Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія гульні 2016 году – у белых штанах. У Рыё-дэ-Жанэйра.


Завяршылася гонка за права прыняць у сябе Алімпійскія гульні 2016 году. На сэсіі МАК, якая прайшла 2 кастрычніка ў Капэнгагене, горадам-пераможцам быў названы Рыё-дэ-Жанэйра.


За прывілей на правядзеньне 31-ай летняй Олімпіяды-2016 змагаліся чатыры гарады: Мадрыд, Чыкага, Токіо і Рыё-дэ-Жанэйра.

Напярэдадні прадстаўнікі Міжнароднага Алімпійскага камітэту заявілі, што сярод чатырох гарадоў-прэтэндэнтаў няма відавочных фаварытаў. За месяц да вынясеньня фінальнага рашэньня была апублікаваная 92-х старонкавая справаздача, у якой выкладаліся фінальныя ацэнкі гарадоў-прэтэндэнтаў.

Паколькі шанцы ўсіх чатырох гарадоў былі прыкладна роўныя, шмат што залежала ад прэзэнтацый, а таксама розных піяр акцый, у якіх удзельнічалі кіраўнікі дзяржаваў. Так, падтрымаць Рыё-дэ-Жанэйра прыехаў прэзыдэнт Бразіліі Лула да Сілва, а кандыдатуру Чыкага прадставіў сам прэзыдэнт ЗША Барак Абама, які досыць доўга працаваў у гэтым горадзе. Мадрыдскую дэлегацыю ўзначаліў кароль Іспаніі Хуан Карлас, а японскую – губэрнатар Токіё.

Жыхары Рыё-дэ-Жанэйра былі моцнымі прыхільнікамі правядзеньня ў іх Алімпіяды. 84% выказаліся за тое, каб Алімпіяда-2016 прайшла ў іх горадзе. Супраць выступілі 4%. Гарадзкія ўлады і федэральны ўрад вылучылі грошы на будаўніцтва ўсіх аб'ектаў інфраструктуры, а таксама выказалі гатовасьць гатовыя кампэнсаваць усе неспадзяваныя выдаткі. У 2014 годзе Рыё-дэ-Жанэйра будзе прымаць у сябе чэмпіянат сьвету па футболе, і ў горадзе ўжо будзе гатовая ўся неабходная інфраструктура. У горадзе будзе 20 тысяч нумароў у гатэлях і падрыхтаваны пэрсанал.

Экспэрты Алімпійскага камітэту адзначылі, што частка гораду разьмешчана ў гарах, і гэта можа павялічыць адлегласьць паміж спартовымі аб'ектамі, так што будаўніцтва новых транспартных разьвязак і паляпшэньне працы грамадзкага транспарту, могуць стаць галоўнымі праблемамі Рыё-дэ-Жанэйра.

Прэзэнтацыя Рыё-дэ-Жанэйра


Чыкага прапанаваў на правядзеньне Алімпіяды 750 мільёнаў даляраў. Яшчэ 1,83 мільярды плянавалася прыцягнуць ад прыватных фундатараў. Бюджэт амэрыканскага гораду ахарактарызавалі, як «амбіцыйны, але дасягальны». Алімпійскі камітэт быў уражаны фінансавымі плянамі арганізатараў, якія зьбіраліся самастойна пабудаваць толькі аб'екты інфраструктуры і часовыя збудаваньні, а пабудову ўсіх астатніх аб’ектаў забясьпечыць на грошы прыватных фундатараў.

Амэрыканская заяўка выглядала прывабнай за кошт кампактнага месцаваньня спартовых аб'ектаў, якія мусілі знаходзіцца не далей за 8 кілямэтраў ад цэнтру гораду. Але экспэртам МОК не спадабаўся грамадзкі транспарт Чыкага, які «не спраўляецца з ускладзенымі на яго функцыямі».

Прэзэнтацыя Чыкага


Мадрыд патрапіў на конкурс дзякуючы моцнай падтрымцы Алімпіяды сярод мясцовых жыхароў. 84,9% жыхароў Мадрыду выказаліся за правядзеньне Алімпіяды, і толькі 2% выступілі рэзка супраць.

Не спадабалася арганізатарам тое, што ў заяўцы не надавалася дастатковая ўвага правядзеньню мультыспартовых спаборніцтваў. Па меркаваньні экспэртаў Міжнароднага Алімпійскага камітэту, заблытаная сыстэма кіраваньня магла перашкодзіць правядзеньню гульняў. А між тым, у Мадрыдзе ўжо гатовыя 23 з 33 Алімпійскіх аб'ектаў.

Прэзэнтацыя Мадрыду


Японская сталіца Токіё вызначылася самай нізкай падтрымкай Алімпіяды сярод насельніцтва. За правядзеньне гульняў выказаліся толькі 55% жыхароў горада. Пры гэтым горад прапанаваў самы буйны бюджэт — 3,7 мільярды даляраў. Японцы прапанавалі правесьці «кампактную Алімпіяду» і максымальна скараціць спартоўцам час на дарогу ад дому да спартовых аб’ектаў.

Прэзэнтацыя Токіё
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG