Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Вайс: сытуацыя беларускай апазыцыі ненармальная


Гэбхард Вайс

Гэбхард Вайс

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Гэбхардт Вайс заявіў, што “паводле эўрапейскіх мерак сытуацыя беларускай апазыцыі ненармальная, бо яе дзейнасьць значна абцяжарана дзейнымі рамачнымі ўмовамі”.

У інтэрвію газэце “Советская Белоруссия” спадар Вайс нагадаў, што “ня трэба забывацца, што гаворка ідзе не аб “ворагах народа”, а аб грамадзянах , якія па-свойму — і гэта іх спрадвечна дэмакратычнае права — клапоцяцца пра краіну”.

Спадар Вайс адзначыў, што гэта аспэкт для яго мае “цэнтральнае палітычнае значэньне”. Ён лічыць, што апазыцыя “прынцыпова мае патрэбу ў большай свабодзе дзеяньняў, каб наогул быць у стане дастаткова працаваць для дасягненьня сваіх мэтаў унутры краіны”. Пасол адзначыў, што ні ў воднай эўрапейскай краіне нельга асьцерагацца апазыцыі, а тых “хто робіць ёй перашкоды ці нават не дапускае яе дзейнасьць”.

“Рэальная дэмакратыя дэманструе сваю сілу, калі сьцьвярджае і адпаведна забясьпечвае існаваньне апазыцыі як у канстытутцыйна-прававой форме, так і ў палітычнай рэчаіснасьці”,- сказаў спадар Вайс.

Таксама ён адзначыў, што за мінулы год беларускі бок зрабіў шэраг крокаў “з пазытыўным сыгналам”. Сёньняшняя пазыцыя ЭЗ і ўключэньне Беларусі ва “Усходняе партнэрства” сталі станоўчымі крокамі ў адказ.

“На вельмі высокім беларускім узроўні яшчэ зь вясны неаднаразова пацьвярджалася, што на гэтым ня будзе пастаўлена кропка, а будуць далейшыя крокі. З пункту гледжаньня ЭЗ, падобныя заявы пакуль яшчэ не ў дастатковай ступені выкананыя. Пачаўся працэс некаторага расчараваньня”, — сказаў спадар Вайс.

Ён згадаў факт затрыманьня невялікіх групаў дэманстрантаў, некаторыя зь якіх пакінулі міліцэйскі пастарунак у сіняках.

“Падобнае павінна спыніцца, інакш найбліжэйшым часам гэта прывядзе да рызыкі, якая тармозіць больш плённае разьвіцьцё палітычных стасункаў паміж Менскам і Брусэлям”,- сказаў спадар Вайс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG