Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 кастрычніка дэпутаты Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адпрэчылі прапанову наконт пазбаўленьня Расеі права голасу ў ПАРЭ за нежаданьне Масквы выконваць рэзалюцыі асамблеі пра наступствы вайны паміж Грузіяй і Расеяй.


Пазбавіць Расею права галасу прапанавала Грузія за леташнія падзеі ў Паўднёвай Асэтыі. Маскву абвінавацілі ў парушэньні шэрагу палажэньняў ПАРЭ, у прыватнасьці, таго, што расейскія ўлады ня сталі адклікаць прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. У аўторак, 29 верасня, ПАРЭ прыняла рэзалюцыю пад назвай "Вайна паміж Грузіяй і Расеяй: год пасьля". У гэтым дакумэнце адзначаецца заклапочанасьць асамблеі ў сувязі з адмовай Расеі дапусьціць на тэрыторыю Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі назіральнікаў з Эўрапейскага Зьвязу. ПАРЭ таксама скрытыкавала вэта, накладзенае Расеяй на рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН, якая павінна была падоўжыць мандат місіі назіральнікаў ААН у Абхазіі.

У рэзалюцыі адмысловая ўвага надавалася невыкананьню расейскім бокам патрабаваньняў, выкладзеных у папярэдніх рэзалюцыях ПАРЭ пад нумарамі 1633 і 1647. Сярод гэтых патрабаваньняў фігуруе патрабаваньне адмовы ад прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а таксама вяртаньне войскаў на пазыцыі, папярэднія жнівеньскай вайне.

Тады ж у аўторак камісія ПАРЭ па маніторынгу адмовілася падтрымаць прапанову Грузіі пазбавіць расейскую дэлегацыю права голасу ў асамблеі. Тым ня менш, дадзенае пытаньне было пакінутае на паседжаньне сэсіі ПАРЭ, якое адбылося ў чацьвер 1 кастрычніка.

Нягледзячы на рэзкую крытыку з нагоды дзеяньняў Расеіі ў вайне з Грузіяй, Парлямэнцкая Асамблея вырашыла ня ўводзіць санкцыі супраць Масквы. Дэпутаты асамблеі падчас галасаваньня выказаліся супраць таго, каб пазбаўляць расейскую дэлегацыю права голасу.

Супраць адпаведнай ініцыятывы прагаласавалі 88 эўрадэпутатаў. 35 зь іх — галоўным чынам, прадстаўнікі Грузіі і краін Балтыі — выказаліся “за”, яшчэ 10 — устрымаліся.

У рэзалюцыі ПАРЭ па выніках галасаваньня адзначаецца, што паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі пацьвярджаюцца "ва ўсьведамленьні таго, што гэта дазволіць расейскім уладам весьці прадуманы і канструктыўны дыялёг па ўсіх пытаньнях, згаданых у рэзалюцыях ПАРЭ, пра наступствы вайны паміж Грузіяй і Расіяй".

Адначасова дэпутаты ПАРЭ абвінавацілі Маскву ў тым, што больш як праз год пасьля сканчэньня ўзброенага канфлікту яна ўсё яшчэ ня выканала мірны плян у поўным аб'ёме. Дэпутаты зноў заклікалі Расею забясьпечыць умовы для вяртаньня грузінскіх уцекачоў у Паўднёвую Асэтыю і, нарэшце, дапусьціць назіральнікаў Эўразьвязу на тэрыторыю Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Большасьць выступоўцаў па гэтым пытаньні, аднак, выказаліся супраць таго, каб пазбаўляць права голасу 18 чальцоў расейскай дэлегацыі. Швэйцарскі сацыяліст Андрэас Грос выказаў меркаваньне, што Рада Эўропы — гэта свайго роду "лякарня для дэмакратыі". “Лекаваньне хворых і параненых будзе немагчымым, калі іх выправадзіць зь лякарні”, — растлумачыў ён.
XS
SM
MD
LG