Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалезная воля: Іосіфу Сярэдзічу - 60


Іосіф Сярэдзіч
Іосіф Сярэдзіч

Калі ўвесну 1990 г. я пазнаёміўся з Іосіфам Сярэдзічам, ён працаваў ужо намесьнікам рэдактара «Советской Белоруссии» – вельмі высокая пасада ў тагачасным журналісцкім цэху. Сярэдзіч быў толькі што абраны народным дэпутатам БССР, і кабінэт рэдактара СБ (вышэй ўжо не было) заставаўся толькі пытаньнем часу і жаданьня.

Але час (час надзей і пераменаў) ён скарыстаў не для асабістай кар'еры. Сярэдзіч сышоў з СБ – рабіць парлямэнцкую газэту, перад гэтым пераканаўшы спачатку дэпутатаў-журналістаў, потым камісію ВС па СМІ ў неабходнасьці такога выданьня. Некаторыя прапаноўвалі «забраць» пад ВС ужо існуючае выданьне, тую ж «Звязду», і Іосіф Паўлавіч запрапанаваў адразу пайсьці да сакратара ЦК па ідэалёгіі Пячэньнікава і паспрабаваць рэалізаваць гэтую задуму. Маўляў, калі атрымаецца – ён сваю прапанову аб новай газэце здымае. Пайшло нас некалькі чалавек – акрамя Сярэдзіча, Вярцінскага і мяне, быў і энэргічны дэпутат –дырэктар саўгасу «Гарадзец», які ў кабінэце сакратара ЦК агітаваў за свабоду слова і гаварыў больш за ўсіх нас разам узятых. Натуральна, вынік сустрэчы быў нулявы. Затое ў скептыкаў адпалі апошнія сумневы: Вярхоўны Савет павінен мець свой уласны орган.

Мяне заўсёды зьдзіўляла ў Сярэдзічу жалезная хватка. У прамым сэнсе – таксама. Летам таго ж 90-га, калі ягоная рэдакцыя месьцілася ў адным ці двух пакоях Дома ўраду, ён лавіў каго-небудзь з нас на калідоры і альбо цягнуў да нейкага міністра, альбо прымушаў падпісаць дэпутацкі запыт, каб «выбіць» паліграфію, мэблю, але часьцей за ўсё – дэфіцытную тады паперу. Адкруціцца не было як – падпісаўшы, я потым некалькі хвілінаў расьціраў руку пасьля «сярэдзічаўскай» хваткі.

Рэдактарская ж «хватка» Сярэдзіча была ня менш моцная. Калі ў апараце ВС стала вядома, што Гарбачоў наклаў рэзалюцыю з даручэньнем Дземянцею на мой ліст адносна ўтойваньня інфармацыі пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, Іосіф Паўлавіч імгненна даў ксэракопію той рэзалюцыі ў нумар (здаецца, трэці нумар новай газэты). Дземянцей учыніў разнос апарату за ўцечку інфармацыі, але журналісцкая справа была зробленая.

Немалых высілкаў каштавала Сярэдзічу пераканаць дэпутатаў, што газэта ня можа быць «органам», «рупарам», не абавязаная «праводзіць лінію», а павінна адлюстроўваць розныя погляды – ён друкаваў і артыкулы вэтэранаў-рэтраградаў, і выступы дэмакратычных дэпутатаў. Менавіта ў «Народнай газэце» была зьмешчаная Канцэпцыя эканамічнай рэформы Апазыцыі БНФ. У верасьні 1993-га Сярэдзіч друкуе артыкул Васіля Быкава пра небясьпеку імпэрскіх памкненьняў дэпутата Лукашэнкі. У студзені 94-га, калі яго адмовіліся надрукаваць ў СБ – артыкул Зянона Пазьняка «О руском империализме и его опасности», пасьля чаго праімпэрскія дэпутаты зрабілі энэргічную спробу зьняць Сярэдзіча з пасады.

Увогуле, пытаньне «аб мэтазгоднасьці знаходжаньня на пасадзе галоўнага рэдактара «Народнай газэты» Сярэдзіча І.П.» уносілася ў павестку дня сэсіяў разоў дзесяць, але ўвесь час правальвалася – і мы, дэпутаты БНФ, паўставалі на абарону Сярэдзіча, і сам Сярэдзіч выяўляў на трыбуне майстэрства дыплямата. Энэргія ў апанэнтаў некуды зьнікала, галасоў для адстаўкі не набіралася.

У адстаўку Сярэдзіча адправіў (на што ня меў ніякага законнага права) той самы дырэктар саўгаса, які ў кабінэце сакратара ЦК гучней за ўсіх казаў пра свабоду слова.

З таго часу Сярэдзіч стаў незалежным, ажыцьцяўляючы ўжо не парлямэнцкую, а народную волю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG