Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: “Усе ляўры заўсёды дастаюцца прэзыдэнту”


Аляксандар Лукашэнка ў часе прэс-канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў.

Аляксандар Лукашэнка ў часе прэс-канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў.

Аляксандар Лукашэнка даў традыцыйную прэс-канфэрэнцыю прадстаўнікам расейскіх рэгіянальных выданьняў. З расейскімі журналістамі ён у такім фармаце сустракаецца нашмат часьцей, чым зь беларускімі. Спэцыялісты кажуць, што такім чынам кіраўнік Беларусі намагаецца наўпрост дастукацца да расейкай грамадзкай думкі, схіліўшы вагі сымпатыяў на свой бок падчас гандлю ў коштах на энэрганосьбіты, у выбіваньні крэдытаў, у выхадзе на расейскі рынак зь беларускай прадукцыяй і г.д.

Цягам амаль чатырох гадзінаў слухачамі Лукашэнкі былі восем дзясяткаў журналістаў з паўсотні расейскіх рэгіёнаў. Той гаварыў шмат і на ўсе тэмы: пра тысячу даляраў заробку даяркі, пра “дзяржаўныя” стасункі з Абхазіяй, акрэсьліў пэрспэктывы здабычы нафты ў Афрыцы, пра ўладкаваньне дзяцей вышэйшага кіраўніцтва. А фармат сустрэчы выявіў адным з пасажаў: пакуль усе спалі, ён вачэй не заплюшчыў — баяўся, што начны ўраган “пакладзе кукурузу”. Тэма “гаспадара” і надалей праходзіла праз ягоны маналёг. Выслухаўшы порцыю пахвальбы, прызнаў заслугі ў пабудове “моцнай квітнеючай дзяржавы” і патасна заявіў: “Нават калі хто іншы прыклаў руку, ляўры ўсё адно дастаюцца прэзыдэнту”. Галоўнае, словамі Лукашэнкі, ня быць “пафігістам”. Але лішні раз даў зразумець, хто ў Беларусі — нумар адзін:

Я нават калі дзесьці бываю, сустракаюся зь людзьмі, жартую: ну як вы адчуваеце крызіс? Яны толькі сьмяюцца.
“Вось вы мяне дзяўбалі ў Расеі, калі я сказаў на паседжаньні ўрада: у Беларусі крызісу няма! Забудзьцеся пра гэта. Гэта ў вас можа быць крызіс, а ў нас няма крызісу. У тым сэнсе, што гаварыць пра гэта не прыстала, як бы ні было складана. Мы тут аберагалі людзей ад гэтага вось абвалу. А то крызіс-крызіс… Я нават калі дзесьці бываю, сустракаюся зь людзьмі, жартую: ну як вы адчуваеце крызіс? Яны толькі сьмяюцца. Бо ня толькі ідэалягічна, але і на практыцы намагаемся аберагчы людзей. Хоць невялікі, але своечасова заробак, пэнсію і г.д, ня надта перагружаць нейкімі сацыяльнымі праблемамі і нагрузкамі. Каб больш было сваіх тавараў і можна было іх купіць. У нас усяго гэтага хапае. Абы толькі грошы былі, як нашы людзі кажуць”.

Ці не ўпершыню столькі крытыкі абрынуў Лукашэнка ў бок экс-прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Цяперашні прэм’ер-міністар быў абвінавачаны ў шэрагу антыбеларускіх выпадаў: у закрыцьці газавых вэнтыляў, у адмове сумесна асвойваць нафтавыя радовішчы, у пачатку малочнай вайны, у блякаваньні крэдытаў. Таксама Лукашэнка даў зразумець, што Пуцін патурае карупцыі ў Расеі, дазваляючы дзецям вышэйшых кіраўнікоў займацца бізнэсам пад прыкрыцьцём высокапастаўленых бацькоў.

Маскоўская журналістка Юлія Латыніна аднойчы была ў складзе расейкай групы ў Менску. Знаёмства з Лукашэнкам ацэньвае так: дзеля дасягненьня сваёй мэты той гатовы ўзяць на сябе любую ролю. У прывязцы да Расеі — ад ахвярнага абаронцы да яе першага ненавісьніка:

Юлія Латыніна

“У прынцыпе Лукашэнка бліскуча грае на расейскім самалюбстве. Бо калі Расея пачынае вылучаць нерацыянальныя піяр-патрабаваньні — а давайце мы створым АДКБ, давайце выганім з Кіргізіі амэрыканцаў з базай Манас, давайце падпішам дамову з Туркмэністанам, што будзем набываць у яе газ, — то разам з такімі эмацыйнымі патрабаваньнямі вы пераўтвараецеся ў лёгкую здабычу для тых, хто гуляе на вашым самалюбстве. У выніку Кіргізія бярэ грошы ў Расеі і “кідае” Крэмль, узяўшы праз некаторы час грошы ў амэрыканцаў. Туркмэнія прадае Расеі газ па 340 даляраў за тысячу кубоў і тут жа гаворыць, што ў яе хопіць газу для “Паўднёвага патоку”. Гэтак жа і Лукашэнка — зьмяняе ўвогуле фантомнае пытаньне пра сяброўства ў АДКБ на рэальныя эканамічныя саступкі”.

Прадстаўнікі расейскіх СМІ, запрошаных да Лукашэнкі, знаходзяцца ў Беларусі яшчэ ад сумесных беларуска-расейскіх манэўраў “Захад-2009”. У працэсе размовы адзін журналіст-сібірак увогуле прызнаўся, што адносіцца да ліку “вэтэранаў” прэс-тураў, прыяжджаючы сюды штогод. Па яго словах, склалася своеасаблівая “братэрства пастаянных наведнікаў Беларусі”. Усваю чаргу, на фоне вайсковай тэматыкі Лукашэнка назваў сябе “ваенных чалавекам”, дадаўшы “тытул” да ранейшых “эканаміста”, “гісторыка”, “пэдагога”.

Расейскі сатырык Віктар Шандаровіч называе падобныя прэс-туры чыстай вады прафанацыяй: ухваляючы беларускі парадак і паралельна крытыкуючы астатні сьвет, самі крытыкі ніводным словам не закранаюць вострыя тэмы, у прыватнасьці, сытуацыю з правамі чалавека на кожнай з саюзных тэрыторый:

Віктар Шандаровіч

“Пра Беларусь у разрэзе гэтай праблемы гаварыць увогуле складана. Дый калі ў расейца пацікавіцца пра Гуантанама, то ён пра гэта ведае ўсё. Калі ў яго запытаць пра Чарнакозава, то ён апусьціць вочы. А гэта, між іншым, фільтрацыйны лягер у Чачні, у параўнаньні зь якім Гуантанама — проста дом адпачынку. Так што тут тэхналёгія цалкам зразумелая. Усё маё савецкае дзяцінства прайшло ў змаганьні за свабоду Анжэлы Дэвіс — памятаеце такую дзяячку? Мы са сваёй званіцы хацелі б усяму сьвету тыкаць у нос нейкім падобным папрокам. І Лукашэнка тут будзе ў першых шэрагах. Гуантанама мы ім яшчэ 150 гадоў не забудзем, хоць ужо асуджаны вінаватыя і зьмянілася кіраўніцтва краіны. А вязьнямі ў сваіх турмах ніхто не цікавіцца”.

Расейцы папрасілі ў Лукашэнкі рэцэпт змаганьня з карупцыяй, ад якой пакутуе вялізная дзяржава. Але змагар з гэтай навалай прызнаўся, што сам ня ў сілах супрацьстаяць такому злу. Праўда, удакладніў: у Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі, карупцыя “боская”:

“Магу вас супакоіць: у Беларусі гэтае дзярмо таксама ёсьць. Зараза страшная. Я не хачу тэарэтызаваць на гэту тэму. У вас столькі тэарэтыкаў, любы канал уключы — аказваецца, усе разумеюць, як рабіць. Але квітнее і пахне. Мне заўсёды складана адказваць на гэтае пытаньне, бо ня вельмі сьціпла. Але для таго, каб не было карупцыі, самае галоўнае, каб ты сам ня быў карумпаваны. Прэзыдэнт, старшыня Нацбанку, прэм’ер-міністар, першы віцэ-прэм’ер. Я не кажу, што стопрацэнтна перакананы, што гэта абсалютна сьвятыя людзі. Але ніхто на іх пальцам у народзе не паказаў, што яны жулікі, “Міша +3%”, “Міша +5%” — памятаеце такі выраз у Расеі? А я асабіста кантралюю гэты працэс, таму што гэта частка маёй перадвыбарчай праграмы. Карацей, ня будзеш красьці ты, ня будуць красьці падначаленыя. І так па вэртыкалі”.

Чарговым разам кіраўнік Беларусі закрануў тэму нацыяналістаў, якія напачатку 1990-х “пасадзілі рускіх на чамаданы”. І ў выніку, як ён выказаўся, 38-гадовы хлапчук-Лукашэнка мусіў “расхлёбваць” гэтыя наступствы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG