Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуханьні па справе Сьнегіра завяршаюцца


Былы пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір

Былы пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір

Экс-пракурору Менскай вобласьці Міхаілу Сьнегіру вынесуць прысуд у сярэдзіне лістапада.

Службовыя слуханьні па ягонай справе завяршаюцца. Пра гэта паведаміў старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала, перадае Інтэрфакс.

Ён адзначыў, што гэта справа аб'ёмная і складае 38 тамоў, даволі вялікая колькасьць сьведкаў.

"Справы, па якіх у якасьці абвінавачаных праходзяць юрысты, ідуць марудна, бо трэба дасканала дасьледаваць матэрыялы”, - сказаў спадар Сукала.

Рэзалюцыйная частка рашэньня суду па гэтай справе будзе абвешчана ў закрытым рэжыме.



Пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнегір быў зьняты з пасады і арыштаваны летась ў сьнежні пасьля антыкарупцыйнай нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле кіраўніка дзяржавы былы пракурор нібыта незаконна набыў дарагую кватэру ў цэнтры Менска і будаваў катэдж пад Менскам.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка яшчэ 13 лістапада мінулага году правёў нараду ў пытаньні барацьбы з карупцыяй. Ён даручыў генпракурору ўнесьці прадстаўленьне аб вызваленьні з пасадаў намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра. Кіраўнік краіны таксама даручыў пачаць супраць іх крымінальную справу.

Мікалай Купрыянаў і пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір былі вызвалены ад займаных пасадаў і звольнены з органаў пракуратары 14 лістапада. Адносна іх была ўзбуджана крымінальная справа.

20-га студзеня, Міхаілу Сьнегіру выставілі абвінавачаньне паводле 3-яй часткі 424-га артыкулу Крымінальнага кодэксу – “злоўжываньне ўладай і службовым становішчам”. Міхаілу Сьнегіру пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG