Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Патрэбны не пікеты, а вяртаньне ў сыстэмную палітыку”


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Сёньня Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі плянавалі правесьці 400 “антыкрызісных” пікетаў. Але паколькі ўлады іх не дазволілі, то актывісты апазыцыі без дазволу выходзілі на прахадныя заводаў і раздавалі там інфармацыйныя матэрыялы. Некаторыя зь іх, у тым ліку лідэры партыяў Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька, былі затрыманыя. Як можна ацаніць эфэктыўнасьць такіх акцыяў, наколькі яны мэтазгодныя? Што сёньня найперш патрэбна апазыцыі — выходзіць да людзей зь пікетамі ці імкнуцца вярнуцца ў сыстэмную палітыку? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: Як бы вы ацанілі эфэктыўнасьць і мэтазгоднасьць гэтай акцыі апазыцыі? Наколькі, скажам так, крэатыўнай была сама задума выйсьці да людзей з інфармацыйнымі матэрыяламі — і наколькі удалай аказалася яе выкананьне?

Класкоўскі: Па-першае, скажу, што гэта лепей чым нічога, бо часам апазыцыя запозна рэагуе на нейкія рэчы. Але наіўна думаць, што такім чынам можна неяк разварушыць масы. Бо заяўленая мэта пікету — пратэст супраць пагаршэньня ўмоваў жыцьця. А хто пратэстуе? Калякін, Лябедзька… гэта ў іх пагоршылася жыцьцё?

Праблема ў тым, што шараговы электарат сёньня не гатовы да такіх формаў вулічнай актыўнасьці. Таму назіральнікі трошкі з іроніяй, як на нешта
У апазыцыі мала сілаў, і такія акцыі даюць плён пераважна ў сфэры піяру.
апэрэтачнае, рэагуюць на гэтую акцыю. Іншая рэч, што ў апазыцыі мала сілаў, і такія акцыі даюць плён пераважна ў сфэры піяру. Аднак тут цяжка і нейкія іншыя формы знайсьці, бо ўлада дэ-факта выцесьніла апазыцыю ў маргінальнасьць і зьвяла іхнюю палітыку да такіх рознага кшталту пэрформансаў.

Цыганкоў: Зрэшты, калі паглядзець з пункту гледжаньня піяру, то Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін былі затрыманыя на пэўны час, гэта ўсё патрапіла ў СМІ. Можа гэта можна назваць пэўнай эфэктыўнасьцю акцыі?

Класкоўскі: Безумоўна. Так, сутнасьць любой такой акцыі — зьвярнуць на сябе ўвагу. Ня думаю, што самі гэтыя ўлёткі здольныя так перавярнуць сьвядомасьць людзей. Але любая актыўнасьць лепей, чым пасядзелкі ў віртуальных структурах і высьвятленьне адносінаў паміж рознымі атрадамі ў апазыцыйным лягеры.

Цыганкоў: Якія формы палітычнай актыўнасьці апазыцыі на гэты момант вам здаюцца найбольш мэтазгоднымі ці эфэктыўнымі? Ці варта спрабаваць дзейнічаць нейкімі малымі крокамі накшталт пікетаў ці імкнуцца канцэнтраваць сілы для нейкай адной, але гучнай акцыі?

Я лічу, што стратэгічнай мэтай апазыцыі мусіць быць вяртаньне ў сыстэмную палітыку.
Класкоўскі
: Пікеты і мітынгі могуць быць, на маю думку, толькі аздобай, гарнірам для палітычнай дзейнасьці. Бо, кладучы руку на сэрца, рэвалюцыі ў агляднай будучыні ў Беларусі не прадбачыцца. Таму я лічу, што стратэгічнай мэтай апазыцыі мусіць быць вяртаньне ў сыстэмную палітыку.

І тут найперш варта выкарыстоўваць някідкія, лятэнтныя формы працы. У прыватнасьці, ня грэбаваць магчымасьцямі для дыялёгу з уладамі. Бо, на жаль, менавіта ад іх сёньня залежыць, наколькі будзе пашырацца акно магчымасьцяў. Ня варта ігнараваць тыя ж каардынацыйныя рады, інструмэнты “Усходняга партнэрства”. Любым чынам варта ўплішчвацца ў гэтае “акно магчымасьцяў”.

І нарэшце, варта ўсяляк падтрымліваць незалежныя СМІ. Бо калі пра гэтыя пікеты нешта і даведаецца грамадзтва, то толькі тады, як пра іх распавядуць незалежныя мэдыі. І ўвогуле ў пэрспэктыве бязь іх немагчыма вяртаньне апазыцыі ў публічную палітыку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG