Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дэпутаты паедуць у Грузію


Заля паседжаньня Палаты прадстаўнікоў

Заля паседжаньня Палаты прадстаўнікоў

Палата прадстаўнікоў на восеньскай сэсіі разгледзіць мажлівасьць унясеньня ў парадак дня пытаньня пра прызнаньне сувэрэнітэту і незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Пра гэта сёньня паведаміў журналістам кіраўнік Палаты Уладзімер Андрэйчанка. Аднак зь ягоных словаў стала зразумела, што адбудзецца гэта ня так хутка.

Сёньня ў перапынку першага восеньскага паседжаньня Ўладзімер Андрэйчанка падышоў да журналістаў. Прэсу найперш цікавіла, калі дэпутаты разгледзяць зварот да іх парлямэнтаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Тыя просяць прызнаць сувэрэнітэт і незалежнасьць гэтых тэрыторыяў.

Сьпікер Палаты назваў пытаньне складаным. Яго дагэтуль вывучае парлямэнцкая міжнародная камісія. Яна абяцае хутка перадаць усе дакумэнты на разгляд рады Палаты. А далей спадар Андрэйчанка бачыць сытуацыю так:

”Я не выключаю, што на паседжаньні рады мы пасьля вывучэньня меркаваньняў нашага насельніцтва, дакумэнтаў, якія прынялі Эўразьвяз і Рада Эўропы, усё ж такі сфарміруем дэпутацкія групы. Накіруем іх для вывучэньня аб’ектыўнай сытуацыі ў Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. І, безумоўна, сустрэнемся з дэпутатамі Дзяржаўнай Думы Расейскай Фэдэрацыі. Затым разгледзім мажлівасьць унясеньня гэтага пытаньня ў парадак дня паседжаньня Палаты прадстаўнікоў”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што Палата прадстаўнікоў будзе як мага надалей адцягваць разгляд гэтай праблемы. Ён тлумачыць, чым гэта выклікана:

“Па-першае, розныя афіцыйныя асобы Эўразьвязу неаднаразова казалі, што, хоць непасрэднай сувязі паміж удзелам Беларусі ва “Усходнім партнэрстве” і прызнаньнем Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі няма, такі крок афіцыйнага Менску можа нэгатыўна паўплываць на дачыненьні з Брусэлем. А паколькі Менск разьлічвае на дапамогу Захаду, у тым ліку і ЭЗ, то псаваць гэтыя дачыненьні яму ня хочацца. Днямі спадар Гольцапфэль — кіраўнік офісу Эўракамісіі ў Беларусі казаў, што рашэньне аб маштабнай фінансавай дапамозе з боку Эўразьвязу яшчэ не прынятае. Я не выключаю, што ў Брусэлі глядзяць на паводзіны беларускіх уладаў і чакаюць, як вырашыцца гэтае пытаньне”.

У гэтай справы ёсьць і другі бок, заўважае палітоляг Фёдараў:

“Былі шматлікія заявы кіраўнікоў гэтых дзьвюх аўтаноміяў на тэрыторыі Грузіі пра жаданьне ўступіць у так званую саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. І калі з боку Беларусі адбудзецца іх прызнаньне, то і ня будзе ніякіх падставаў, каб ім адмаўляць. Але, на мой погляд, беларускае кіраўніцтва зусім не жадае сядзець побач з гэтымі мікраскапічнымі псэўдадзяржавамі. Гэта азначае мець зь імі роўны голас. А зразумела, на чыім баку будуць гэтыя галасы, калі ў Беларусі і Расеі ўзьнікнуць нейкія разыходжаньні”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG