Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет у Магілёве — санкцыянаваны і малалюдны


Пікет на фоне аварыйнага цэнтру культуры і адпачынку

Пікет на фоне аварыйнага цэнтру культуры і адпачынку

Актывісты Партыі камуністаў беларускай і Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці правялі ў Магілёве пікет супраць зьбядненьня насельніцтва. Акцыя, дазволеная ўладамі, адбылася без інцыдэнтаў, у далечыні ад людных гарадзкіх вуліц у вызначаным гарвыканкамам месцы.

На пляцоўку перад будынкам былога цэнтра культуры і адпачынку гарвыканкама актывісты пачалі зьбіраецца а 16 гадзіне. Цягам гадзіны ў пікетным ланцугу знаходзіліся ад пяці да дзесяці, пераважна сталага веку, чалавек. У руках некаторыя зь іх трымалі лёзунгі на рускай мове: “Цэны растуць, заробкі зьніжаюцца”, “У квітнеючай Беларусі народ бяднее”, “Эканомія на бедных і рост цэнаў — ганьба ўладам”.



Нешматлікія мінакі глядзелі на пікет, чыталі лёзунгі, атрымлівалі газэту “Товаріщ”, бюлетэнь “Коммуніст Могілёвщіны” ды прафсаюзны “Рабочая салідарнасть” і сыходзілі. Некаторыя, зноў жа пераважна сталага веку людзі, падыходзілі да актывістаў і выказвалі ім сваю падтрымку.

Мінакі глядзелі на пікет, бралі газэты й сыходзілі.

Ці ёсьць сэнс у такіх акцыях? Лідэр магілёўскіх камуністаў Валер Беразіенка сьцьвярджае, што ёсьць:

“Міліцыя цяпер во перапісала ўсе нашыя плякаты. Зьмест іхны будзе перададзены ў Менск. Пра гэта будзе ведаць прэзыдэнт. Яны задумаюцца, што можа быць і горш. Калі мы ўсе будзем маўчаць, то тады будуць казаць, што народ задаволены, аднак гэта ня так. Калі б нам дазволілі пікет правесьці ў цэнтры, то гэта безумоўна было б лепей. А тут жа людзей амаль няма. Ды й наш народ апалітычны, як кажуць — талерантны”.

Валер Беразіенка

За правядзеньне акцыі, паводле спадара Беразіенкі, арганізатары аплацілі паслугі мэдыкам, міліцыі й камунальнікам — гэта больш за 220 тысяч. Паслугі пяці міліцыянтаў абышліся ў 170 тысяч рублёў. На акцыі іх было, праўда, больш. У далечыні ад пікету каля паўгадзіны знаходзіўся аўтазак.

Газэту “Товарищ” на пікеце чыталі й міліцыянты.

На месцы правядзеньня пікету знаходзіўся й супрацоўнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкама, працавала здымачная група сталічнага тэлебачаньня.

Будынак былога цэнтра культуры і адпачынку гарвыканкама знаходзіцца ў аварыйным стане. Улада некалькі месяцаў намагаецца яго прадаць.

Апошні раз санкцыянаваная з магілёўскімі ўладамі акцыя пратэсту адбылася 16 сьнежня 2007 году. Тады апазыцыйныя камуністы правялі пікет супраць скасаваньня ільготаў. На яе прыйшло каля трох дзясяткаў пераважна сталага веку чалавек.

Падобныя пікеты меліся адбыцца ў 50 населеных пунктах Беларусі, аднак дазволілі з 400 плянаваных толькі у Магілёве й Полацку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG