Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ірляндыя галасуе за будучыню Эўразьвязу


"Вайна плакатаў" у Дубліне перад рэфэрэндумам. На плакат з заклікам сказаць Лісабонскай дамове "ТАК" налеплены іншы са словам "АБМАН"

"Вайна плакатаў" у Дубліне перад рэфэрэндумам. На плакат з заклікам сказаць Лісабонскай дамове "ТАК" налеплены іншы са словам "АБМАН"

Сёньня выбаршчыкі Ірляндзкай рэспублікі другі раз за апошнія 16 месяцаў галасуюць на рэфэрэндуме аб ратыфікацыі Лісабонскай дамовы, што вызначае правілы функцыянаваньня пашыранага Эўразьвязу.


Першы рэфэрэндум у Ірляндыі адкінуў гэтую дамову. Для таго, каб яна стала законам, патрэбна ратыфікацыя ва ўсіх краінах Зьвязу.

На першы погляд выглядае, што ў параўнаньні зь першым рэфэрэндумам ў Ірляндыі нічога не зьмянілася, — плякаты “за” і “супраць” расклеены амаль на кожным ліхтары.

Тыя, хто агітуе ірляндцаў за ратыфікацыю, сьцьвярджаюць, што яна аблегчыць працэс прыняцьця рашэньняў у пашыраным Эўрапейскім зьвязе. Апанэнты кажуць, што дамова падрывае нацыянальны сувэрэнітэт.

Крызіс агітуе “за”


Але за 16 месяцаў і Ірляндыя, і Эўропа зьмяніліся. Адчуваецца страх, які прынёс жыхарам эканамічны крызіс. У Ірляндыі, якая паўтара
Праціўнікі Лісабонскай дамовы сьвяткуюць сваю перамогу ў 2008 годзе
гады таму лічылася эканамічным тыграм, цяпер падвоіўся ўзровень беспрацоўя — узрос да 13 працэнтаў, дэфіцыт бюджэту вырас з 3 да 11 працэнтаў. І цяпер у многім краіна трымаецца дзякуючы аднаму зь інстытутаў Эўразьвязу — Эўрапейскага цэнтральнага банку.

Гэта прызнае і прэм’ер-міністар краіны Браян Кавэн, які мяркуе, што менавіта крызіс гэтым разам прымусіць ягоных суайчыньнікаў прагаласаваць за Лісабонскую дамову.

Як сьведчаць апытаньні, мінулы раз грамадзяне Ірляндыі галасавалі супраць, таму што баяліся, што зьмены пазбавяць іх свайго ўпаўнаважанага ў Эўрапейскай камісіі, нізкіх карпаратыўных падаткаў, паставяць пад пагрозу вайсковы нэўтралітэт краіны і жорсткі закон супраць абортаў. Цяпер ірляндзкі ўрад атрымаў з Брусэлю гарантыі, якія датычацца ўсіх гэтых праблем.

Да кампаніі за Лісабонскую дамову далучыліся найбольшыя партыі краіны і грамадзкія арганізацыі.

А трацкісты — “супраць”


''Вайна плакатаў'' у Дубліне перад рэфэрэндумам. На плакаце заклік сказаць Лісабонскай дамове ''НЕ!''
Найбольш актыўна супраць ратыфікацыі дакумэнта выступае дэпутат Эўрапарлямэнту ад Дубліна камуніст-трацкіст Джо Гігінз. У сваёй агітацыі “супраць” ён выкарыстоўвае камуністычную рыторыку, кажа, што Лісабонская дамова кепская для простых працаўнікоў, бо аддае перавагі карпаратыўнай Эўропе вялікага бізнэсу.

Паводле апытаньняў, большасьць усё ж складаюць прыхільнікі дамовы, але пэўнасьці ў іх перамозе няма.

Апрача Ірляндыі Лісабонскую дамову яшчэ павінны ратыфікаваць Нямеччына, Польшча і Чэхія. Галасаваньне ў гэтых краінах у многім залежыць ад вынікаў рэфэрэндуму ў Ірляндыі.


Ўлада ў Эўразьвязе стане больш моцнай


Лісабонская дамова была прапанаваная і прынятая як выхад з тупіку, у якім аб’яднаная Эўропа апынулася пасьля таго, як ў 2005 годзе
Надпіс на вуліцы Дубліну: Галасуйце "НЕ"!
Францыя і Галяндыя сказалі на рэфэрэндумах “не” Эўрапейскай Канстытуцыі.

Лісабонская дамова прадугледжвае менш жорсткія формы палітычнай інтэграцыі, чым былы праект Канстытуцыі Эўропы. Паводле дамовы ўводзіцца пасада прэзыдэнта Эўропы, якога ўрады краінаў-удзельніц абіраюць на два гады. Зараз краіна-старшыня Зьвязу абіраецца на паўгады. Аб’ядноўваюцца пасады прадстаўніка Зьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і камісара па зьнешніх сувязях, фактычна ўводзіцца пасада міністра замежных справаў Эўразьвязу. Мяняецца парадак прыняцьця рашэньняў у Радзе міністраў Зьвязу. Паводле пагадненьня, для таго, каб рашэньне было прынятым, неабходна, каб за яго выказаліся найменей 15 з 27 краінаў, прычым гэтыя краіны павінны прадстаўляць прынамсі 65% насельніцтва Зьвязу.

Нацыянальныя парлямэнты атрымліваюць магчымасьць наўпрост уплываць на супольныя рашэньні Зьвязу, скарачаецца колькасьць сябраў Эўракамісіі, паводле пагадненьня не абавязкова, каб кожная краіна была прадстаўлена ў складзе гэтага выканаўчага органу.

Пагадненьне ўключае ў сябе таксама хартыю асноўных правоў грамадзянаў Эўразьвязу.


Што для Беларусі можа азначаць сёньняшні рэфэрэндум у Ірляндыі і ягоныя наступствы?


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG