Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калегі пра Альгерда Невяроўскага


Альгерд Невяроўскі, фота Радыё Рацыя

Альгерд Невяроўскі, фота Радыё Рацыя

Памёр Альгерд Невяроўскі — чалавек, які больш за дзесяць гадоў аддаў Радыё Свабода. 19 жніўня яму споўнілася 40 гадоў. У пятніцу 25 верасьня ён быў зь інфарктам завезены ў шпіталь у Беластоку і ад таго часу знаходзіўся ў коме. Сёньня сэрца Альгерда спынілася.


Журналісты Свабоды расказваюць пра тое, якім запомніўся ім Альгерд Невяроўскі.

Уладзімер Глод:


Як толькі нешта адбывалася, Альгерд адразу адрываўся ад кампутара, клаў у адну кішэню дыктафон, у другую — нататнік. ...
Альгерд Невяроўскі быў адным з самых мабільных рэпартэраў “Свабоды”. Можа, таму і месца яго ў нашым агульным пакоі было каля дзьвярэй. Як толькі нешта адбывалася, Альгерд адразу адрываўся ад кампутара, клаў у адну кішэню дыктафон, у другую — нататнік. І сьпяшаўся на заданьне.

Ён стараўся заўжды быць там, дзе адбываюцца падзеі — на акцыях, мітынгах, сустрэчах, круглых сталах. Яго ведалі ўсе дэмакратычныя актывісты. І ён ведаў усіх. І калі патрэбна было тэрмінова знайсьці, напрыклад, нумар тэлефону кагосьці з актывістаў “Маладога фронту”, усе ведалі — неабходна зьвярнуцца да Альгерда.

І яшчэ — Альгерд Невяроўскі ня быў скупым на інфармацыю. Ён не прыхоўваў яе, як робяць некаторыя журналісты, а заўжды ахвотна дзяліўся навінамі з калегамі. Таму і мы, чым маглі, дапамагалі яму.

Сьмерць гэта заўжды страшна. А ў 40 год надзвычай страшна. І надзвычай цяжка. Але так атрымалася. І цяпер беларуская дэмакратычная журналістыка надалей будзе без Альгерда Невяроўскага. Але тое, што зрабіў у ёй Альгерд, захаваецца. І ў новых падручніках па гісторыі журналістыкі ягонае прозьвішча зойме сваё пачэснае месца.

Валянцін Жданко:


Валянцін Жданко
“Высокі, дабрадушны, мажны. На выгляд – асілак. Калі вырашалі, каму ісьці на журналісцкае заданьне, зьвязанае з рызыкай (напрыклад, на недазволеную ўладай апазыцыйную акцыю, дзе лёгка можна трапіць пад міліцэйскія боты), – прапаноўваў сябе адным зь першых. Заўсёды ўспрымаў гэта, як належнае.

Нібы цяпер бачу яго магутную постаць зь мікрафонам у руцэ – на гарадзкой вуліцы, у Курапатах, сярод натоўпу маніфэстантаў... Ён лёгка мог разгаварыць чалавека, выклікаць на даверлівую гутарку, на шчырасьць...

Ня ўсё атрымлівалася ў ягоным жыцьці. І з тупікоў лёсу не заўсёды атрымлівалася знайсьці выйсьце. На ягоны вінаваты позірк і зьбянтэжаную ўсьмешку так хацелася адказаць штосьці паблажлівае, сяброўскае... Прыкра і крыўдна, што нічога нельга вярнуць і зьмяніць”.



Ігар Карней:

падкупляла нейкая ягоная “дзіцячасьць”: Альгерд заставаўся вельмі даверлівым, з чаго трапляў у сьмешныя сытуацыі, зь якіх, дзеля справядлівасьці, потым і сам пацяшаўся. ...

Альгерда буду заўсёды памятаць ня столькі па працы, колькі яго “пазапрацоўнага”. Перадусім як чалавека вясёлага, жыцьцярадаснага, лёгкага на пад’ём (нягледзячы на волатаўскія памеры), з выдатным пачуцьцё гумару.

Пры гэтым, падкупляла нейкая ягоная “дзіцячасьць”: Альгерд заставаўся вельмі даверлівым, з чаго трапляў у сьмешныя сытуацыі, зь якіх, дзеля справядлівасьці, потым і сам пацяшаўся.

Ягоная прысутнасьць у кампаніях заўсёды надавала калярыту любому мерапрыемству. Любы свабодаўскі міжсабойчык у многім трымаўся на рэпліках Невяроўскага, на ягоных жартах. Але любіў паспрачацца, быў ініцыятарам імправізаваных дыспутаў і вельмі неахвотна саступаў пазыцыі, нават калі і ня меў рацыі.

Пасьля таго, як Альгерд сышоў са Свабоды, яшчэ працяглы час адчувалася: у пакоі не хапае ягонага пазнавальнага голасу, ягонага зараджальнага сьмеху. Ён першы прыходзіў на працу, і адсутнасьць ля кампутара маштабнай фігуры ўспрымалася як недарэчнасьць.

Альгерд цудоўна разумеў, што залежны не ад самых лепшых звычак, але так і ня здолеў наступіць на горла звыкламу ладу жыцьця… З-за гэтага не зусім склалася і на асабістым фронце. Кароткае жыцьцё, але ў памяці большасьці тых, з кім Альгерд кантактаваў, ён застанецца чалавекам выключна жыцьцялюбівым. Дый ён і зараз разам зь іншымі ў тэлефонных нататніках, у “сімках” мабільнікаў, у скайпе…


Алег Грузьдзіловіч:


Алег Грузьдзіловіч
"У другой палове 1990-ых гадоў сытуацыя вакол газэты “Свабода”, якую рэдагаваў Ігар Гермянчук, паступова абвастралася. У тым ліку ўлады націснулі на рэклямадаўцаў, якія перасталі даваць у газэту рэкляму, спынілася спонсарская падтрымка, газэту фактычна выгналі з арэндаванага памяшканьня. У такіх умовах людзі звычайна пачынаюць разьбягацца -- але толькі не са “Свабоды”. Наадварот. Якраз у той час да нас, супрацоўнікаў вядучай апазыцыйнай газэты, далучыўся Альгерд Невяроўскі.

Далучыўся і вельмі хутка з “навічка” ў журналісткай справе перайшоў у катэгорыю лепшых рэпарцёраў. Асабліва добра яму ўдаваліся рэпартажы з вулічных акцый апазыцыі: ён мог напісаць гэтак, што зусім не бачны былі ягоныя асабістыя сымпатыі. Падзеі ім падаваліся настолькі аб’ектыўна, што проста бяры на цытаты для падручніка гісторыі. Між тым мы бачылі, што для Альгерда гэтыя “разгоны” і “затрыманьні” - ня проста журналісцкі матэрыял, ня голая статыстыка, а самаадданая праца. Потым на адной з рэдакцыйных пасядзелак Альгерд скажа: “Мы адзіная каманда” і яшчэ ня раз будзе паўтараць гэтыя словы. Ён меў талент адчуваць еднасьць зь людзьмі і з бурлівым часам, у якім яму давялося жыць."


Вячаслаў Ракіцкі:

Ён востра рэагаваў на тое, што адбываецца наўкол,— на кампрамісы, здраду, няшчырасьць, хлусьню. ...

Мне было камфортна працаваць побач з Альгердам ужо таму, што ён меў тое, без чаго ня можа па-сапраўднаму адбыцца ні чалавек, ні журналіст — нэрв. Ён востра рэагаваў на тое, што адбываецца наўкол,— на кампрамісы, здраду, няшчырасьць, хлусьню. Яго аж да лютасьці выводзіла зь сябе двурушніцтва, якое існуе і ў асяродзьдзі незалежных журналістаў, і ў асяродзьдзі апазыцыйных палітыкаў. Гэта — калі людзі зарабляюць грошы і славу беларускай мовай і нібыта беларускімі перакананьнямі, а насамрэч у побыце карыстаюцца расейскай мовай, а беларушчынай пагарджаюць. Гэтаксама неабыякавасьцю рэпартэра мне былі цікавыя і ягоныя рэпартажы з мітынгаў, шэсьцяў, пікетаў і нават сумных партыйных зьездаў. Як найменей гэта выдаваў ягоны голас ля мікрафона — радыйны і чалавечы.


Іна Студзінская:

Вельмі шкада, што такі сонечны, сьветлы чалавек сышоў так рана, на ўзьлёце... ...

Альгерд быў ня толькі выдатным радыёрэпартэрам, у першых шэрагах на ўсіх акцыях, мітынгах, шэсьцях. Было яшчэ дзьве сфэры, дзе ён — сапраўдны прафэсіянал, і з радасьцю дапамагаў калегам. Гэта рэлігія, канфэсійная праблематыка і польская мова — Альгерд некалькі гадоў вучыўся ў адным з каталіцкіх унівэрсытэтаў Польшчы. І ў гэтых пытаньнях ён дапамагаў усім калегам, ніколі нікому не адмовіў, нягледзячы на сваю занятасьць. Перакладаў з польскай, раіў, да каго зьвярнуцца, як зрабіць лепш, тлумачыў надзвычай дасьціпна і зразумела. Ён заўсёды дзяліўся інфармацыяй. Заўсёды заўважаў посьпехі і ўдачы калегаў, не скупіўся на добрыя словы і камплімэнты. У яго была вельмі шчырая і адкрытая ўсьмешка, надзвычай тонкае пачуцьцё гумару: ён умеў ўдала пажартаваць, нават “падкалоць”, але крыўдаваць на яго было немагчыма. Вельмі шкада, што такі сонечны, сьветлы чалавек сышоў так рана, на ўзьлёце...


Віталь Сямашка:

Мажны, “п’ербезвухаўскай” зьнешнасьці, мужычына з адвагай кідаўся са сваім мікрафонам ў гушчыню вулічных баталій.

Я заўважыў яго яшчэ да прыходу на “Свабоду”. На апазыцыйных мітынгах і маніфэстацыях. Калі мажны, “п’ербезвухаўскай” зьнешнасьці, мужычына з адвагай кідаўся са сваім мікрафонам ў гушчыню вулічных баталій. Ужо ў рэдакцыі быў уражаны яго чалавечай прыязнасьцю, унутранай мяккасьцю, шляхетнасьцю. Прыйшоў у рэдакцыю з рэлігійнай праграмы і адпаведнай сьвядомасьцю, але неаднаразова сустракаліся ў “рок-н-рольных”, “авангардных” тусоўках. Яго цікавіла ўсё новае ў беларускім жыцьці. Ён мог заўжды зразумець, паспачуваць, чаго так бракуе ў сёньняшнім жорсткім жыцьці. Часам, здавалася, быў не ад гэтага сьвету, але жыў і працаваў для гэтага сьвету. Таму назаўжды застанецца ў нашай сьвядомасьці і памяці.


Віталь Цыганкоў:


Віталь Цыганкоў
Памятаю Альгерда яшчэ з часоў нашай сумеснай працы ў легендарнай газэце “Свабода” Ігара Герменчука. Ён быў унівэрсальным журналістам у інфармацыйным жанры — не баяўся брацца за любыя тэмы, вельмі хутка рос у прафэсійным пляне. Пазьней, на Радыё Свабода, заўсёды ўражвала жаданьне Альгерда схапіць вастрыню падзеяў, наперад ведаць усё, што і дзе павінна адбыцца, апярэдзіць у гэтым іншых. Ён быў, бадай, адным з самых дасьведчаных у Беларусі журналістаў у рэлігійнай тэматыцы — і ўмеў, аднак, захоўваць нэўтралітэт у такой далікатнай і поўнай інтрыгаў рэлігійнай справе. Пры гэтым Альгерд ніколі “не баяўся” падзяліцца зь іншымі калегамі сваімі ведамі, тэлефонамі, “адрасамі, яўкамі” — журналісцкая сквапнасьць была яму не вядомая.

Калі разважыць, які вобраз Альгерда найбольш ярка застанецца ў памяці, то мне найперш прыгадваецца ягоная мажная постаць на фоне масавай маніфэстацыі. З мікрафонам у руцэ, ён бярэ інтэрвію ў палітычных лідэраў і ўдзельнікаў акцыі альбо перадае жывы рэпартаж па мабільным тэлефоне. Праз ягоны мікрафон прайшла ці ня ўся гісторыя Беларусі апошніх 15 гадоў...

Любоў Лунёва


Альгерд для мяне быў ня толькі калегам, але і сябрам. Падчас вулічных акцый мы амаль заўсёды былі разам. Даводзілася трапляць у розныя экстрэмальныя сытуацыі, але нам дапамагала тое, што мы разумелі адзін аднаго бяз словаў. Нашы калегі зь іншых рэдакцый жартавалі часам, што мы як паліцэйскія напарнікі.

Мы давяралі адзін аднаму і дзяліліся сваімі праблемамі. Я магла зь ім абмеркаваць любую сытуацыю. Апошнія чатыры гады былі для яго складанымі. Шмат чаго зьмянілася ў ягоным асабістым жыцьці. Мала хто ведае пра тое, што Альгерд быў сапраўдным вернікам. Хрысьціянскія каштоўнасьці былі для яго не пустым гукам. Ён шчыра дзяліўся сваімі ведамі, і я яму за гэта буду заўсёды ўдзячная.

Альгерд ніколі не рабіў людзям зла і захоўваў тактоўнасьць нават, калі нехта яго абражаў. Ён мог любую сытуацыю паказаць у іншым выглядзе і расьсьмяшыць самага сумнага ў кампаніі. Памятаю розныя эпізоды зь ягонага дзяцінства, пра якія ён мне распавядаў са сьмехам.

За некалькі дзён да ягонай сьмерці мы перапісваліся зь ім праз інтэрнэт. Ён жартаваў, а потым напісаў: “Пачакай, зараз дараблю навіны”. Я напісала, што сьпяшаюся на маршрутку. Апошняе паведамленьне было: “Як прыедзеш, зайдзі ў скайп. Маю для цябе прыкольны вершык”.

Паверыць у тое, што адбылося цяжка. Альгерда Невяроўскага будуць доўга памятаць прадстаўнікі дэмакратычнага руху, якія некалькі гадоў запар бачылі яго на самых розных мерапрыемствах. Я ганаруся тым, што сябравала і працавала з такім чалавекам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG