Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць судзіць выкрадальнікаў маладафронтаўцаў?


Маладафронтаўцы Наста Палажанка і Дзяніс Карноў выказалі падзяку сьледчым, якія расьсьледуюць справу іх выкраданьня напярэдадні дэманстрацыі ў Дзень Волі. Пры гэтым актывісты лічаць, што справа да суду ня дойдзе, бо ўпэўненыя, што выкрадалі іх супрацоўнікі МУС.

Наста Палажанка і Дзяніс Карноў задаволеныя ходам расьсьледаваньня справы. Нагадаем: 25 сакавіка маладафронтаўцаў схапілі невядомыя недалёка ад станцыі мэтро “Каменная горка”. Іх гвалтам адвезьлі за горад. Спачатку з машыны выкінулі Насту Палажанку. У дзяўчыны адабралі мабільны тэлефон і пакінулі яе каля дарогі.

Дзяніса Карнова адвезьлі пад Дзяржынск. Хлопца завялі ў лес, парэзалі яму джынсы на палоскі, паставілі на калені ў сьнег і сышлі. Як і ў Насты, ў яго адабралі мабільны тэлефон.

Міліцыянты пасьля звароту маладафонтаўцаў распачалі крымінальную справу, але літаральна празь месяц яе прыпынілі. Пасьля таго, як маладафронтаўцы па фатаздымку апазналі аднаго з выкрадальнікаў — байца спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” — расьсьледаваньне справы аднавілі.

Наста Палажанка
Наста і Дзяніс накіравалі падзяку сьледчым Фрунзенскай міліцыі.

Наста Палажанка: “Калі мы апазналі таго чалавека, які нас выкрадаў, тады сьледзтва зноў заварушылася. Нас пачалі цягаць на допыты. Сьледзтва, на наша дзіва, ідзе даволі актыўна. Мы нават напісалі падзяку свайму дазнавацелю. Але пры гэтым мы папрасілі, каб гэтая справа была даведзена да канца і каб людзі, якія зьдзейсьнілі гэтае злачынства, былі пакараныя. Таксама мы папрасілі перакваліфікаваць гэтую справу з артыкулу за хуліганства на артыкул больш сур’ёзны. Нават сам сьледчы казаў, што наша справа можа быць кшталту справай за тэрарызм ці выкраданьне людзей”.

Дзяніс Карноў днямі атрымаў свае парэзаныя джынсы:

“Сьледчыя бралі мае джынсы на экспэртызу. Праз тыдзень вярнулі. Запрасілі нас праглядзець відэатэку. Спадзяюцца, што мы, можа, там яшчэ каго-небудзь апазнаем. Але мы лічым гэта бессэнсоўным: нас выкрадалі міліцыянты, і мы ўпэўненыя, што менавіта міліцыянтаў там ня будзе. Пакажуць нам усялякіх бамжоў ці выпівохаў ці папросту людзей, якія праходзяць па іншых справах”.

Маладафронтаўцы паведамілі, што ў момант выкраданьня яны прыгадалі выпадак зь лідэрам “Маладой Беларусі” Артурам Фінькевічам. Летась 19 сьнежня Артура схапілі ля пад’езда дома, кінулі ў машыну і адвезьлі пад Ракаў. Хлопца зьбівалі па дарозе. У яго таксама адабралі мабільны тэлефон, а потым выкінулі з машыны.

Артур Фінькевіч
Артур Фінькевіч упэўнены, што ў абодвух выпадках дзейнічалі супрацоўнікі аднаго й таго ж падразьдзяленьня.

“Мяркуючы па тым, як ідзе працэдура расьсьледаваньня справы Насты Палажанкі і Дязніса Карнова, мне падаецца, што рабілі гэта ўсё адны і тыя ж людзі — байцы “Алмазу”. Я ўпэўнены, што да суду гэтую справу не давядуць”.

Наста Палажанка, Дзяніс Карноў і Артур Фінькевіч лічаць, што крымінальныя справы паводле іх выкраданьня і зьбіцьця да суду ня дойдуць. Але яны лічаць, што сам факт завядзеньня і расьсьледаваньня такіх справаў стане папярэджаньнем кіраўнікам сілавых структур.
XS
SM
MD
LG