Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у Беларусі сярэдняя кляса?


Колькі людзей у Беларусі можна залічыць у сярэднюю клясу? Якімі характарыстыкамі адзначаецца сярэдняя кляса — матэрыяльнымі, сацыяльнымі, палітычнымі? Колькі зарабляюць гэтыя людзі, дзе працуюць, якія палітычныя погляды маюць? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць незалежны сацыёляг Аляксандар Сасноў і намесьнік галоўнага рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч.

Аляксандар Сасноў
Віктар Марціновіч
Віталь Цыганкоў


“Вызначэньне сярэдняй клясы толькі паводле даходаў — гэта памылка”


Цыганкоў: Як вызначыць сярэднюю клясу ў Беларусі паводле матэрыяльнага чыньніку? Сусьветны Банк вызначае ўзровень даходаў сярэдняй клясы ў пераходных краінах ад 4 да 17 тысяч даляраў у год. Скажам больш звыкла -ад 400 да 1500 даляраў у месяц. Як, па вашаму, выглядаюць, гэтыя лічбы ў Беларусі? На сёньня колькі павінна зарабляць сям’я, каб яе можна было залічыць у беларускую сярэднюю клясу?

Марціновіч: Мне здаецца, заробкі павінны пачынацца ад 500 даляраў на аднаго чалавека. Можа быць, нават ад 700. Але тое, што да крызісу было 700, зараз 500. Гэта маё асабістае адчуваньне, цікава, ці пацьвердзіцца яно нейкія сацыялягічнымі лічбамі

Сасноў: Даходы, большыя за 200 даляраў на кожнага чальца сям’і, атрымлівае ня больш за 5 працэнтаў насельніцтва. Таму калі казаць толькі пра ўзровень даходаў, каб вызначыць сярэднюю клясу, — то гэта настолькі маленькая праслойка, што яе амаль не відаць. Але вызначэньне сярэдняй клясы толькі паводле даходаў — гэта памылка…

Цыганкоў: Тут можна зазначыць, што ў Беларусі далёка ня ўсе фіксуюць свае сапраўдныя даходы…

Сасноў: Гэта так. І афіцыйныя дадзеныя звычайна не паказваюць усіх даходаў чалавека. Як бы тое не было, беларусаў зь вялікімі даходамі вельмі мала. І, паўтаруся, вызначаць сярэднюю клясу толькі паводле даходаў — гэта памылка. Галоўнае, што адрозьнівае сярэднюю клясу ад іншых — напрыклад, ад нуварышаў, якія раптоўна сталі багатымі — гэта цьвёрдыя і стабільныя лібэральныя погляды, пазытыўнае стаўленьне да дэмакратыі.

Цыганкоў: Пра гэта мы яшчэ пагаворым, а пакуль працягнем пра матэрыяльны чыньнік. Возьмем сям’ю маіх сяброў. Ён падпалкоўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, яна настаўніца, на дваіх ледзь выходзіць два мільёны заробку. Двое дзяцей. Ці можна іх назваць сярэдняй клясай?

У Беларусі сярэдняя кляса — гэта некалькі тысячаў чалавек. Ня болей.


Марціновіч: Вядома, нельга. І не таму, што ім ледзь хапае на жыцьцё. А з той прычынай, пра якую пачаў казаць спадар Сасноў. Мне здаецца, што асноўным паказьнікам сярэдняй клясы ёсьць тое, адкуль бяруцца гэтыя заробкі. І гэта больш важна, чым тое, колькі гэтых заробкаў на сям’ю. Бо, прабачце, дзяржаўны чыноўнік, які атрымлівае паўтары тысячы даляраў (напрыклад, дэпутат Палаты) не зьяўляецца прадстаўніком сярэдняй клясы. Ён прадстаўнік зусім іншай сацыяльнай групы, якая пануе сёньня ў Беларусі — гэта чынавенства.

У Беларусі сярэдняя кляса — гэта некалькі тысячаў чалавек.
Наша грамадзтва сёньня складаецца зь людзей, якіх вельмі невялікі працэнт, якія вырабляюць, прадукуюць грошы і матэрыяльныя каштоўнасьці, і з тых, хто зьяўляецца “иждивенцами”, калі казаць па-расейску, “утрыманцамі” па-беларуску. У ўтрыманцаў ёсьць уласная лёгіка паводзінаў, чалавека, які несвабодны ў тым, што ён кажа, што ён думае пра палітыку і дэмакратыю. Гэты чалавек знаходзіцца ў залежнасьці ад тых, хто яго трымае на дзяржаўным забесьпячэньні. Усе яны жывуць на сродкі, якія дзяржава адбірае ў кагосьці іншага. Гэтыя “іншыя” і ёсьць сярэдняя кляса, на грошы якіх кормяцца ўсе гэтыя ўтрыманцы.

Сасноў: Тое, што казаў Віктар, толькі падкрэсьлівае маю думку, што ня толькі даходы вызначаюць сярэднюю клясу. Трэба яшчэ самавызначэньне ў палітычным, эканамічным ды іншых сэнсах. І калі мы па гэтым шляху пойдзем, то ў Беларусі сярэдняя кляса — гэта некалькі тысячаў чалавек. Ня болей.

“Беларуская адукацыя не дае нічога дзеля таго, каб фармавалася сярэдняя кляса”


Цыганкоў: Сярод характарыстык сярэдняй клясы звычайна выдзяляюць, што гэта людзі больш адукаваныя. Але як з гэтым у Беларусі, дзе дактары, настаўнікі, работнікі культуры з вышэйшай адукацыяй атрымліваюць істотна менш, чым, напрыклад, рабочыя ці аўтасьлесары зь сярэдняй адукацыяй?

Сасноў: Увогуле адукацыя дазваляе наблізіцца да сярэдняй клясы. Але ў Беларусі сёньня захавалася старая саўковая сыстэма адукацыі. Атрымаць дыплём сёньня ў Беларусі ня вельмі цяжка, але гэта яшчэ ня сьведчыць пра ўзровень чалавека. Трэба быць на ўзроўні самых перадавых прыкладаў навукі, тэхнікі, тэхналёгіяў. Беларусь тут ня можа быць прыкладам для іншых. Наадварот, канкурэнтаздатным на рынку ў сьвеце і ў Беларусі будзе той, хто атрымаў адукацыю недзе за мяжой.

Цыганкоў: Віктар, нядаўна пісьменьніца Марыйка Мартысевіч у сваім эсэ назвала вас “песьняром сярэдняй клясы”, маючы на ўвазе, што гэтыя людзі чытаюць “Белгазету”, знаходзяць там тое, што ім патрэбна. Ці можна вызначыць сярэднюю клясу нейкімі побытавымі характарыстыкамі — што яны купляюць, слухаюць, дзе адпачываюць?

Марціновіч:
Беларуская адукацыя не дае нічога дзеля таго, каб фармавалася сярэдняя кляса.
У сваім разуменьні жыцьця я сыходжу з падыходаў мадэрных францускіх сацыёлягаў, якія лічаць, што любы мэдыйны праект не прэзэнтуе рэальнасьць, а яе канструюе, удзельнічае ў тым, каб рэальнасьць фармавалася ў той ці іншы бок. Зыходзячы з гэтага, я бачу сваю місію як журналіста ў тым, каб сканструяваць з дапамогай “Белгазеты” клясу людзей, якія будуць упэўненыя ў сабе, будуць разумець, што такое наша рэальнасьць і як у ёй паводзіцца. Калі гэта мы ўсе разам здолеем зрабіць — будзе добра.

І некалькі словаў пра адукацыю. Мне здаецца, што ўвогуле адукацыя спрыяе фармаваньню ў грамадзтве сярэдняй клясы. Але ж не беларуская адукацыя! Францускі сацыёляг і філёзаф П’ер Бурд’ё лічыў, што любая адукацыя ёсьць інстытутам падпарадкаваньня грамадзяніна сыстэме. Але ж у беларускім кантэксьце падпарадкаваньне ідзе не за кошт гуманітарнай карціны сьвету, якую прэзэнтуе прафэсар, а за кошт элемэнтарнага фізычнага падпарадкаваньня. Альбо ты вучысься альбо ідзеш у войска, як Франак Вячорка.

Таму беларуская адукацыя не дае нічога дзеля таго, каб фармавалася сярэдняя кляса. Гэта я кажу ў тым ліку як чалавек, які спрабаваў абараніць у Беларусі доктарскую дысэртацыю і ня здолеў гэта зрабіць, бо ў мяне іншыя погляды на сацыяльную рэальнасьць, якія разыходзяцца з поглядамі афіцыйных сацыёлягаў. Беларускія гуманітарныя веды знаходзяцца ў вельмі ганебным стане.

“З-за крызісу дзяржава ўжо ня мае грошай на ўтрыманскую мадэль”


Цыганкоў: Традыцыйна лічыцца, што сярэдняй клясе больш патрэбна дэмакратыя, лібэральныя правілы гульні. Як гэта працуе ў Беларусі? Можа наадварот, беларускай сярэдняй клясе патрэбны статус-кво ці тут, як і паўсюль, сярэдняя кляса ёсьць патэнцыйным маторам пераменаў?

Марціновіч: Вядома! У Беларусі застаецца цяперашняя палітычная сытуацыя таму, што мы маем тую структуру грамадзтва, якую маем.
Грамадзтва ўтрыманцаў ніколі ня будзе прагнуць свабоды, прагнуць уласнага выбару.
Грамадзтва ўтрыманцаў ніколі ня будзе прагнуць свабоды, прагнуць уласнага выбару, бо выбар азначае вялікую адказнасьць. Утрыманцы гэтай адказнасьці вельмі баяцца.

Калі ў Беларусі зьявіцца вялікая сярэдняя кляса, у Беларусі адбудуцца перамены. Адна справа — сядзець на дзяржаўным забесьпячэньні і баяцца таго, што цябе гэтага пазбавяць. Зусім іншае — здабываць грошы самому, і ні ад каго не залежаць. Гэта ж адразу выпрацоўвае цэлы сьветапогляд.

І ў нас гэтыя людзі зьявяцца, і зьявяцца ў тым ліку дзякуючы крызісу. Бо сёньня дзяржава ўжо ня мае грошай на ўтрыманскую мадэль. Таму самастойных людзей будзе больш, і таму я маю пэўны аптымізм адносна палітычнай будучыні Беларусі.

Сасноў: Некалькі гадоў таму я праводзіў дасьледаваньне. Падзяліў усё насельніцва на 2 катэгорыі. Першыя, дзе атрымліваюць ня больш за 100 даляраў на душу сям’і. Другія — дзе атрымліваюць звыш 100 даляраў. І потым паглядзеў, якія яны маюць палітычныя і ідэалягічныя погляды на жыцьцё. І высьветліў, што розьніцы амаль няма!

Таму я і кажу, што ў Беларусі пакуль сярэдняй клясы амаль няма. Таму я дастаткова пэсымістычна гляджу на пэрспэктывы. Каб зьявіўся такая сярэдняя кляса, якая павядзе краіну наперад, на разьвіцьцё тэхналёгіі, вытворчасьці, навукі, культуры — трэба вельмі шмат часу
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG