Але БРСМ тут амаль ні пры чым — галоўны прыз гадаваўся на мясцовай фэрме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG