Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму ў Беларусь імкнуцца ўцекачы з Таджыкістану?”


У “Званках на Свабоду” — водгукі нашых слухачоў на візыт у Беларусь патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, прапанова распавесьці ў праграмах, у чым розьніца паміж праваслаўнымі і каталікамі. Беларус, які быў вымушаны на пачатку 90-х зьбегчы з Таджыкістану, уздымае праблему ўцекачоў. Пэнсіянэры абураюцца несумленнасьцю супрацоўнікаў пунктаў прыёму шклотары.

Пачнём праграму з водгукаў слухачоў Свабоды на візыт патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла:

“Добры вечар, Свабода! Ёсьць такая прапанова. Паколькі ў вашых перадачах шмат часу адводзіцца разважаньням пра тое, якія беларусы набожныя, пра хрысьціянства, каталікоў, праваслаўных, а вось цікава, каб хто-небудзь з вашых карэспандэнтаў запытаў на вуліцах мінакоў, у чым яны бачаць розьніцу паміж праваслаўнымі і каталікамі. Большасьць зь іх адкажа, што каталікі ў касьцёл ходзяць, а праваслаўныя ў царкву, і што ў іх каляндар адрозьніваецца. Можна такія пытаньні задаць у вандроўках вашых па вёсках”.


І яшчэ адно тэлефанаваньне ў зьвязку з візытам патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і просьба:

“Учора мітрапаліт Кірыл выказаўся наконт сымбалю пакутаў Беларусі і назваў адно месца — Курапаты. У апошнім нумары „Народнай Волі“ прачытаў, што ёсьць нейкі фонд, які зьбірае, акумулюе грошы на рахунку наконт устаноўкі гэтых крыжоў у Курапатах. Адзін крыж каштуе каля 60 тысяч беларускіх рублёў. Дык я думаю, можа, слухачы Свабоды самі хто колькі можа, хто тысячу, хто пяць, пералічылі б на гэты рахунак. Я сам пералічу, колькі магу. Цікава даведацца нумар гэтага рахунку”.

На жаль, слухач Радыё Свабода не зусім правільна зразумеў. Фонду такога няма, сьцьвярджае супрацоўніца “Народнай Волі” Сьвятлана Кліменценка, якая кожную суботу бывае ў Курапатах:

“Я многія гады працую ў Курапатах і магу сказаць, што крыжы ставяцца на тыя грошы, якія зьбіраем мы самі — паміж сабой, на акцыях у Курапатах. Ні зь якімі фондамі і іх грашыма, якія невядома куды ідуць, мы абсалютна не знаёмыя. Мы надрукавалі артыкул Алеся Чахольскага, адказнага сакратара Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі, які вядзе Курапаты і Чарнобыль. Ён там і просіць усіх, хто можа пералічыць грошы ці сам прывезьці крыж, зьвяртацца да яго. Вось гэты тэлефон мы можам даць, ён ёсьць у рэдакцыі”.

Такім чынам, хто хоча дапамагчы ўсталяваць крыжы ў Курапатах, тэлефануйце ў прыёмную “Народнай Волі”: 328-68-71.

Наш слухач уздымае вельмі актуальную і балючую праблему — праблему ўцекачоў. Сам ён быў вымушаны зьбегчы ў свой час з Таджыкістану:

“Прайшло паведамленьне, што прыяжджае дэлегацыя з Таджыкістану, якая будзе вырашаць пытаньні па міграцыі і ўцекачах. Мы з 1939 года пражывалі ў Таджыкістане. У 90-я гады нам сказалі: рускія і беларусы нам патрэбныя як рабы. Дык чаму яны бягуць зараз да нас? Нас выгналі і да гэтай пары ня выбачыліся. Дык як нам ставіцца да таджыкаў? Як ставіцца да бежанцаў? Не, зло павінна быць пакарана”.

На пытаньне былога ўцекача з Таджыкістану адказвае грамадзскі рэдактар тыдня Аляксандра Дынько:

Аляксандра Дынько
“Я якраз такі вітала б вырашэньне гэтай праблемы на дзяржаўным узроўні. Тут спадар дзеліцца асабістай крыўдай, але насамрэч прыбыцьцё гэтай дэлегацыі якраз сьведчыць, што людзі нешта робяць, каб праблему ўцекачоў вырашыць. Іншае пытаньне, якое тут паўстае — гэта ўвогуле праблема ўцекачоў у Беларусь, альбо мігрантаў у Беларусь, што зь імі тут адбываецца. Было б цікава журналістам Радыё Свабода параўнаць, колькі людзей з постсавецкай прасторы выбірае Беларусь краінай сталага пражываньня (у параўнаньні з Украінай, Расеяй), як яны тут адаптуюцца. Па маіх назіраньнях, яны пасьля становяцца электаратам і падтрымліваюць існуючую уладу, таму што тут яны атрымліваюць нейкі дом, прытулак, атрымліваюць працу”.

Слухачы Свабоды — людзі з пачуцьцём гумару, і часьцяком пакідаюць на нашым аўтаадказьніку жартаўлівыя частушкі, анэкдоты. Вось адно такое тэлефанаваньне, якое ўздымае і сур’ёзную праблему:

Прэзыдэнт у нас спартсмэн,
шайбы забівае.
А родненькі пэнсіянэр,
бутэлечкі зьбірае.

Таксама хацеў сказаць пра прыём шклатары, якую зьбіраюць сацыяльна неабароненыя людзі. Гэта бамжы, пэнсіянэры. Яе прымаюць, як кажа прэзыдэнт, дрэнныя людзі. Гэтыя бутэлькі, якія па 400 рублёў каштуюць, прымаюць па сто і па дзьвесьце рублёў, тым самым абіраючы пэнсіянэраў, якія здаюць шклатару”.

Нагадваем тэлефон у свабоды ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG