Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улады адбіраюць у нас свабоду? Няпраўда!”


Агляд тэлефанаваньняў за сераду 30 верасьня.

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — водгукі на расейска-беларускія вайсковыя манэўры, развагі пра тое, якой свабоды для беларусаў дабіваюцца дэмакраты і ці слушна робяць незалежныя мэдыі, акцэнтуючы ўвагу галоўным чынам на нэгатыве.

Заключны этап сумесных расейска-беларускіх ваенных вучэньняў “Захад —2009” прыцягнуў да сябе ўвагу нашых слухачоў.

Cпадар: “Пасьля інспэктаваньня вучэньня Захад-2009 галоўнакамандуючымі Лукашэнкам і Мядзьведзевым беларусам і расейцам засталося дружна і з поўнай упэўненасьцю прасьпяваць сталінскую песьню “Если завтра война”...

Cпадарыня: “Мы ня хочам, каб Расея тут свае войскі ўводзіла! Расея велькая, вялікая, але — бандыцкая. Я так груба кажу, прабачце, бо гэтыя салдаты можа й не вінаватыя… Але хто імі кіруе! Дзякуй”.

Аднак у сёньняшняй аўдыёпошце ёсьць і галасы тых, хто цалкам падтрымлівае цяперашняе беларускае кіраўніцтва.

Cпадарыня: “Я 27 верасьня глядзела беларускую “Панараму”. І стаяў Севярынец са сваімі дзеткамі, яны вельмі бедна выглядалі, сустракаючы Маскоўскага патрыярха. Усе астатнія ішлі мірна, дружна, таму шкада гэтых дзяцей. Носяцца яны зь іконай, як кошка з салам. Якую яны хочуць свабоду нам даць? У каго гэта ўлады адбіраюць свабоду — у беларусаў?! Няпраўда!”

Уладзімер, Мазыр: “Добры вечар, Радыё Свабода! Слухаю вас і дзіву даюся. Юбілей у Менску — дрэнна, “Дажынкі” — дрэнна, прыехаў мітрапаліт Кірыл — дрэнна… Адкуль столькі нядобразычлівасьці і жоўці да Беларусі?”

Прашу пракамэнтаваць тэлефанаваньні грамадзкага рэдактара тыдня — дырэктара выдавецтва “Логівнаў” Аляксандру Дынько.

Аляксандра Дынько
Аляксандра Дынько:
“Свабоду мае кожны чалавек. І можна толькі парадавацца за спадарыню, якая лічыць, што ейная свабода ні ў чым не абмежаваная. Якая задаволеная тым, што ёсьць. Але гэта таксама пытаньне і да спадара Севярынца: ці будзе здольны ён пераканаць такога кшталту людзей — а іх вельмі многа, — што ёсьць і іншае разуменьне свабоды, і ці яны пагодзяцца зь ягонымі аргумэнтамі… Што да выказваньня спадара пра юбілеі, візыты, то сапраўды нашыя мэдыі вельмі часта дэманструюць перакос ня ў самы лепшы бок. Для мяне таксама можа быць пытаньне: чаму асьвятленьне гей-прайду больш пазытыўнае і аптымістычнае, чым асьвятленьне “Дажынак”? Цікава ў якасьці экспэрымэнту: што б пісала Свабода, іншыя выданьні, каб на месцы спадара Лукашэнкі, які сустракаў цяпер патрыярха, быў, напрыклад, Мілінкевіч ці нехта з тых нашых палітыкаў, якія прэтэндуюць на прэзыдэнцтва ў будучым? Ці памяняўся б стыль гэтага пісаньня? Ці пісалі б мы па-іншаму? Ці запрашалі б іншых людзей? Калі думаць пра будучыню і ў той жа час мець справу з рэальнымі людзьмі і з тым, што адбываецца цяпер, магчыма, тое расплюшчыла б нам вочы на многія праблемы”.

А зараз — эканамічныя рэаліі:

Спадар: “Я раней казаў, што фінансавы крызіс мяне не закране. Як інвалід другой групы маю пэнсію ў 385 тысяч. Да верасьня 2008 году гэтых грошай мне хапала. А зараз даводзіцца залазіць у пазыкі — як мінімум на сто тысяч. На рынку ў знаёмага прадаўца прадукты, у суседзяў…”

І напрыканцы — віншавальная аўдыёпаштоўка:

Cпадарыня: “Добры дзень, хачу павіншаваць Ніла Сымонавіча Гілевіча з днём народзінаў і пажадаць яму даўгалецьця ў творчасьці, у жыцьці”.

Мы шчыра далучаемся да гэтага віншаваньня: Ніл Сымонавіч, жадаем і надалей чуць вашае мудрае слова ў абарону незалежнасьці Бацькаўшчыны і дэмакратыі.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG