Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фухіморы далі яшчэ 6 гадоў


Альбэрта Фухіморы

Альбэрта Фухіморы

30 верасьня суд у Ліме прызнаў былога пэруанскага прэзыдэнта Альбэрта Фухіморы вінаватым у подкупе дэпутатаў і выдаўцоў ды падслухоўваньні палітычных апанэнтаў падчас ягонага прэзыдэнцтва (1990-2000) і прысудзіў яго да шасьці гадоў зьняволеньня.

Гэта ўжо чацьвёрты турэмны прысуд былому пэруанскаму прэзыдэнту. У папярэдніх працэсах Фухіморы прысудзілі да 6 гадоў турмы за злоўжываньне ўладай, да 25 гадоў за датычнасьць да дзейнасьці эскадрону сьмерці і да 7 з паловай гадоў за прысваеньне вялікай сумы грошай незаконным шляхам.

У Пэру турэмныя прысуды не складаюцца разам, а таму, у найгоршым выпадку, былому прэзыдэнту давядзецца адседзець да канца прысуд 25 гадоў зьняволеньня. У практыцы для 71-гадовага Фухіморы гэта азначае пажыцьцёвае зьняволеньне.

Але ёсьць і лепшы варыянт для Фухіморы — у 2011 годзе ў Пэру адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Пра намер балятавацца на гэтых выбарах заявіла ягоная дачка, дэпутатка парлямэнту Кэйка Фухіморы, якая таксама паведаміла, што ў выпадку свайго выйгрышу памілуе бацьку. І шанцы на выйгрыш у Кэйка Фухіморы, паводле назіральнікаў пэруанскай палітычнай сцэны, ёсьць цалкам рэальныя. Ня ўсе людзі ў Пэру згадваюць прэзыдэнцтва ейнага бацькі толькі благім словам — шмат хто яму ўдзячны за эканамічную стабілізацыю краіны і здушэньне тэрарызму, нягледзячы на тое, што гэтае апошняе адбылося зь яскравымі парушэньнямі правоў чалавека.
XS
SM
MD
LG