Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белтэлекам: мэдыя-кантэнт ляжыць у Расеі


Сёньня шэраг недзяржаўных інтэрнэт-апэратараў у Беларусі не маглі цягам амаль дзьвюх гадзінаў забясьпечыць выхад сваіх кліентаў на зьнешнія інтэрнэт-рэсурсы.

Шэраг карыстальнікаў страцілі доступ да замежных сайтаў і большасьці беларускіх. Правайдэры спасылаліся на дзяржаўную кампанію “Белтэлекам”, якая манапольна забясьпечвае інтэрнэт-сувязь. Да прыкладу, у тэхнічнай службе правайдара Solo паведамілі, што “Белтэлекам” нібыта пашырае свой канал, таму ідуць збоі. Не было доступу да эўрапейскіх і часткі расейскіх сайтаў. У “Атлант-тэлекаме” сказалі:

“Былі праблемы з боку “Белпак”. Гэта арганізацыя, у якой мы арандуем канал. Што канкрэтна ў іх адбылося мы ня ў курсе”.

Прэсавы сакратар “Белтэлекама” Аляксей Федарэнчык патлумачыў, што адбыўся збой у праграмна-апаратным комплексе, з маршрутызатарам, таму спатрэбілася яго перазагрузка:

“Гадзіна без інтэрнэту — гэта, вядома, вельмі цікавая штука. І вельмі непрыемна.
гэтая маленькая праблема паказала тое, што ў Беларусі няма свайго нацыянальнага беларускага кантэнту.
Але зь іншага боку, гэтая маленькая праблема паказала тое, што ў Беларусі няма свайго нацыянальнага беларускага кантэнту. І праблему адчулі карыстальнікі, бо яны зьвярталіся за кантэнтам у замежныя краіны, у прыватнасьці ў Расею. То бок увесь мэдыя-кантэнт і цяжкі кантэнт ляжыць у Расеі. А значыць, 90% трафіку прыходзіць адтуль. Калі б суадносіны былі крыху іншыя, то, я думаю, што крыху іншыя былі б наступствы”.

Паводле спадара Федарэнчыка, карыстальнікі “Белтэлекама” мелі доступ да інтэрнэту. Але гэта ніякая не прывілея, проста яны падключаныя па іншай схеме. Не адчулі гэтага збою, да прыкладу, у дзяржаўных структурах. Аднак ад іншых карыстальнікаў паступалі скаргі:

Федарэнчык: “Мне асабіста тэлефанавалі і дагэтуль тэлефоны не змаўкаюць. Я гэту праблему разумею і думаю, што наўрад ці каму хацелася б апынуцца бяз сувязі пэўны час”.

Паводле тэхнічнага дырэктара парталу Tut.by Дзяніса Адвалкі, падобнай сытуацыі можна пазьбегнуць у будучыні, але ў тым выпадку, калі манапаліст “Белтэлекам” дасьць больш свабоды для прыватных правайдэраў:

“У гэтым выпадку ў правайдэраў былі б каналы ня толькі празь “Белтэлекам”, а і празь нейкія альтэрнатыўныя. І яны змаглі б маршрутаваць увесь трафік праз рэзэрвовыя каналы. У гэтым выпадку рэзэрвовых каналаў няма, адпаведна, сам правайдэр нічога зрабіць ня мог. Заставалася толькі чакаць і спадзявацца на лепшае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG