Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня галоўнаму рэдактарму недзяржаўнай газэты "Народная воля" Іосіфу Сярэдзічу спаўняецца 60 год. Ён нарадзіўся 1 кастрычніка 1949 года на Берасьцейшчыне. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. З 1990 па 1995 год рэдагаваў “Народную газэту”, якая была органам Вярхоўнага Савету і мела тыраж каля 700 тысяч экзэмпляраў. Быў звольнены з гэтай пасады адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі. 3 1995 года рэдагуе незалежную газэту “Народная воля”. За час існаваньня выданьню давялося многае перажыць – праверкі, штрафы, друкаваньне за межамі Беларусі, забарону на распаўсюд праз дзяржаўныя структуры. Аднак І.Сярэдзічу ўдалося захаваць гэтае выданьне.


Што для вас свабода?


Магчымасьць напоўніцу выкарыстоўваць свой патенцыял.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Дыскрымінацыя незалежных сродкаў масавай інфармацыі з боку сёньняшніх уладаў.


Што для вас шчасьце?

Спакой на душы, здароўе ўласнае і ўсіх сямейных, мір у краіне і ў сьвеце.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Згубіць Беларусь, а гэта значыць – саміх сябе.


Які талент вы хацелі б мець?

Які Бог даў.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Шкада, што іх ужо няма ў жывых. Тымі, хто сваімі канкрэтнымі справамі хацеў перамен у Беларусі.


Што вы найбольш любіце рабіць?

“Народную Волю”, працаваць у садзе і праводзіць вольны час з дачкой.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Магчыма, больш кніжак прачытаў бы ў маладосьці.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Быць сумленным чалавекам.


Які ваш улюбёны дэвіз?


Ні хвіліны без працы.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Дэмакратычнай.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У якую жывём.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Аднавіў бы справядлівасьць, паставіў бы заслону расчалавечваньню чалавека.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Самыя цесныя.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Добрасуседскія.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Ніякай дыктатуры!


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі зьменіцца беларус.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі стануць паважаць сябе.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Зьнікне Беларусь, станем “северо-западным краем”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG