Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваныя ў Менску, правялі дзьве сустрэчы — зь беларускімі праваабаронцамі і кіраўнікамі палітычнай апазыцыі.

Набліжаецца час, калі міністры замежных справаў краін Эўразьвязу ў Брусэлі будуць вырашаць далейшы лёс замарожаных візавых санкцыяў адносна Аляксандра Лукашэнкі і іншых вышэйшых беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта найперш вялася размова падчас сёньняшніх сустрэчаў.

З замежнымі дыпляматамі размаўлялі Алег Волчак, Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч, Павал Севярынец ды іншыя. Амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан (менавіта ягоная краіна цяпер старшынюе ў Эўразьвязе) адразу прапанаваў не засяроджвацца на маніторынгу становішча ў краіне, а казаць пра тое, як Эўразьвяз можа паўплываць на сытуацыю ў Беларусі.

Удзельнік сустрэчы, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначае, што размова была надзвычай цікавай:

Анатоль Лябедзька
“Але магу сказаць толькі тое, што там гаварыў я. Бо прапанова была такая — зьмест сустрэчы на публіку не выносіць. Хаця адбывалася яна ў звычайным памяшканьні, і я думаю, што Аляксандар Рыгоравіч ужо гартае стэнаграму выступаў”.

Спадар Лябедзька кажа, што акцэнтаваў увагу на неабходнасьці сыстэмных, а не касмэтычных зьменаў, галоўныя зь якіх — свабодныя выбары:

“Таму формула “крэдыты і інвэстыцыі ўзамен на свабодныя выбары” пры адсутнасьці палітрэпрэсаваных, палітвязьняў і спыненьні палітрэпрэсіяў — гэта, на мой погляд, актуальна. І гэта тое, што можа прывесьці да нейкіх зьменаў у Беларусі. Тым больш, што без свабодных выбараў ня можа быць сытуацыі зь несвабоднай прэсай, зь незарэгістраванымі арганізацыямі і г.д. Гэта адразу цягне за сабой, як ланцуг, стос іншых праблем, якія павінны вырашацца паралельна. І ў гэтым, я лічу, моц такой пазыцыі”.

Яшчэ адзін удзельнік сустрэчы — кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч сказаў “Свабодзе”, што ён таксама зьвяртаў увагу дыпляматаў на неабходнасьць свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі:

Анатоль Ляўковіч
“І сёньня ад уладаў можна дамагацца нейкіх крокаў, на якія яны могуць пайсьці. Я канкрэтна ўздымаў пытаньне пра мажырытарна-прапарцыйную сыстэму выбараў. Наша партыя ўжо ўносіла такую прапанову ў Адміністрацыю прэзыдэнта. І з адміністрацыі да нас прыйшла інфармацыя пра тое, што гэта прапанова разглядаецца. І сёньня я выказаў меркаваньне, што салідарна — і мы, і Эўразьвяз — маглі б гэтую ініцыятыву прасоўваць. У пляне зьмены Выбарчага кодэксу”.

Дарэчы, у верасьні праблемы выбарчага заканадаўства павінны была разгледзець грамадзкая кансультатыўная рада пры Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Аднак на сёньня дата правядзеньня гэтага паседжаньня яшчэ ня вызначаная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG