Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крызіс: за дзяржаўную прапаганду ня хочуць плаціць


Рэгіянальныя газэты Гарадзеншчыны

Рэгіянальныя газэты Гарадзеншчыны

У праекце бюджэту на наступны год прадугледжана зьмяншэньне выдаткаў на дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Рэгіянальным СМІ, якія яшчэ нядаўна ня ведалі праблемаў з фінансаваньнем, бо атрымлівалі вялікія датацыі з бюджэту, прапаноўваецца выжываць ва ўмовах самаакупнасьці.

Пра тое, як выжываюць сёньня ў рэгіёнах дзяржаўныя і недзяржаўныя газэты, даведваліся сёньня карэспандэнты “Свабоды”.

Меншчына


Заробкі ў раёнках сёлета не падвышалі


Журналістка Кацярына працуе ў райгазэце на Меншчыне 18-ы год. Сьцьвярджае, што раней па велічыні заробкаў журналісты апярэджвалі многіх, а цяпер самі апынуліся ў аўтсайдэрах. 450 тысяч рублёў разам з ганарарам атрымлівае загадчыца аддзела лістоў Кацярына. Яе меркаваньне:

“Мы ў гэтым годзе пераведзены на самаакупнасьць. І мне цяжка гаварыць, бо гадую трох дзяцей і жыву літаральна ад аднаго заробка да другога. Цяпер у раённым цэнтры куды ні кінь — заробкаў годных няма”.

Сяргей Панамароў у фінансавай міліцыі


Таксама на Меншчыне ў Клецкім раёне выдае незалежны інфармацыйны бюлетэнь актывіст апазыцыі Сяргей Панамароў:

“Мяне нядаўна выклікалі ў фінансавую міліцыю ў Салігорску. Я там тлумачыў, што некалькі разоў сёлета мне высылала грошы мая маці. Яна жыве ў Сыбіры. Таксама ў мяне ёсьць жонка, якая працуе. І дарослы сын”.

Сяргея Панамарова выклікае на допыты і пракурор раёна. Дамагаецца, каб выдавец спыніў распаўсюджваньне інфармацыйнага бюлетэню “Бойкі Клецак”. Журналіст падпарадкаваўся і цяпер падрыхтаваў першы нумар насьценнай газэты “Грамабойка”.

Газэту “Грамабойка” чытаюць чыноўнікі, міліцыянты, судзьдзі й пракуроры.
“У мяне пытаецца наш пракурор Карабко: „Панамароў, патлумач, чаму ты назваў газэту насьценнай?“. Тлумачу: „На сьцяну прыбіце і чытайце…“. Такі ўціск робяць, каб жыхары раёна не атрымлівалі ніякай свабоднай інфармацыі”.

Між тым, ёсьць у настойлівага рэдактара Сяргея Панамарова і посьпехі ў пашырэньні чытацкай аўдыторыі:

“Чыноўнікі райвыканкама, там прыкладна 15 сталых чытачоў, у міліцыі, у пракуратуры, у судзе. Ціхенька, вядома, бяруць і чытаюць. А яшчэ — у палацы культуры, у крамах, на пошце. На ўсіх мясцовых прадпрыемствах чытаюць наша незалежнае выданьне…”

Ляяльным газэтам жывецца лягчэй

Гарадзеншчына


Калі выданьне цураецца палітыкі, то чыноўнікі яго не прыціскаюць


Раённыя газэты застаюцца на датацыі, а недзяржаўным даводзіцца выжываць самім і рознымі спосабамі.

“Газета Слонімская”, якая ўжо больш 10 гадоў на абласным рынку СМІ, амаль паўтара года знаходзіцца без прыдатнага памяшканьня для рэдакцыі. Журналісты ня могуць арэндаваць месца ня толькі ў дзяржаўных установах, але і ў прыватных бізнэсмэнаў.

Праўда, гэта адзінае выданьне ў вобласьці, якое дазваляе сабе крытычна асьвятляць палітычныя падзеі ў краіне, прадастаўляць месца на сваіх старонках апазыцыі.

У пэрыяд крызысу, са слоў заснавальніка і галоўнага рэдактара Віктара Валадашчука, працаваць стала яшчэ складаней:

Мы ня можам падняць кошты на рэкляму і на газэту.
“Мы ня можам падняць кошты на рэкляму, на газэту, але кошт на паперу павялічыўся, даслалі новыя кошты з друкарні, якія таксама вырасьлі, а мы ні на што ня можам падвысіць, бо можам страціць і рэклямадаўцаў і чытачоў”.

Рэдактар распавядае, што распаўсюджваньне газэты адбываецца толькі праз сваіх распаўсюднікаў. Дзяржаўнае прадпрыемства “Белсаюздрук” і “Белпошта” адмаўляюцца супрацоўнічаць. За апошні год наклад выданьня зьнізіўся амаль на 1 тысячу асобнікаў і зараз складае 6100.

Іншая сытуацыя ў лідзкай інфармацыйна-рэклямнай недзяржаўнай газэце “Принёманские вести”. Дзьмітры Ёрш, рэдактар газэты, распавядае, што асабліва крызісу яны не адчуваюць, нават некалькі разоў падвышалі заробкі супрацоўнікам.

Іх выданьне налічвае амаль 20 тысяч накладу і распаўсюджваецца як у Лідзе, так і ў суседніх раёнах. Яны ня пішуць пра палітыку і ня маюць ніякіх праблемаў з уладамі.

“Мы газэта не палітычнага накірунку і таму адносіны з уладамі нармалёвыя, ніхто нас не прыціскае. Адразу, калі стваралася газэта, была размова з тагачасным кіраўніком, што мы ня лезем у палітыку, нас больш цікавіць рэкляма”.

У раёнках таксама крызісу не заўважаюць, газэты надалей знаходзяцца на датацыі.

Рэдактар смаргонскай раёнкі Іван Лазута: “Асаблівых цяжкасьцяў мы не адчуваем, ёсьць узаемаразуменьне з заснавальнікамі, падтрымліваюць нас, пакуль што на заробках у горшы бок нічога не адбілася. Праўда, застаемся датуемай газэтай. Самі пакрываем каля 90%, астатняе дапамагаюць заснавальнікі”.


Магілёўшчына


Газэты стратныя, але іх утрымліваюць як “промні ідэалёгіі”


Зьвестак пра тое, якія сродкі выдаткоўваюцца на падтрымку дзяржаўнай прэсы на Магілёўшчыне, у даступных інфармацыйных крыніцах няма. У рэдакцыях выданьняў адмаўляюцца размаўляць на гэтыя тэмы — спасылаюцца на камэрцыйную таямніцу — аднак прызнаюць, што эканамічныя цяжкасьць адчуваюць і яны.

З найбольшымі праблемамі на Магілёўшчыне сутыкаюцца завадзкія выданьні. Іх у рэгіёне дзьве: у Бабруйску “Шинник”, і ў Магілёве — “Трудовая слава”. Абедзьве распаўсюджваюцца па падпісцы сярод працаўнікоў акцыянэрных таварыстваў: у Магілёве — “Хімвалакно”, а ў Бабруйску — “Белшыны”.

Кіраўніцтва “Белшыны” ня супраць было б ліквідаваць выданьне, аднак не дазваляе канцэрн “Белнафтахім”, які валодае амаль стопрацэнтным пакетам акцыяў. Фінансаваньня хапае на наклад у дзьве з паловай тысячы асобнікаў. Заробак у шасьці супрацоўнікаў рэдакцыі не перавышае сяміста тысяч рублёў.

“У нас у Бабруйску і няма дзе падпрацаваць. Раней, калі гарадзкія газэты давалі за матэрыялы ганарары, то нехта нешта пісаў пра шынны камбінат, а цяпер нават рэспубліканскія газэты ня хочуць плаціць і нават наш галіновы часопіс ня хоча. Усё ж урэзалася. У прынцыпе, ў нашай рэдакцыі ніхто нідзе не падпрацоўвае”

Амаль траціна падпісчыкаў “Шинника” — былыя працаўнікі прадпрыемства. У газэце для іх — сацыяльны пакет праграмы тэлебачаньня. На большае няма сродкаў.

Газэту “Трудовая слава” пакінулі яшчэ тры супрацоўнікі.
Чатыры месяцы таму з рэдакцыі газэты Магілёўскага акцыянэрнага таварыства “Хімвалакно” “Трудовая слава” звольніліся трое супрацоўнікаў. У выданьні яны адпрацавалі па два дзясяткі гадоў. Пра прычыны звальненьня журналісты маўчаць. Вядома, што на “Хімвалакне” эканамічныя цяжкасьці. Навошта прадпрыемству траціць грошы на выданьне накладам тры тысячы асобнікаў:

“Гэтая газэта існуе на прынцыпах самаакупнасьці. Мы друкуем дастатковы наклад і прадаём яго сваім працаўнікам, каб забясьпечыць самаакупнасьць газэты. Яна зьяўляецца важным промнем у той сыстэме ідэалягічнай працы і інфармаваньня, якую мы праводзім сёньня на прадпрыемстве”.

Што да фінансаваньня дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, то па словах магілёўскага журналіста Генадзя Судніка, крызіс на іх стан, калі й паўплываў, то ня значна:

“Яны робяць выгляд, што неяк трымаюцца на рэкляме, але гэта абсалютная драбяза. Існуе бюджэтная й сталая, дужа салідная падтрымка. Толькі, што яна таемная, бо гэтыя затраты ідуць на ідэалёгію. Я ніколі ня чуў, каб на сэсіях аблсавету абмяркоўваліся прапановы, кшталту: “А давайце нашай прэсе дапаможам, або зьменшым ёй датацыі, бо яны самі спраўляюцца.”
XS
SM
MD
LG