Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, плошча Незалежнасьці



Шыльда свабоды

Менск, плошча Незалежнасьці

Тут 4 красавіка 1991 году адбыўся самы магутны ў гісторыі Беларусі выступ працоўных у абарону свайго сацыяльна-эканамічнага стану. Страйк, у якім узялі ўдзел сотні тысяч менскіх рабочых, перарос у агульнанацыянальны, які доўжыўся некалькі дзён.

Такога відовішча Менск раней ня бачыў. З уласнай волі, а не пад гукі барабанаў, як у савецкія часы на кастрычніцкую дэманстрацыю, з усіх канцоў гораду ў цэнтар плылі шматтысячныя калёны рабочых у працоўных вопратках. Яны злучаліся на самай вялікай плошчы гораду — імя Леніна. Магчыма, у той дзень яна зьмясьціла пад трыста тысяч чалавек. Адзін з арганізатараў Усебеларускага страйку ў красавіку 1991 году, рабочы лідэр, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Антончык успамінае:

“І калі я бачыў, як ідзе праз мост цёмная хмара людзей з “Інтэгралу”, як ідуць калёны з трактарнага, аўтазаводу, то было адчуваньне вялікага сьвята свабоды. Людзі пайшлі, людзі адчулі сябе людзьмі. У Беларусі гэтага ніколі не было. Беларусь заўсёды была ціхая, спакойная, пракамуністычная краіна ў складзе СССР. А ў гэты момант людзі адчулі сябе нібы тыя беларускія ваяры, якія змагаліся за незалежнасьць. Тыя як бы нарадзіліся зноў у выглядзе гэтых рабочых. Было шчасьце свабоды, лёгкасьці, што мы можам патрабаваць і дамагацца выкананьня нашых правоў”.

Вогнішча незадаволенасьці працоўных сваім сацыяльна-эканамічным станам ужо тлела, але моцная падвышка цэнаў увесну стала той жарынкай, каб яно палыхнула.

Пачаўся страйк стыхійна, у цэхах і на заводзкіх прахадных. А затым кантроль узялі ў свае рукі актывісты Рабочага Саюзу і сябры БНФ, што былі на многіх прадпрыемствах Менску і Беларусі, — Сяргей Антончык, Алесь Галькевіч, Міхаіл Мухін, Міхаіл Собаль і шэраг іншых. Яны і прывялі 4 красавіка людзей на плошчу імя Леніна, да Дому ўраду.

Спачатку патрабаваньні былі эканамічныя, а затым і палітычныя — адстаўка ўрадаў СССР і БССР і скасаваньне парткамаў на прадпрыемствах. Мітынг доўжыўся цэлы дзень. Гаварылі шмат, у натоўпе залуналі і бел-чырвона- белыя сьцягі. Паступалі зьвесткі, што да страйку далучаюцца рабочыя іншых гарадоў. Рабочыя настроеныя былі вельмі рашуча, гатовыя да самых радыкальных дзеяньняў. Але ніхто з палітыкаў так і не сфармуляваў ім выразнага лёзунгу і не акрэсьліў тактыкі.

На наступны дзень ужо прыйшло істотна меней людзей, празь дзень — яшчэ меней. Выступалі, пісалі адозвы, але ўлады ўжо апамяталіся, страйк пайшоў на спад, пакуль не затух зусім.

І тым ня меней лідэры рабочага руху лічаць той страйк перамогай. Сяргей Антончык:

“Гэта і быў момант свабоды. І гэта была адметная для Беларусі падзея, не падобная да падзеяў, што адбываліся ў іншых савецкіх рэспубліках. Кампартыя Беларусі так ніколі і не паднялася пасьля гэтага. Гэта быў наймацнейшы ўдар па камуністычнай сыстэме. Па-другое, частка той кебічаўскай намэнклятуры так і не вярнулася ў сваё лона правіцеляў. Яны зразумелі, што мацней за ўсё — народ. І пасьля страйку пачаліся вельмі сур’ёзныя спробы рэфармаваць беларускую эканоміку і беларускую палітыку. Падняліся новыя моцныя сілы”.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG