Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мядзьведзеў, Артэга, Чавэс. Хто – чацьверты?


Сёньня адкрываецца восеньская сэсія Палаты прадстаўнікоў. Усіх Галоўнае пытаньне, якое цікавіць усіх, – ці будуць дэпутаты разглядаць пытаньне аб прызнаньні сувэрэнітэту Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Дэпутаты ўжо атрымалі папярэдні парадак дня працы на сёньня. У ім – 12 пытаньняў, пераважна эканамічных. Пытаньня аб прызнаньні сувэрэнітэту Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ў гэтым парадку дня няма.

Аднак рэглямэнт працы палаты дазваляе любому дэпутату падчас разгляду парадку дня прапанаваць уключыць у яго любое пытаньне. Так што дакладны парадак дня стане вядомы толькі пасьля таго, як парлямэнтары афіцыйна яго зацьвердзяць.

Аляксандар Лукашэнка нядаўна публічна казаў, што пытаньне аб Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі дэпутаты разгледзяць на восеньскай сэсіі. Уладзімер Здановіч – старшыня парлямэнцкай камісіі – гэта пацьвярджае:

“Гэтага пытаньня мы абысьці ня можам. А вынік? Усё будзе залежаць ад таго, якое рашэньне прыме бальшыня дэпутатаў. Але разглядаць праблему, вядома, трэба будзе”.

Сяргей Скрабец быў намесьнікам старшыні парлямэнцкай камісіі ў Палаце прадстаўнікоў другога скліканьня. Ён кажа, што пры вырашэньні прынцыповых пытаньняў дэпутатам “падказваюць”, як трэба прагаласаваць:

“Калі складаныя пытаньні вырашаюцца, то ўсіх дэпутатаў перад галасаваньнем зьбіраюць у камісіях. Старшыня кожнай камісіі раіць, як трэба галасаваць”.

Спадар Скрабец лічыць, што пытаньне пра Паўднёвую Асэтыю і Абхазію пакуль не разглядаюць толькі таму, што Аляксандар Лукашэнка яшчэ сам ня вызначыўся, якое рашэньне тут лепш прыняць:

“Калі яму ўжо націснулі на мазоль, то пытаньне будуць уключаць у парадак дня і вырашаць. Калі будзе пытаньне ў парадку дня, то дэпутаты прагаласуюць “за”. Гэта – маё меркаваньне”.

На сёньня сувэрэнітэт і незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі прызналі толькі тры краіны: Расея, Нікарагуа ды Вэнэсуэла.
XS
SM
MD
LG