Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Праваслаўная царква выступіла супраць БТ?


Афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы пракамэнтаваў сюжэт Беларускага тэлебачаньня, у якім ганьбілася Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя, паказаны перад візытам патрыярха Кірыла ў Беларусь.

Архімандрыт Аляксей у гутарцы з прэс-службай БХД адзначыў, што “гэты заказны палітычны матэрыял, тым больш, паказаны падчас візыту ў нашу краіну патрыярха Кірыла, выклікаў у эпіскапаце вельмі негатыўную рэакцыю”. Паводле архімандрыта Аляксея, Царква “ні ў якім выпадку не выступае супраць хрысьціянска палітычных партый і рухаў, а наадварот, вітае дзейнасьць падобных і іншых палітычных арганізацый, калі іх канцэпцыя не супярэчыць хрысьціянскай маралі і хрысьціянскім каштоўнасьцям”.

Уладзімер Мацкевіч
Чаму Беларускі экзархат вырашыў крытычна выступіць супраць афіцыйнай прапаганды? Ці настолькі ідылічнымі выглядаць адносіны паміж Беларускай праваслаўнай царквой і палітычнай уладай? Якія новыя матывы зьявіліся ў гэтых дачыненьнях пасьля візыту ў Беларусь патрыярха Кірыла? На гэтыя пытаньні адказвае філёзаф Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: Пра што сьведчыць заява Беларускай праваслаўнай царквы, накіраваная супраць прапагандысцкага сюжэту БТ? Наколькі беспрэцэдэнтны гэта выпадак, што Беларускі экзархат выступае супраць афіцыйнай прапаганды і чым гэта выклікана?

Мацкевіч: Я думаю, ускосна гэта сьведчыць пра тое, што Беларускі экзархат зараз зацікаўлены ў нейкім вырашэньні сёньняшняй палітычнай сытуацыі.

Што наконт прэцэдэнта, то я ня памятаю, каб раней афіцыйна экзархат выказваўся наконт матэрыялаў БТ пра дзейнасьць непадпарадкаваных Царкве структураў.

Цыганкоў:
Паколькі Беларуская праваслаўная царква — гэта толькі частка Расейскага партыярхату, то тут умешваецца вялікая палітыка.
Прынята лічыць, што ў адносінах паміж Беларускай праваслаўнай царквой і палітычнай уладай пануе пэўная ідылія — прынамсі, так гэта выглядае з экранаў таго ж БТ. А на вашу думку, як выглядае сытуацыя на самой справе?

Мацкевіч: Гэтая “ідылія” — толькі ілюзія. Можа быць, калі б Беларуская праваслаўная царква была цалкам незалежная і яе дзейнасьць абмяжоўвалася б толькі Беларусьсю, то стасункі паміж дзяржавай і царквой былі б цёплымі, добрымі, і царква была б падмятая беларускім рэжымам. Але паколькі Беларуская праваслаўная царква — гэта толькі частка Расейскага партыярхату, то тут умешваецца вялікая палітыка. І патрыярх Кірыл ехаў у Беларусь у тым ліку і з палітычнымі мэтамі.

Цыганкоў: Якія новыя матывы зьявіліся ў дачыненьнях паміж беларускай царквой і беларускай уладай пасьля візыту ў Беларусь патрыярха Кірыла?

Мацкевіч: Палітычных праблемаў шмат, і пра многія зь іх прэса пакуль маўчыць. Я мяркую, што патрыярха Кірыла як набіраючага моц расейскага палітыка непакоіць, хто прыйдзе на зьмену прэзыдэнту Беларусі і хто прыйдзе на зьмену мітрапаліту Беларускай праваслаўнай царквы Філарэту. Думаю, што падчас візыту патрыярха гэтая палітычныя пытаньні паўставалі, абмяркоўваліся ў пэўным ракурсе, і гэта падштурхоўвае Беларускі экзархат да больш рашучых палітычных дзеяньняў і заяваў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG