Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хольцапфэль: шмат залежыць ад прагрэсу беларускіх уладаў

  • БелаПАН

Жан-Эрык Хольцапфэль

Жан-Эрык Хольцапфэль

Інтэрвію з кіраўніком прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску Жанам-Эрыкам Хольцапфэлем.



"Спадар Хольцапфэль, калі гаварыць пра разьвіцьцё шматбаковых стасункаў, як прасоўваецца рэалізацыя новай палітыкі Эўразьвязу "Ўсходняе партнэрства"? Ці ўжо можна гаварыць аб тэрмінах і канкрэтных праектах? Вам не здаецца, што яе рэалізацыя прыпынілася?"


"Прадстаўнікі Брусэлю будуць у Менску паўтары дні, 1-2 кастрычніка, менавіта для таго, каб распавесьці пра "Ўсходняе партнэрства". Яны наведаюць усе шэсьць краін-партнэраў, сустрэнуцца з чыноўнікамі, а таксама прэсай.

Хіба рэалізацыя спынілася? Не, фактычна наадварот: палітыка стартавала ў траўні, а ўжо прайшлі кансультацыі па ўсіх рабочых плятформах, ідзе распрацоўка канкрэтных праектаў у кожнай зь іх і па так званых флягманскіх ініцыятывах, у лістападзе пройдзе форум грамадзянскай супольнасьці. Але пакуль яшчэ няма ніякіх канкрэтных тэрмінаў.

Прадстаўнікі Брусэлю на прыканцы тыдня раскажуць пра ўсё падрабязна."


"Тэхнічнае супрацоўніцтва таксама набірае абароты?
"

"Так, бюджэт беларускіх праектаў у рамках штогадовай праграмы дзеяньняў быў павялічаны з 5 да 10 мільёнаў эўра. Але тут варта адзначыць, што праекты ў Беларусі фінансуюцца праз шэраг праграмаў, а ня толькі з гадавога бюджэту краіны. Гэта — рэгіянальныя праграмы, тэматычныя, трансгранічныя.

Так, 8,5 мільёнаў эўра Эўразьвяз выдаткаваў Беларусі на разьвіцьцё харчовай бясьпекі, 1,5 млн. — на павышэньне кампэтэнтнасьці кіраўнікоў і істытуцыянальнае будаўніцтва. Пра гэтыя 10 мільёнаў эўра ў Менску казала эўракамісар па справах зьнешніх сувязяў Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Гэтыя грошы, зноў жа, не зьвязаныя з нацыянальным бюджэтам праграмы.

З пашырэньнем узаемадзеяньняў паміж Менскам і Брусэлем мы актывізавалі і тэхнічнае супрацоўніцтва, і экспэртныя сустрэчы. Вельмі шырока беларускія ўлады сталі карыстацца праграмай ТАЙЕКС (TAIEX, Technical Assistance Information Exchange) — інструмэнтам для абмену інфармацыяй. На запыт беларускага боку ЭЗ арганізуе сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх міністэрстваў і ведамстваў з эўрапейскімі спэцыялістамі для кансультацый у самых розных галінах: кантроль межаў, харчовая бясьпека, спорт.

Вельмі актыўна мы супрацоўнічаем у галіне энэргетыкі. Шэраг праектаў быў рэалізаваны, нешта яшчэ абмяркоўваюць экспэрты. Многія з гэтых праектаў фінансуюцца праз рэгіянальную праграму INOGATE — "Міждзяржаўная транспарціроўка газу і нафты ў Еўропу". Напрыклад, праекты забесьпячэньня бясьпекі транзыту газу, тэхнічных стандартаў газатранспартнай сыстэмы, інтэграцыі нафтавага рынку. Зараз рыхтуецца праект для падтрымкі рэалізацыі энэргетычнай палітыкі ў Беларусі.

Энэргетычны дыялёг зь Беларусьсю ЕЗ можа весьці таксама ў рамках двух флягманскіх ініцыятываў і асобнай плятформы ва "Ўсходнім партнэрстве". Гэта важная галіна супрацоўніцтва, але не адзіная. Брусэль фінансуе праекты з удзелам Беларусі ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя, мытных структур, ядзернай бясьпекі."


"Ці ўжо прынятае рашэньне пра выдзяленьне макрафінансавай дапамогі, якую запрасіла Беларусь?
"

"Не. Тут ёсьць некалькі ўмоваў: выкананьне Беларусьсю пунктаў пагадненьня з Міжнародным валютным фондам пра атрыманьне крэдыту стэнд-бай, наяўнасьць дэфіцыту фінансаваньня, а таксама наяўнасьць у Эўразьвязу фінансавай магчымасьці выдаткаваць сродкі. Цяпер мы чакаем чарговага справаздачы МВФ."


"А ці распачаліся перамовы пра заключэньне базавых пагадненьняў?"

"Пакуль няма. Усё будзе залежыць ад разьвіцьця палітычнага дыялёгу.

У сярэдзіне лістапада міністры замежных спраў краінаў Эўразьвяза ацэняць, перамены ў галінах, якія Брусэль абазначыў як ключавыя. У залежнасьці ад таго, якім будзе рашэньне, могуць пачацца перамовы пра падпісаньне Пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве, ратыфікацыя якога была спыненая ў 1997 годзе."


"Ці можна сказаць, што за станоўчай ацэнкай эўрапейскіх міністраў будзе поўная нармалізацыя адносінаў?"

"Пашырэньне супрацоўніцтва будзе залежыць ад прагрэсу беларускіх уладаў. Станоўчая ацэнка, сапраўды, прадугледжвае, што дыялёг будзе пашыраны, а поўная нармалізацыя адбудзецца пасьля выкананьня ўсіх 12 рэкамэндацый."


"Прызнаньне беларускім парлямэнтам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі можа паўплываць на рашэньне кіраўнікоў МЗС краін ЕС?"

"Складана сказаць. З аднаго боку, гэтага няма сярод рэкамэндацый ЭЗ, але, з другога боку, гэта важны момант і для Брусэлю, і для "Ўсходняга партнэрства". Разам з тым, сытуацыя ў цэлым няпростая, і ацэньваць яе трэба асьцярожна."


"А як міністры будуць ацэньваць прагрэс? Можна чакаць, што да лістапада Беларусь з гэтай мэта наведаюць прадстаўнікі ЭЗ?"

"Пакуль такія візыты не заплянаваны. На гэтым тыдні, як я і казаў, дэлегацыя раскажа пра праграму "Ўсходняе партнэрства", а ў кастрычніку пройдзе чарговая сустрэча ў рамках энэргетычнага дыялёгу.

Ацэнка эўрапейскіх міністраў будзе заснавана на справаздачах, якія прадставяць амбасады краінаў ЭЗ, акрэдытаваныя ў Мінску. Асобную справаздачу, вядома, падрыхтуе наша прадстаўніцтва Эўракамісіі. Значэньне мае ўсё: заявы, крокі, меркаваньне прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, палітычных партый, журналістаў. Бо сярод ключавых абласьцей — сытуацыя ў галіне СМІ і дыялёг АБСЭ і ўладаў у справе рэформы выбарчага заканадаўства."


"Вы лічыце, што ў беларускіх уладаў ёсьць жаданьне і магчымасьць зрабіць дастаткова крокаў насустрач ЭЗ да сярэдзіны лістапада, каб ацэнка іх намаганьняў была станоўчай?"

"Я ня стаў бы камэнтаваць гэтае пытаньне. Пазыцыя Эўразьвяза будзе агульнай, а ўсе заявы — сумеснымі."
XS
SM
MD
LG