Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шыльда свабоды

Менск, плошча Незалежнасьці, Дом ураду, пакой 363

У гэтым пакоі знаходзіўся працоўны кабінэт дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, якая адыграла вырашальную ролю пры абвяшчэньні незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і стварэньні дэмакратычнага заканадаўства.

Раніцай 19 жніўня 1991 году, калі пад музыку Пятра Чайкоўскага Савецкі Саюз даведаўся пра путч у Маскве, дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня сабраліся ў сваім кабінэце ў Доме ўраду. І адразу ж пачалі пісаць звароты і адозвы, у тым ліку патрабаваньне, каб прэзыдыюм Вярхоўнага Савету асудзіў пераварот. Успамінае былы дэпутат Алег Трусаў:

“У часы путчу гэта было першае ў Беларусі месца, адкуль пачалося змаганьне з ГКЧП. У гэтым кабінэце мы напісалі першую адозву да беларусаў і тут жа запусьцілі яе ў народ. З гэтага кабінэту Сяргей Навумчык пайшоў з дыктафонам да Дземянцея. З гэтага кабінэту ўсталявалі сувязь са штабам Ельцына. Мы атрымлівалі падрабязную інфармацыю пра тое, як у Маскве разьвіваюцца падзеі. Па факсу нам дасылалі адозвы дэмакратаў. У нас цесныя былі кантакты зь імі. Калі б прайграла Масква, дык і Менск элемэнтарна б задушылі”.

Калі ж хунта пацярпела паразу, дэпутаты зразумелі, што атрымалі рэальны шанец павярнуць ход гісторыі. Тры дні і тры ночы з 21 па 24 жніўня яны амаль не пакідалі свайго штабу — пакою № 363. Яны падрыхтавалі пакет дакумэнтаў, ухваленьне якіх парлямэнтам зрабіла б незалежнасьць Беларусі рэальнасьцю. Найперш — наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце канстытуцыйнай сілы і роспуск кампартыі. Пад ціскам апазыцыйных дэпутатаў і пры магутнай падтрымцы дзясяткаў тысяч людзей, якія сабраліся на плошчы Леніна, Вярхоўны Савет увечары 25 жніўня прагаласаваў за гістарычныя дакумэнты.

Пакой Апазыцыі БНФ. Позьняя праца над законапраектамі. фота С. Навумчыка з кнігі "Сем гадоў Адраджэньня"

У прасторным пакоі на трэцім паверсе Дому ўраду 26 дэпутатаў Апазыцыі БНФ падрыхтавалі дзясяткі законапраектаў, якія былі скіраваныя на незалежнасьць краіны, рынкавую эканоміку, разьвіцьцё нацыянальнай культуры, гарантыю правоў чалавека. У тым ліку — свае варыянты Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце і Канстытуцыі краіны. У гэтым пакоі яны зьбіраліся і на кароткіх перапынках у пасяджэньнях, каб узгадніць тактыку паводзінаў у Авальнай залі. Сюды прыходзілі, каб абмяркоўваць законапраекты, іншыя дэмакратычныя дэпутаты, таксама дзясяткі экспэртаў — выдатныя навукоўцы ў розных галінах, юрысты, фінансісты, генэралы, людзі літаратуры і мастацтва.

Натуральна, кабінэт апазыцыі быў пад пільным вокам КДБ. Але дэпутаты працавалі без асаблівых таямніцаў, таму нават жартам казалі: добра было б, каб “праслушкі” захавалі для гісторыі ўсе дыскусіі, што адбываліся ў пакоі.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG