Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расеі патрэбен не фарпост, а – буфэрная зона”


Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер 1 кастрычніка

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” – працяг учорашняй размовы пра дзяржаўныя і незалежныя СМІ; развагі, чым ёсьць Беларусь для Расеі – заходнім фарпостам ці буфэрам; дыскусія пра дачыненьні паміж БНФ і Рухам “За Свабоду”.

Учора мы далі слова слухачам, якія лічаць, што Радыё Свабода аднабакова асьвятляе беларускія рэаліі. Вось рэакцыя на тыя выказваньні:

Уладзімер, Полацак:
“Ня згодны са слухачом Уладзімерам з Мазыра, якому не падабаецца, як Свабода падае інфармацыю: маўляў, у нас усё дрэнна, дрэнна і яшчэ раз дрэнна. Не, паважаны, ня ўсё так дрэнна, аднак ня ўсё і так добра, таму Свабода і дае аб’ектыўную інфармацыю, чаго ня скажаш пра таварышаў з БТ. Яны са скуры вылузваюцца, намагаючыся прадставіць нам усё ў ружовым сьвятле. Нібыта ўсё добра, усё цудоўна. Так што кружэлку трэба мяняць на БТ – яна яшчэ савецкага ўзору. Паспрабуйце ў якасьці экспэрымэнту пазваніць на Белрадыё і сказаць хаця б пару слоў насуперак – ці дадуць вам слова? Сумняюся”.

Сёньня – Міжнародны дзень пажылых людзей.

Валер Курневіч, Барысаў: “Якім чынам нам сьвята – дзень пажылых людзей – сустракаць? Маўчаць ці ў голас крычаць? Улады міліцыянтам, вайскоўцам пэнсіі павышае, а пра нас, старых ды хворых, яна забывае. Відаць, няроўна дзеліць улада і Бог”.

Ларыса, Менск: “Людзі сталага веку ня могуць пастаяць за сябе, расчараваліся і страцілі надзею, што нехта можа дапамагчы. Час ідзе, пэнсія застаецца на тым жа ўзроўні, а цэны растуць”.

Па-ранейшаму шмат у нашай аўдыёпошце рознапалярных меркаваньняў наконт дачыненьняў паміж Партыяй БНФ і Рухам “За Свабоду”.

Спадарыня: “БНФ Янукевіча разам з рухам Мілінкевіча будуць жыць і муціць ваду да той пары, пакуль не спрацуе лавушка Лукашэнкі. І што з гэтага атрымаецца, пакажа 2011 год у дзень выбараў прэзыдэнта Беларусі”.

Спадар Зіноўеў: “Саюз БНФ зь Мілінкевічам зьяўляецца стратэгічна слушным, я жадаю БНФ і Руху “За свабоду” такіх самых змагарскіх характараў, як у заснавальнікаў незалежнай Беларусі ў 1991 годзе. А таксама палітычнай інтуіцыі і прадбачаньня паводзінаў улады”.

І напрыканцы – наступнае меркаваньне:

Спадар: “Расеі на захадзе патрэбны не фарпост, а буфэрная зона, якая б адмяжоўвала ейны рэжым ад Эўропы. І сумнеўны гонар стаць такой буфэрнай зонай аказаўся ў Беларусі”.

Камэнтуе грамадзкі рэактар тыдня – дырэктар выдавецтва “Логвінаў” Аляксандра Дынько:

Аляксандра Дынько
“Сапраўды, Беларусь аддзяляе Расею ад Эўразьвязу і ад краінаў, якія супольна абараняюць свае інтарэсы. Цяжка таксама абвінавачваць у гэтым Расею – яна хоча сябе абараняць… Іншая справа, што для Беларусі гэтая сытуацыя можа быць і выгаднай: ёй ёсьць магчымасьць выбіраць – каго абараняць і ад каго абараняцца. І Лукашэнка досыць пасьпяхова карыстаецца сытуацыяй: скача то на той, то на другі бок. Для нас яшчэ застаецца магчымасьць стаць гэтым фарпостам, як для Расеі, так і для Эўразьвязу. Тое, што тут адбываюцца расейскія вучэньні – ну а каб натаўцы тут трэніраваліся? Напэўна, мы б таксама былі супраць. Да гэтага трэба ставіцца спакойна – такім ёсьць наш сьвет. На маю думку, цудоўна, каб стварыўся альянс паміж балтыйскімі краінамі, Беларусьсю і Ўкраінай – атрымалася б вельмі моцная кааліцыя. Беларусь можа стаць і паўнавартаснай часткай Эўрапейскага зьвязу і ўваходзіць у іхную сыстэму ўзброеных сілаў”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску - 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG