Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Швэдзкая акадэмія, якая сярод іншага адказвае за нарматывы сучаснай швэдзкай мовы, прыняла рашэньне адносна этноніму "беларус" і прыметніка "беларускі".


Шведзкая акадэмія пасьля зваротаў грамадзкасьці краіны і ініцыятыўнай групы "За Belarus" прыняла рашэньне замяніць афіцыйную шведзкую назву беларускага народу з vitryssar на belarusier. Адпаведнае рашэньне было прынятае на пасяджэньні акадэміі 25 верасьня.

Як паведаміў агенцтву БелаПАН швэдзкі пісьменьнік беларускага паходжаньня Дзьмітры Плакс, "Акадэмічны слоўнік швэдзкай мовы", які складаецца і выдаецца акадэміяй, не ўтрымлівае афіцыйных геаграфічных назваў, але ўтрымлівае назвы народаў.

Плакс тлумачыць: слоўнік акадэміі — эталён словаўжываньня, і паколькі новая назва беларуса — belarusier — паходзіць з назвы краіны — Belarus, павінна быць прынятае рашэньне аб зьмене афіцыйнай назвы самой краіны.

На 1 кастрычніка прызначана пасяджэньне гэтак званай моўнай групы, у якую ўваходзяць прадстаўнікі шэрагу арганізацый, у тым ліку Швэдзкай акадэміі і Швэдзкага дзяржаўнага моўнага савета. Яны разгледзяць пытаньне афіцыйнай зьмены геаграфічнай назвы Беларусі на швэдзкай мове.

Некалькі месяцаў таму ініцыятыўная група "Belarus", у якую ўвайшлі швэдзкія беларусы, асобныя швэдзкія палітыкі ды грамадзкія дзеячы, накіравалі адкрыты ліст у Міністэрства замежных справаў краіны, а таксама ў Швэдзкую моўную раду й Швэдзкую акадэмію з адпаведнай ініцыятывай і заклікалі выключыць назву “Vitryssland” з нарматываў швэдзкай мовы і афіцыйна ўжываць толькі адзін тэрмін “Belarus”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG