Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвы агляд інтэрнэту прапануе блогер Будзімір.

Гэтым тыднем так многа было патрыярха Кірыла, што да каторых ён пачаў прыходзіць нават у сьне. Аўтарка «СБ-БС» Тацьцяна Курбат прызналася ў сваім блогу:

Я сёньня сьніла патрыярха Кірыла. Як думаеце, да чаго гэта?

«Чакай позвы з манастыра!»
— адгукнуўся ейны чытач belyklyk

Блогер — вольны пісака. Закону аб СМІ не падпарадкоўваецца, ніхто над ім не стаіць зь бізуном у выглядзе зводу рэдакцыйных правілаў або кодэкса журналісцкай этыкі. Што ў галаву набрыдзе, тое і піша. Не зважаючы на асобы і не шкадуючы «сьвятарных кароваў». Вось і патрыярха Кірыла некаторыя сустрэлі без належнага піетэту. Полацкі этнограф Уладзімер Лобач дык увогуле ўцёк ад яго ў поле:

Рэклямныя шчыты з выявай патрыярха Кірыла глядзяцца блякла, як і ўся сацыяльная агітка на вуліцах нашых гарадоў. Не стае сьвежых ідэяў уладам і царкоўнікам. Напрыклад, Кірыл у «касусе», бандане, чорных акулярах з электрагітарай у руках: «Праваслаўны рок па-беларуску! У гонар 430-й гадавіны вызваленьня Полацка. Толькі адзін канцэрт!» Нават я схадзіў бы падзіваваццца. А так — уцяку ў поле, бо ад трызьненьняў пра «сьвятую Русь» ужо млосна.

Што да нястачы сьвежых ідэяў у праваслаўнай царквы, Уладзімер дарэмна на яе намаўляе. Згадайма прынамсі ліпеньскі паход праваслаўных байкераў на Севастопаль пад правадырствам дыякана Кураева і па дабраславеньні патрыярха. Дзе былі і «касухі», і банданы, і напаўаголеныя кабеты з харугвамі.

Блогер lukashyk скардзіцца на нязручнасьці, выкліканыя візытам чарговага высокага госьця, і робіць патрыярху прапанову канчаткова высьветліць адносіны зь іншымі духоўнымі лідэрамі на беларускай зямлі:

У мамы на працы разнарадка — 15 чалавек ад прадпрыемства адправіць на сустрэчу з патрыярхам. Я сяджу ў аэрапорце, чакаю дакумэнтаў на наш груз, а праз гадзіну сюды прылятае духоўны таварыш і я зноўку магу аказацца замкнёным, як два тыдні таму з-за прылёту Уга Чавэса.

Па сеціве блукаюць чуткі і плёткі, што калі да нас у 2010 годзе завітае Бэнэдыкт, то сустрэнецца нарэшце на шматпакутнай беларускай зямлі (гэта правераны гістарычны палігон) са сваім праваслаўным калегам. Варта яшчэ да кучы запрасіць Далай-ламу ды зладзіць Mortal Combat, гэтак мы даведаемся, чыё ку-фу мацнейшае і чыя рэлігія праўдзівая.

Прыкладна ў гэтым накірунку, дарэчы, мысьліць і прэзыдэнт. Нездарма ж ён запрасіў Пан Гі Муна, каб «правесьці адмысловыя тэматычныя дэбаты Генэральнай Асамблеі ААН ў справе разьвіцьця міжрэлігійнага дыялёгу, у якім павінны ўзяць удзел усясьветныя лідэры і прадстаўнікі розных канфэсіяў».

Тым часам l_u_f_t стварыў зьдзеклівую афіцыйную хроніку:

...Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка абмяняўся гадзіньнікамі зь Яго Сьвятасьцю Патрыярхам Кірылам. «Мяне абдурылі болей, чым у два разы», — адзначыў Яго Сьвятасьць у інтэрвію айчынным і замежным СМІ...

У камэнтарах да гэтага паведамленьня lemantar дадае:

Загаловак перадавіцы ў газэце «Белоруссія Сегодня Советская»: «Усяго за пяць хвілінаў ВУП Беларусі вырас на $20000!»

Як вядома, падчас пастарскага візыту патрыярха ва Ўкраіну журналісты сфатаграфавалі гадзіньнік на ягонай руцэ, кошт якога складае ля 30 тыс. эўра. Тады як гадзіньнік Аляксандра Лукашэнкі, сфатаграфаваны ў Вільні беларускім фатографам Антонам Матолькам, каштуе ўсяго 17 тыс. даляраў.

Дыякан Андрэй Кураеў, рэагуючы на вэрхал вакол патрыярхавага гадзіньніка, ўсчаты мэдыямі, сказаў быў, што «гэта таксама форма пакорлівасьці: ня стылізаваць сябе пад вандроўнага манаха-жабрака, а пакорліва карыстацца тым, што даюць табе людзі і Царква, але не прыкіпаць да гэтых рэчаў». Карыстаючыся нагодай, я хацеў бы закінуць слоўца за беларускага прэзыдэнта, у якога не знайшлося красамоўнага абаронцы.

Ня ён такі, мы, беларусы, такія! Вось вам навочны прыклад. Мая цётка, якая пражыла каля 15 гадоў у ЗША, працуючы ў тамтэйшым Нацыянальным інстытуце здароўя, мелася прыехаць у беларускую вёсачку да сваёй састарэлай сваячкі. Тая, натуральна, пахвалілася аднавяскоўцам, таму візыту замежнай пані чакалі ўсёй грамадою. Ня ведаю, што менавіта яны спадзяваліся ўбачыць, але, калі нарэшце ўбачылі, страшэнна расчараваліся. «Ты ж казала, твая пляменьніца вучоная з Амэрыкі... А яна ходзіць у звычайнай куртцы і бруках!» — тлумачылі сваё расчараваньне сяляне.

Ці бачыце, высокі сацыяльны статус, па меркаваньню беларусаў, павінен выражацца праз яўныя прыкметы прэстыжу. Чагосьці кшталту залатога кальца ў носе. Іначай гэты статус апынаецца пад сумневам.

Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што беларускі прэзыдэнт — носьбіт найвышэйшага статусу ў рэспубліцы — носіць гадзіньнік, кошт якога роўны прыкладна 50-ці сярэднямесячным беларускім заробкам. Ён беларус, а значыць падзяляе калектыўныя нацыянальныя ўяўленьні пра тое «як трэба». Ну ня можа ён сабе дазволіць страціць годнасьць, зьявіўшыся ў Эўропе зь якім-небудзь «Лучом» на руцэ. Каб падумалі, што ён убогі нейкі!

Што тычыць сьмешыкаў вакол патрыярха, якія могуць падацца недарэчнымі некаторым праваслаўным вернікам, іх заклікае не баяцца прадстаўніца міжнароднай моладзевай праваслаўнай арганізацыі “Сіндэсмас” у Цэнтральнай Эўропе, рэдактар парталу “Царква” Натальля Васілевіч. Каб падаць уласны прыклад, яна зьмясьціла ў сваім блогу вядомы фотаздымак патрыярха, зроблены «Нашай Нівай», пад загалоўкам «Патрыярх у вечным агні»:




Як у Данте, у каторага ўсе рымскія папы смажацца ў пекле :) — адкамэнтаваў true_hans


ЦІ ПАВІННА БЕЛАРУСКАЯ ЦАРКВА БЫЦЬ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ?


Блогеры здатныя ня толькі да жартаў, ім не чужыя і развагі на сур’ёзныя тэмы. Візыт патрыярха сярод іншых пытаньняў абудзіў пытаньне адміністратыўнай прыналежнасьці беларускай праваслаўнай царквы.

Раз-пораз ад нацыянальна-арыентаваных праваслаўных вернікаў можна пачуць: «Хутчэй бы ўжо аўтакефалія!». Такое жаданьне на першы погляд можа падацца цалкам зразумелым і абгрунтаваным. Але гэта — толькі з нацыянальна-палітычнага пункту гледжаньня. Для якога незалежнасьць перадусім. Дзяржаўная незалежнасьць. Чаго такі пункт гледжаньня не ўлічвае, дык гэта мажлівай унутранай залежнасьці царквы ад дзяржавы. Пра што піша блогерка ambress:

Я думаю, прыналежнасьць да Маскоўскага патрыярхату дае зараз большую свабоду ад дзяржавы,чым аўтакефальная царква. Магу ўявіць сабе зрастаньне сёньняшняй улады і гіпатэтычнай нацыянальнай царквы!

На гэты ж конт burbalka выказалася такім чынам:

Царква ня мусіць быць «пад дзяржавай», таму аўтакефалія вельмі не пажаданая на дадзены момант, калі дзяржава пад сябе ўсё падмінае. «Руская Царква» ці «Беларуская» — гэта няправільная пастаноўка пытаньня — царква ня можа быць нацыянальнай. І, па сутнасьці, Царква — гэта і ёсць новы народ. Калі ў мяне пытаюцца пра маю нацыянальнасьць, я адказваю «праваслаўная».

Блогер paabapal таксама не прыхільнік аўтакефаліі, дадае:

У Хрысьце няма ані эліна, ані юдэя — гэта значыць, што нацыянальнае і патрыятызм Царква не павінна падтрымліваць. Калі яна гэта робіць, нацыянальныя эліты папросту выкарыстоўваюць рэлігію як ідэалягічную сыравіну для падмурка ўласнай улады, ня больш за тое. Хрысьціянства не супярэчыць нацыянальным пачуцьцям да таго моманту, пакуль нацыянальныя пачуцьці згодныя з Эвангельлем. На жаль, як правіла, гэтая раўнавага трымаецца вельмі нядоўгі тэрмін альбо ў вельмі малой колькасьці прадстаўнікоў нацыі.


Нібыта ўсё слушна. Толькі ж уяўнай БАПЦ супрацьстаіць не ідэальная наднацыянальная царква, а наяўная РПЦ МП, якая бясспрэчна зьяўляецца актыўным правадніком імпэрскай «рускай ідэі».

А ці можа ўвогуле царква заставацца па-за палітычнымі гульнямі? Занадта спакусьліва для зямных уладароў скарыстацца гэткім сродкам найвышэйшай легітымацыі ўласных дзеяньняў. Кастусь Чарнец цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі: «Я не зусім разумею, як можна такі агромністы інстытут, як царква, адасобіць ад дзяржавы», і разважае пра тое, што максыму Дастаеўскага — «калі Бога няма, то ўсё дазволена», лёгка перайначыць: «калі Бог ёсьць, то ўсё дазволена».

Пытаньне ж у тым, што менавіта «ўсё» і які «бог»? Гэтак, царападобны ўладарны бог усё дазваляе богападобным царам і ўладарам. Трэба толькі заключыць зь ім запавет (саюз, дзелавую дамову або феадальна-васальнае пагадненьне), які дасьць табе права беспакарана мардаваць беднага, прыгнятаць ніжэйшага і зьбіваць безабароннага. З пачуцьцём уласнай правасьці.


ЦІ ПАВІННЫ БЕЛАРУСЫ БЫЦЬ БЕЛЫМІ?


Вялікі аматар правакацыяў lesnoi_slon ізноў узбухторыў народ. Скарыстаўшы навіну пра тое, што тэлеканал АНТ арганізаваў курсы беларускай мовы, якія вядзе, разам з намесьніцай ТБМ Аленай Анісім, чарнаскуры беларускі сьпявак Андрусь Такінданг. «Я ведаў, што зь беларускасьцю ўсё кепска» — піша блогер — «але ня ведаў, што нагэтулькі!»

Сонца мусіць быць жоўтым, трава — зялёнай, жонкі — жаночага роду, а настаўнікі беларускай мовы — беларусамі. Мова — зьява вельмі кансэрватыўная і тонкая, адпаведна прышчэпліваць яе трэба архі-прадумана. Я, прыкладам, працую ў дзіцячым выдавецтве — мы ня робім кнігаў для маленькіх з чорнымі старонкамі або голымі дзеўкамі. Чаму? Таму што нават самым «прышпільным» бацькам не захочацца набываць дзіцячыя кніжкі са змрочнымі або парнаграфічнымі ілюстрацыямі. Бацькі — кансэрватары. А мова — гэта яшчэ больш кансэрватыўная рэч. Што мы атрымаем у выніку, калі гэтую мову сьпярша выкаранялі лягерамі і рэпрэсіямі, а пасьля пачынаюць прышчапляць нэграмі? Я ўжо зараз вам скажу — у выніку мы атрымаем толькі яе непрыманьне.

Яму падтаквае kryviec:

Баюся, для бальшыні простых беларусаў, якія таксама збольшага маюць кансэрватыўныя погляды і выхаваньня ўласна беларуская мова будзе асацыяцывацца з рознымі дэвіянтамі: літаратары-вычварэнцы, апазыцыя, нэгры і г.д. То бок яна будзе ўспрымацца не як норма, а як адхіленьне ад нормы праз публічнае культываваньне гэткіх яе носьбітаў.

Асабіста мне было вельмі прыемна ўбачыць, што гэтыя, скажам шчыра, пячорныя погляды не знайшлі водгуку ў большасьці нацыянальна-зацікаўленых блогераў. Прынамсі, важнейшай за колер скуры Андруся яны палічылі ягоную актыўную дзейнасьць на карысьць беларушчыны. Для іх ён аказаўся больш сваім, чым беласкуры, але расейскамоўны lesnoi_slon. Такім чынам у Андруся Такінданга ўжо дзьве заслугі. Апроч таго, што ён зрабіў істотны ўнёсак у сучасную беларускую культуру, Андрусь сваім існаваньнем прышчапіў вялікую частку беларускіх нацыяналістаў ад расізму. Давёўшы, што беларус можа быць чорным, і гэта не заміне яму застацца беларусам.

З гэтай нагоды прыгадваецца барадаты ўкраінскі анэкдот.

Сядзіць мурын на майдане Незалежнасьці ў вышыванцы і чытае «Українську правду». Да яго падыходзіць кіеўскі месьціч — прадстаўнік «карэннага насельніцтва» і пытае:

— Неужелі вы умеете чітать по-украінскі?
— Авжеж.
— І понімаете?
— Авжеж.
— Подождіте, вы что же, понімаете украінскій, чітаете на нём і разговаріваете, да?
— Так, звісно!
— Простіте, а кто вы по національності?
— Як хто?! Українець!
— А я тогда кто?
— Біс тебе знае. Мабуть москаль.


ЦІ ПАВІННЫ БЕЛАРУСЫ БЫЦЬ ГЕТЭРАСЭКСУАЛЬНЫМІ?


Калі расізм, на шчасьце, нельга назваць шырока распаўсюджанай зьявай у беларускай інтэрнэт-супольнасьці, то гэтак званая «гамафобія» мае вельмі шмат прыхільнікаў. Можна сказаць, гэта адна з найбольш упадабаных беларускімі блогерамі-мужчынамі тэмаў. Гэтым тыднем геяў зьвінавацілі ў няўменьні... гатаваць дранікі:

Традыцыя моцная, у тым ліку, і сваімі асіміляцыйнымі патэнцыямі. Ацэньвае, прымярае, уводзіць у культурны кантэкст. Не адразу, спакваля, даволі доўгі час. Але, калі пэўная зьява (рэч, прадукт) прыжылася ў побыце 3-4 -х пакаленьняў, то, можна лічыць, што традыцыя ўпісала яе ў свой рэестр. Так, напрыклад, прыжылася бульба. І хай цьвердзяць апалагеты шчаўя і мяса, што зь яе з’яўленьнем тутэйшы люд стаў цяжкі на пад’ём, «абульбоніўся», але простыя румяныя дранікі пасьпяхова перакрэсьляць гэтыя тэзы. Гэткім жа чынам можна сьцьвярджаць, што пакуль у хатах не было коміна, людзі, жывучы ў куродыме, больш шанавалі Неба.

Але ёсьць рэчы, якія ўпарата не прыжываюцца, адпрэчваюцца традыцыяй, што навамоднымі дэмакратамі трактуецца як «савецкасьць», «ментальная адсталасьць», «гамафобія». Перакананы, што гомасэксуальныя адносіны ніколі ня будуць ацэньвацца пазітыўна (і нават нейтральна) у нашым грамадзтве. Адно негатыўна. Лічу гэта прыкметай духоўнага здароўя. А ты?

Яшчэ, як мне, чамусьці, здаецца, геі ня ўмеюць і ня любяць гатаваць дранікі.

Нічога не магу сказаць пра кулінарныя здольнасьці геяў, але не магу ня выказацца наконт гамафобіі. Гэтая фіксацыя на выкрыцьці гомасэксуалістаў мне падаецца ня толькі нейкай хваравітай, але і крывадушнай. Той самы блогер неўзабаве пасьля паведамленьня пра бульбу, геяў і традыцыю напісаў яшчэ адно, пра «нармальных» мужчынаў:

Аскеза мужчын ня ў тым, што яны зь лёгкасьцю абыходзяцца безь мішуры (лакі, фарбы, памады, завушніцы...), гэтак неабходнай жанчынам. Праўдзівая аскеза мужчын заключаецца ў тым, што ў пэўных жыцьцёвых абставінах яны задавальняюцца сэксам дзеля сэксу, не патрабуючы за кожным разам раскошы пачуцьцяў.

Калі ты лічыш нармальным «сэкс дзеля сэксу» і нават выхваляесься гэтым, то ня маеш ніякага маральнага права вінаваціць геяў. Бо, бадай, адзінае, у чым іх слушна абвінавачваюць, дык гэта ў празьмернай засяроджанасьці на сэксуальнай сфэры і «палавой разбэшчанасьці». Іншымі словамі, у тым, што яны практыкуюць той самы «сэкс дзеля сэксу». Дык чым, уласна, ад іх адрозьніваецца гетэрасэксуальны распусьнік? Анічым. Гомасэксуалізм — акурат такая самая загана, як і выпадковыя гетэрасэксуальныя адносіны без абавязкаў ды наступстваў. Можна нават сказаць, што гомасэксуалізм — больш мяккі варыянт. Прынамсі, ад яго не бывае ані спаронаў, ані выпадковых і непажаданых дзяцей. І чамусьці мне здаецца, што разьбітых сэрцаў — гэтага частага выніку «сэксу дзеля сэксу пры пэўных абставінах» з гетэрасэксуальным партнэрам — таксама.

Такім чынам, гомасэксуалізму супрацьстаіць не гетэрасэксуалізм, гэтым двум роднасным галінам «сэксуалізму» супрацьстаіць такое стаўленьне да чалавека, якое не дазваляе скарыстаць яго ў якасьці сродку ўласнага мэханічнага і дзелавітага задавальненьня. «Натуралам» і «геям» супрацьстаяць тыя, хто рызыкне сьцьвярджаць, што каханьне — гэта на ўсё жыцьцё.

Кахайце адно аднаго. І не забывайцеся, што іншы чалавек — ня сродак, але мэта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG