Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў разам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і яго сынам Мікалаем назіраў за завяршэньнем маштабных беларуска-расейскіх вучэньняў “Захад -2009”.

Першым на аэрадром 61-й зьнішчальна-авіяцыйнай базы паветраных сілаў Беларусі ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці прыляцеў Дзьмітрый Мядзьведзеў. Ён быў у цывільнай, скураной куртцы з расейскай дзяржаўнай сымболікай.

Мядзьведзеў пагутарыў зь беларускімі вайскоўцамі і старшынёй Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцінам Сумарам. Спадар Сумар сказаў, што ў такое надвор’е лепш хадзіць у грыбы. Мядзьведзеў жартам прапанаваў іх пашукаць. Аднак Сумар адказаў, што вайскоўцы ўсё ўжо сабралі.


Потым на верталёце на палігон прыляцеў Аляксандар Лукашэнка зь пяцігадовым пазашлюбным сынам Мікалаем. Абодва ў вайсковай палявой форме. Расейскі прэзыдэнт зьвярнуў увагу на пісталет залацістага колеру, які вісеў у Мікалая Лукашэнкі на поясе. Аляксандар Лукашэнка сказаў, што пісталет пакуль не зарадзілі. Мядзьведзеў пацікавіўся, ці падабаецца хлопчыку пісталет. На гэтае пытаньне адказаў бацька Мікалая, што пісталет добры, бо яго падараваў прэзыдэнт Расеі.

Затым на Абуз-Лясноўскім палігоне абодва кіраўнікі краінаў назіралі за працай Аб’яднанага камандаваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў.



Потым кіраўнікі краінаў азнаёміліся з палявымі перасоўнымі пунктамі кіраваньня і накіраваліся на камандны пункт 230-га агульнавайсковага палігону “Курган Беларускі”.

Як перадалі афіцыйныя мэдыі, контрудар войскаў Беларусі і Расеі на 230-м агульнавайсковым Абуз-Лясноўскім палігоне завершаны пасьпяховым разгромам умоўнага праціўніка.

Ніякія спэцыяльныя, асобныя перамовы не плянаваліся.
Потым адбудзецца агляд войскаў. Мядзьведзеў і Лукашэнка дадуць ацэнку вучэньням у сумеснай заяве. Паводле прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі, заплянаваныя перамовы кіраўнікоў дзьвюх краінаў у вузкім складзе. Яны абмяркуюць пытаньні ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы і іншыя актуальныя пытаньні двухбаковых дачыненьняў. Аднак прадстаўнік расейскай амбасады ў Беларусі Вадзім Гусеў адзначыў, што перамовы наўрад ці адбудуцца:

“Ніякія спэцыяльныя, асобныя перамовы не плянаваліся. Зараз яны прымаюць парад. Праграма пастаянна карэктуецца тут. Па праграме яны павінны павячэраць разам, і там, відаць, нейкая гутарка будзе. Але гэта не поўнафарматныя перамовы, ня сочынскі варыянт. Можа, нейкая гутарка і адбудзецца. Але з гарантыяй я нешта казаць не магу”.

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі на ўсе пытаньні адказаў: “Патэлефануйце пазьней”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG