Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўзятарам больш не адмаўляюць у брытанскіх візах


расейскія заўзятары "Эвэртана" ў Меснку

расейскія заўзятары "Эвэртана" ў Меснку

Больш за тысячу заўзятараў лівэрпульскага “Эвэртана” будуць сёньня падтрымліваць сваю каманду ў супрацьстаяньні з барысаўскім БАТЭ ў матчы Лігі Эўропы на менскім стадыёне “Дынама”.

А роўна праз два тыдні паўтары сотні беларускіх аматараў футболу выправяцца ў Лёндан, каб сваёй прысутнасьцю заахвоціць футбольную зборную Беларусі ў матчы з камандай Англіі. Нагадаем, што на аналягічны матч у Менск летась прыяжджалі звыш 3 тысяч брытанцаў. Чаму дэсант з туманнага Альбіёну традыцыйна больш масавы за беларускі? Якія бар’еры ўзьнікаюць на шляху заўзятараў абедзьвюх краінаў?

Сёньня менскія вуліцы напоўнены шумнай групай падтрымкі футбольнай каманды з Лівэрпулю. Усе — у бела-блакітных футболках, колер гульнявой формы “Эвэртана”. Літаральна на пяты ім наступаюць эксцэнтрычныя копы ў характэрных “кацялках” — заўзятараў, вядомых буйным норавам ва ўсім сьвеце, палісмэны суправаджаюць паўсюль. Тым часам фанаты ўсіх узростаў сьпяваюць клюбныя песьні і ацэньваюць шанцы сваіх любімцаў на перамогу:

“Каманда БАТЭ, ма-мойму, неяк зьвязана з трактарамі, але гэтая акалічнасьць наўрад ці паўплывае на вынік гульні (сьмяецца). Але, як любая невядомая каманда, яна на справе можа апынуцца моцным арэшкам, тым больш, што гуляе на сваім полі. Таму мы не чакаем лёгкай прагулкі ў Менску. То бок нас усьцешыць любая перамога, нават нічыя будзе нядрэнным вынікам”.



Паводле афіцыйных зьвестак, у Менск прыехалі больш за тысячу заўзятараў. У менскай міліцыі не хаваюць, што стаўленьне да гасьцей будзе звышпільнае, дзеля чаго на тэрыторыі стадыёна “Дынама” будуць усталяваныя намёты для пэрсанальнага агляду падазроных фанатаў.

Зрэшты, роўна год таму брытанскі дэсант у Беларусь быў яшчэ больш значны. На адборачную сустрэчу да чэмпіянату сьвету 2010 году ў Менск прыехалі больш за 3 тысячы заўзятараў, якія, між іншым, паводзілі сябе прыстойна і не засталіся ў гісторыі разьбітымі тварамі і вітрынамі.

Беларускі заўзятар: Яшчэ ніводнаму чалавеку пакуль не адмовілі пасьля той гісторыі

Цяпер з візытам у адказ маюцца выправіцца аматары футболу зь Беларусі. На матч 14 кастрычніка ў Лёндане ў лепшым выпадку паедуць паўтары сотні чалавек. Але яшчэ тыдзень таму і гэтая колькасьць была пад сумневам — камусьці падарожжа не па кішэні, для іншых непераадольным бар’ерам аказалася консульская служба амбасады Вялікай Брытаніі. Некалькім першым заяўнікам было адмоўлена ў выдачы візы, рашэньне было патлумачана “слабой эканамічнай сувязьзю з радзімай”. Пакрыўджаныя паскардзіліся журналістам. Цяпер, як кажа адзін з фанатаў, праблема нібыта вырашаная:
на сайце амбасады нават зьявілася рубрыка “адмыслова для заўзятараў” ...

“Яшчэ ніводнаму чалавеку пакуль не адмовілі пасьля той гісторыі. Пазаўчора на сайце амбасады нават зьявілася рубрыка “адмыслова для заўзятараў”. Калі б, вядома, зацікаўленыя бакі ад пачатку пайшлі і пагаварылі, то, мяркую, не было б увогуле ніякіх праблемаў. Як іх урэшце і ня стала. Амбасадар зьмяніўся, а з Фэдэрацыі футболу ніхто туды не схадзіў, загадзя нюансы не абмеркаваў, таму такі вынік адпаведны — заўзятараў разглядалі на агульных падставах. Крыўдна, што адмовы тычыліся пераважна нашых знаёмых: як мы першыя пайшлі, то нас першымі і “пасеклі”. Лепш, вядома, вучыцца на памылках іншых, чым на сваіх. Але атрымліваецца так, як ёсьць”.

Іншы заўзятар таксама перакананы, што падставай да канфліктнай сытуацыі стала няўзгодненасьць пазыцыяў паміж папярэднім і цяперашнім кіраўніцтвам брытанскага дыппрадстаўніцтва, а таксама абыякавасьць арганізатараў тураў у падтрымку нацыянальнай зборнай Беларусі, якія схамянуліся толькі постфактум. Між тым, “забракаваныя” заўзятары падлічваюць страты:
дасланыя супрацоўнікі ўспрымаюць нас гэтак жа, як насельнікаў якой-небудзь далёкай афрыканскай краіны ...

“Я сам толькі нядаўна даведаўся, што месяц таму зьмянілася кіраўніцтва амбасады, тады як абяцаньне палёгкі для заўзятараў даваў ранейшы пасол. Ён зараз нібыта ў Кітай ад’ехаў працаваць, а пасьля яго цалкам зьмянілася пашпартна-візавая служба. І, відавочна, новыя мэханізмы былі зьвязаныя з тым, што нядаўна дасланыя супрацоўнікі ўспрымаюць нас гэтак жа, як насельнікаў якой-небудзь далёкай афрыканскай краіны, адкуль усе хочуць “зваліць” у Вялікую Брытанію. У любым выпадку тыя, каму адмовілі ў візе, беззваротна страцілі авіябілеты і візавую падтрымку. Ня ведаю нават, ці маецца кампэнсаваць выдаткі турагенцтва, якое арганізуе паездку на матч”.

Прыхільнікі БАТЭ спадзяюцца, што ня ўзьнікне праблемаў з брытанскімі візамі падчас выязнога матчу барысаўцаў з “Эвэртанам” 17 сьнежня. І ахвотных паехаць ў Лівэрпуль, як абяцаюць заўзятары БАТЭ, будзе істотна больш, чым у выпадку са зборнай Беларусі.



XS
SM
MD
LG