Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пікетаваў бы кожны дзень – каб у Беларусі больш не было рэфэрэндумаў”


Агляд тэлефанаваньняў за пятніцу 2 кастрычніка

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — развагі пра тое, што згубіць Беларусь, разьвітаўшыся з дыктатурай; тэлефанаваньні аб пачатку ацяпляльнага сэзону; трагедыі на трактарным заводзе.

Кастрычнік у момант заліў верасьнёўскае цяпло дажджамі, насунуўся холад… Як заўсёды — “нечакана” для ўладаў…

Спадар: “У Мядзельскім раёне на сёньняшні дзень, а ўжо пачынаецца ацяпляльны сэзон, малазабясьпечаным і льготнікам не прывезьлі да гэтай пары паліва. Можа быць, што-небудзь падзейнічае на нашых балбатуноў?”

Ды што той холад: здараецца, не заўважаюць нават чалавечую трагедыю…

Спадарыня: “Я хачу выказаць сваё меркаваньне наконт аварыі на трактарным заводзе. Там перакуліўся пад’ёмны кран і згарэла маладая жанчына, маці трох дзяцей. Але ў газэце МТЗ ніводнага радочка, ні слоўца. А сьвяткавалі дзень машынабудаўнікоў, дык танчылі, сьпявалі. Усё…”

Нашыя слухачы адгукаюцца на дачасную раптоўную сьмерць былога супрацоўніка Свабоды Альгерда Невяроўскага

Мікола Лавіцкі: “Сумна і балюча пачуць тую навіну… Нас калісьці аб’яднала, пазнаёміла Таварыства беларускай мовы. Ён працаваў яшчэ, акрамя названых газэт, і ў “Нашым слове”, якую ўзначальваў Эрнэст Ялугін. Вельмі сумна. Царства яму нябеснае…”

Традыцыйна шмат у радыйнай аўдыёпошце водгукаў на палітычныя матэрыялы Свабоды

Аляксандар Лапіцкі: “Ахвяры палітычных рэпрэсій горада Менска пратэстуюць супроць суду над актывістамі дэмакратычнага руху ў Вілейцы, якія выказалі нязгоду супроць зносу крыжоў у памяць аб Расьціславе Лапіцкім, які мужна змагаўся са сталінізмам”.

Андрэй, Салігорск: “Мне без аднаго году семдзесят. Пікетаваў бы кожны дзень! Толькі за скасаваньне рэфэрэндуму, толькі за тое, каб гэты рэфэрэндум больш ніколі не вяртаўся. Ніякія выбарчыя працэсы ў нас не праходзяць. Пакуль “ён” будзе ўдзельнічаць, фальсыфікацыі будуць працягвацца. Бясконца”.

Падсумоўвае гэты блёк тэлефанаваньняў званок з пытаньнем:

Спадарыня: “Амбасадар Чэхіі Іржы Карас сказаў: “Беларусь будзе ў Эўразьвязе!” Але з усіх дзяржаваў Эўразьвязу я ніводнай не магу назваць, якая б знаходзілася адначасова ў двух саюзах. Беларусь на дадзены момант знаходзіцца ў саюзе з Расеяй, а наконт уступленьня ў ВТО, дык яшчэ і з Казахстанам. Хацелася пачуць, якім чынам Беларусь разам з Лукашэнкам уцісьнецца ў Эўразьвяз, адначасна знаходзячыся ў саюзе з Расеяй. Вынікае, што і Расея будзе там? На мой погляд, гэта малаверагодна”.

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня — дырэктар выдавецтва “Логвінаў” Аляксандра Дынько.

Аляксандра Дынько
Аляксандра Дынько: “Гэтае пытаньне дэманструе глыбокі палітычны розум, які ёсьць у нашых людзей, — яно вяртае нас да рэальнасьці. Бо мы вельмі часта сыходзім з вобразу ілюзорнай, віртуальнай Беларусі, нібыта тое, што адбываецца цяпер, можна будзе лёгка перакрэсьліць. Нібыта можна будзе пачаць усё з чыстага аркуша. І нам усё ўдасца зрабіць наноў. У гэтым сэнсе рэпрэзэнтацыя цяперашняй улады, як дыктатарскай, безумоўна, вельмі выгадная. Але трэба разумець усё ж, што ў палітычным сэнсе на дадзены момант Беларусь амаль роўная цяперашняй уладзе. Калі мы ўсё ж такі хочам усё пачаць наноў. Гэта будзе зьвязана зь вельмі вострым, балючым і трагічным працэсам пераасэнсаваньня таго, што адбываецца цяпер, асуджэньня таго, што адбываецца цяпер. І трэба думаць ужо цяпер, каб вынікі таго працэсу не прынесьлі больш шкоды, бо запатрабуецца перакрэсьліць вельмі шмат усяго”.


Нагадваем: тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG