Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубскага ў калёніі пазбавілі цёплых рэчаў


Арцём Дубскі

Арцём Дубскі

З актывістам “Маладога фронту” Арцёмам Дубскім у калёніі сустрэліся ягоная маці і бабуля.

Гэта было першае спатканьне з Арцёмам Дубскім у 19-ай магілёўскай калёніі, куды яго зьмясьцілі ў жніўні за парушэньне адбыцьця папярэдняга пакараньня. Заўтра ў Арцёма Дубскага дзень народзінаў — яму спаўняецца 22 гады. Арцёма наведалі ягоная маці Алена Дубская і бабуля Галіна Кандрацёнак. Я дазваніўся да Алены Дубскай, калі жанчыны пасьля спатканьня з Арцёмам чакалі электрычку да Асіповіч.

“Што сказаць? Быццам выглядае ён нядрэнна. Патрапіў у першы, самы паказальны атрад. Там усе такія „высокія“, як ён сказаў, людзі: прадпрымальнікі, былыя дырэктары ды начальнікі. Да яго вельмі пільная ўвага. Кажа, што хіба ў прыбіральні за ім ня сочаць, а так заўсёды. І яшчэ яго прыціскаюць наконт адзеньня. Прасіў нас прывезьці яму цёплы швэдар, каб апранаць пад турэмную куртку. Мы прывезьлі, але яго перадаць не дазволілі. А у яго толькі тонкая маечка пад курткай. Прычым, іншым швэдры паддзяваць дазваляюць. Сказаў, што будзе пісаць на гэты конт скаргу”.

Паводле Алены Дубскай, яе сыну гэтак і не прызначылі дыетычнае харчаваньне, хаця ён хварэе на язву страўніка.

“Збольшага турэмнага харчаваньня вязьням не хапае, некаторыя галадуюць”, — перадае Алена Дубская словы сына.

У пакоі, дзе трымаюць Арцёма Дубскага, разам зь ім знаходзяцца яшчэ 50 чалавек. Ложкі стаяць у тры ярусы. Магчымасьць перамяшчацца па тэрыторыі калёніі абмежаваная. На Арцёма Дубскага накладзена таксама абмежаваньне ў атрыманьні грошай з грашовага рахунку: толькі 35 тысяч на месяц.

Алена Дубская: “Гэта нібыта таму, што ён лічыцца злосным парушальнікам рэжыму. Мы яму прывезьлі цыгарэт, дык ён кажа, што, “калі што, буду выменьваць цыгарэты на харчы, але неяк пратрымаюся”.

Сам Арцём Дубскі ня паліць, паведаміла ягоная маці.

У калёніі Арцём Дубскі атрымлівае беларускія газэты “Народную волю” і “Комсомольскую правду” в Белоруссии“, а таксама наведвае бібліятэку. Трывалай працы вязьню не далі. “Час ад часу ён бярэ ўдзел ва ўборцы тэрыторыі”, — паведаміла маці палітвязьня Алена Дубская.

Алена Дубская нагадала, што на мінулым тыдні адвакат Тамара Сідарэнка падала ў Вярхоўны Суд скаргу на прысуд Арцёму Дубскаму. Рашэньня паводле гэтай скаргі яшчэ няма. Таксама адвакат кажа, што хутка ў Арцёма будзе палова тэрміну і таму тэарэтычна можна разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.



У 2008 годзе маладафронтавец Арцём Дубскі быў асуджаны да хатняга арышту паводле гэтак званай “справы 14” — справы удзельнікаў недазволенага мітынгу ў абарону індывідуальных прадпрымальнікаў. Улетку за парушэньні правілаў хатняга арышту Арцёма Дубскага пакаралі паўторна да году зьняволеньня. “Міжнародная амністыя” прызнала ўдзельнікаў “справы 14”, у тым ліку Арцёма Дубскага, вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG