Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школах правераць узровень павагі да прэзыдэнта


У гэтым навучальным годзе беларускія настаўнікі мусяць выканаць падпісаны ў траўні загад Міністэрства адукацыі пад назвай “Крытэрыі і паказьнікі ацэнкі паводзінаў вучняў агульнаадукацыйных устаноў”. Як і раней, паводзіны могуць быць “прыкладныя”, “здавальняючыя” і “нездавальняючыя”, і залежыць гэта ад таго, ці адпавядаюць яны пэўным крытэрам, і найперш — ідэалягічным.

У пералік гэтых крытэраў уваходзяць, да прыкладу, “сяброўства і калектывізм”, “павага да старэйшых”, “чэснасьць”, “адказнасьць”. Але самы першы і новы крытэр, паводле якога цяпер трэба ацэньваць паводзіны вучняў усіх узростаў, ад першаклясьнікаў да выпускнікоў, — гэта “грамадзянскасьць”. Ён уключае ў сябе веданьне дзяржаўнай сымболікі, павагу да яе і да інстытуту прэзыдэнцтва, узаконены таксама ўдзел школьнікаў у дзейнасьці дзіцячых і моладзевых грамадзкіх аб’яднаньняў.

Веданьне дзяржаўнай сымболікі не залічвалі ў адзнаку па паводзінах нават у савецкія часы пры КПСС, кажа Юры Нагорны, дырэктар школы з 25-гадовым стажам. А крытэрыі тады былі на дзіва простыя:

— Я скажу, якія крытэры ў школе ўлічвалі на практыцы: зьдзейсьніў вучань якія правапарушэньні, ці ня зьдзейсьніў. Калі ты нікуды ня ўліп, як кажуць, нікога не пабіў, не абразіў, нічога не скраў, то ты нармальны! І ўсім належным крытэрам адпавядаеш.

Зьяўленьне крытэру “грамадзянскасьць” спадар Нагорны лічыць, з аднаго боку, своеасаблівай спадчынай мінулага, а з другога — данінай сучаснасьці:

— Характарыстыкі, адзнакі за паводзіны — гэта ўсё рэцыдывы савецкай сыстэмы. Цяпер уведзены крытэр “грамадзянскасьці” вынікае з той ранейшай камуністычнай ідэалёгіі, а потым ужо й з нашай, вы ведаеце, якой. Галоўнае тут — павага да інстытуту прэзыдэнцтва і да прэзыдэнта, які і ўвёў і гэты герб, і ўсё астатняе.

Юры Нагорны сёлета першы год на пэнсіі. Але добра памятае нядаўнія часы, калі ў ягонай 22-й сярэдняй школе ў Барані трэба было забясьпечыць, каб у кожным кабінэце былі партрэты Аляксандра Лукашэнкі, выява герба і сьцяга.

На думку спадара Нагорнага, ведаць дзяржаўную сымболіку мусіць кожны прадстаўнік любой краіны. Аднак калі ўжо патрабаваць ад вучня пэўных грамадзянскіх ведаў, то яны мусяць быць шырэйшыя — улучна са сваёй гісторыяй, валоданьнем роднай мовай. Але пры чым тут школьная адзнака менавіта па паводзінах?

Спадарыня Вікторыя, маці сына-трэцяклясьніка зь віцебскай гімназіі, таксама не ў захапленьні ад сыстэмы, па якой будуць цяпер ацэньваць паводзіны дзяцей:

— Для мяне як для мамы — гэта проста “саўдэпаўскае” выхаваньне. Калі дзеці прыяжджаюць з-за мяжы, то відаць, што яны свабодныя: яны паўсюль ходзяць, пра ўсё пытаюцца, часам шумяць, бегаюць. Нармальныя дзеці! А нашы ўвесь час, як у нейкіх рамках. І калі ад іх патрабуюць, каб яны пэўным чынам ставіліся да сьцяга, да герба, да прэзыдэнта, то таксама заганяюць у рамкі. Зьнішчаюць першапачатковыя парасткі плюралізму й тых спрэчак, у якіх можа аднойчы нарадзіцца праўда.

Пытаньне пра тое, якім чынам веды з галіны грамадазнаўства могуць абумоўліваць паводзіны дзіцяці я задала й прафэсійнаму псыхолягу. Але спадарыня Валянціна, якая працуе ў тэлефоннай “службе даверу”, параіла не пераймацца — і прыстасоўвацца:

Нам цяпер трэба жыць у тых умовах, якія ёсьць, так, як прапануецца.
— Нам цяпер трэба жыць у тых умовах, якія ёсьць, так, як прапануецца. Вас, па сутнасьці, папярэджваюць, каб вашы дзеці думалі, што казаць, і рабілі, што патрабуецца. Усё гэта — магутны рычаг маніпуляваньня сьвядомасьцю бацькоў і сьвядомасьцю дзіцяці. Але гэта мае сэнс: любая дзяржава — гэта апарат гвалту, у тым ліку гвалту над асобай. Таму трэба набываць навыкі дыпляматыі, прыстасавальніцтва, хітрасьці…

15-гадовая Віялета навучаецца ў 9-й клясе адной зь віцебскіх школ. Дзяўчына пагадзілася прадэманстраваць веданьне дзяржаўнай атрыбутыкі — у прыватнасьці, гімну:

(Сьпявае)

Мы, беларусы — мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і…


Я і далей словы магу ўспомніць, але даўно не сьпявала…

Віялета сьпявае Гімн Беларусі рэгулярна: раз на год, у траўні, у Віцебску праводзіцца акцыя “Сьпяём гімн разам”, прымеркаваная да Дня Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Адбываецца ўсё так: зьбіраюць вялікі хор з навучэнцаў музычных школ, вучэльняў, удзельнікаў гурткоў і студый і пасьля некалькіх рэпэтыцый выводзяць у цэнтар гораду. Сьпяваюць гімн пад фанаграму, позна ўвечары, таму гледачоў і слухачоў мусяць забясьпечыць па разнарадцы віцебскія прадпрыемствы.

Пытаюся ў Віялеты, ці адчувае яна нейкія высокія грамадзянскія пачуцьці, калі выконвае гімн падчас гэтай акцыі.

— Я? Не, вядома! Дужа сьмешна, калі перад табой стаяць людзі, якія не разумеюць, чаго сюды прыйшлі, і якім загадалі махаць сьцяжкамі ды балёнікамі. Я таксама ня вельмі разумею, у чым глыбокі сэнс гэтай акцыі. Але мне так, забаўна!

Віялета амаль што выдатніца, па паводзінах заўжды мела “прыкладна”, аднак гімн, сьцяг ды герб тут відавочна аказаліся ні пры чым. Мажліва, выхаваўчы ўплыў дзяржаўная сымболіка можа аказаць на іншую “мэтавую групу”? Да прыкладу, на малалетніх правапарушальнікаў ды “цяжкіх падлеткаў”, зь якімі працуе начальнік інспэкцыі па справах непаўналетніх Кастрычніцкага раёну Віцебска Вячаслаў Пяткун:

— У нас за апошнія 5 гадоў зьнізілася падлеткавая і дзіцячая злачыннасьць, але нашыя інспэктары нікога не прымушаюць вучыць ды сьпяваць гімн або маляваць гербы. Навошта гэта? Упершыню пра такое чую і лічу, што гэта няправільна.

Як ні дзіўна, але пра адпаведны загад мала ведаюць нават непасрэдныя выканаўцы — самі настаўнікі. Даведаўшыся, абураюцца. Лілія Паўлаўна, настаўніца расейскай мовы з Паставаў, клясная кіраўніца 11-й клясы кажа, што ўвогуле супраць такога крытэру паводзінаў, як “грамадзянскасьць” :

Ставіць вучню, які старанны, які ня рве нэрвы, адзнаку за паводзіны ніжэйшую як таму, хто запісаўся ў БРСМ?
— Ставіць вучню, які старанны, які ня рве нэрвы, адзнаку за паводзіны ніжэйшую як таму, хто запісаўся ў БРСМ? Ды гэта чыстай вады ідэалёгія, і ніякага дачыненьня да крытэраў паводзінаў ня мае!

А што, калі ў вучня ёсьць і актыўная грамадзкая пазыцыя, і гатоўнасьць далучыцца да грамадзкага ўтварэньня, але ён прыхільнік “Моладзі БНФ”? І як, да прыкладу, праверыць узровень павагі да інстытуту прэзыдэнцтва? Ніякіх канкрэтных рэкамэндацыяў міністэрства для настаўнікаў не распрацавала. Таму Лілія Паўлаўна, бачыць адзінае для сябе выйсьце:

— Ігнараваць! Ні ў якім разе гэткія крытэры нельга ўлічваць пры выстаўленьні адзнак за паводзіны! Божа мой! У нас столькі розных паперак, загадаў ды інструкцый, што калі ўсё выконваць ня думаючы, то і сам неўзабаве ператворысься ў гэткую тупую бяздушную машыну.

На думку настаўнікаў, тут усё залежыць ад школьных адміністрацый: на крытэр “грамадзянскасьць” ня будуць зьвяртаць увагі або прымусяць праводзіць нейкія тэсты, праверачныя работы ці кантрольныя зрэзы. Усе вынікі выкананьня Загаду М 674 будзе відаць ужо праз месяц — напрыканцы першай школьнай чвэрці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG