Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пакуль апазыцыя ня можа быць трэцім бокам перамоваў”


Андрэй Ляховіч

Андрэй Ляховіч

1 кастрычніка дэпутаты Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адхілілі прапанову пазбавіць Расею права голасу ў ПАРЭ за нежаданьне Масквы выконваць рэзалюцыі асамблеі пра наступствы вайны паміж Грузіяй і Расеяй. Як можна ацаніць гэтую пастанову ПАРЭ, ці паспрыяе яно дыялёгу паміж Расеяй і эўрапейскімі краінамі? Ці можна параўнаць гэтае рашэньне і стаўленьне Парлямэнцкай асамблеі да афіцыйнага Менску? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аналітык Андрэй Ляховіч.


Цыганкоў: ПАРЭ прыняла рашэньне не пазбаўляць Расею права голасу у Парлямэнцкай Асамблеі. У рэзалюцыі ПАРЭ па выніках галасаваньня адзначаецца, што паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі пацьвярджаюцца "ва ўсьведамленьні таго, што гэта дазволіць расейскім уладам весьці прадуманы і канструктыўны дыялёг па ўсіх пытаньнях, згаданых у рэзалюцыях ПАРЭ, пра наступствы вайны паміж Грузіяй і Расіяй". Наколькі вам здаецца пераканаўчай гэтае тлумачэньне?

Ляховіч: Мне здаецца, што гэта было правільным рашэньнем. З аднаго боку, Расеі было нагадана, што Захад памятае аб праблеме фактычнай анэксіі часткі тэрыторыі Грузіі – Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі – і ніколі не прызнае гэтыя сэпаратысцкія рэспублікі. Зь іншага боку, пазбаўленьне Расеі права голасу ў ПАРЭ стварыла б надта вялікае напружаньне ў адносінах паміж Захадам і Расеяй. Прынятае рашэньне – “на паўтанах” – здаецца мне больш слушным і абгрунтаваным.

Цыганкоў: Ці можна тут правесьці пэўныя паралелі і параўнаць гэтае рашэньне са стаўленьнем Парлямэнцкай асамблеі да афіцыйнага Менску? Апошнім часам эўрапейскія структуры адыходзяць ад ізаляцыі і вядуць палітыкі “уцягваньня” Беларусі ў эўрапейскія справы, нават калі пры гэтым даводзіцца ісьці на пэўныя кампрамісы.

Ляховіч: Ёсьць вялікая розьніца паміж вынікамі такой палітыкі для Беларусі і Расеі. Адносна Расеі я ня думаю, што такая палітыка ўцягваньня Расеі будзе мець вынікам нейкі пазытыўны клімат у дачыненьнях паміж Захадам і Расеяй. Таксама не прывядзе гэта і да нейкі дэмакратычных пераменаў у Расеі.

Што да Беларусі, то тут можна сказаць, што такая палітыка “уцягваньня” больш пэрспэктыўная. Пашырэньнем эканамічных кантактаў Захад спрыяе трансфармацыі беларускага грамадзтва, у тым ліку і беларускай улады. Такая трансфармацыя павольная, але яна ёсьць – рэжым Лукашэнкі, не гледзячы на ціск з боку Расеі, праводзіць курс на паляпшэньне дачыненьняў з Захадам.
Сапраўды, Захад мог бы больш жорстка ставіць перад Менскам пытаньне палітычнай лібэралізацыі. Але трэба разумець, што для таго, каб беларуская апазыцыя скарысталася гэтымі магчымасьцямі, яна павінна прайсьці пэўную эвалюцыю. На жаль, пакуль апазыцыя знаходзіцца ў пэўным крызісе і ня можа быць трэцім бокам перамоваў. Таму дыялёг пакуль атрымліваецца паміж Захадам і рэжымам Лукашэнкі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG